пятница, 14 апреля 2023 г.

Ксёндз Казімір Сайкоўскі. Паходжанне

У гэтым артыкуле разгледжана некалькі фактаў з біяграфіі ксяндза Казіміра Сайкоўскага, які быў пробашчам ашмянскага касцёла больш за 30 гадоў (1870-1901).

Подпіс кс. Сайкоўскага
На ашмянскіх каталіцкіх могілках ёсць магіла Сайкоўскага. Помнік захаваўся ў добрым стане, але, на жаль, страчаны медальён з выявай ксяндза.
Інфармацыя з помніка: кс. Казімір Сайкоўскі (ашмянскі дэкан) памёр 21 лістапада 1901, меў 64 гады. Значыць нарадзіўся ён каля 1837 г.
Побач з ім пахавана Марыя Сайкоўскага, якая памерла 21 верасня 1897 г., мела 86 гадоў (нарадзілася каля 1811 года). Гэта, як зразумела з яе ўзросту, напэўна, маці Казіміра.
Як звалі бацьку Казіміра, можна даведацца з "Памятнай кніжкі Віленскай губерніі за 1899 год". Ва ўсіх астатніх кніжках імя па бацьку ў ксяндзоў звычайна не пазнчалася, і толькі ў гэтай адмечана, што Казімір быў Георгіевіч. Значыць бацьку яго звалі Георгій (Юрый/Ежы).
Урывак з Памятнай кніжкі за 1899
На сайце geneteka.genealodzy.pl індэксаваны запіс аб нараджэнні нейкага Казіміра Сайкоўскага, які якраз нарадзіўся ў 1837 г. і меў бацькоў Ежы і Марыю (Марыяну). Усё як у вышейзгаданых звестках, таму з вялікай верагоднасцю гэты запіс можна аднесці да ашмянскага дэкана. Нарадзіўся ён 1 мая 1837 г. у Вільні, меў двайное імя - Казімір-Каетан. Бацькі - дваране Сайкоўскія Ежы і Марыяна (Шостак). Ахрышчаны ў касцёле Св. Яна 9 чэрвеня 1837 г.. Хросныя бацькі: Мікалай Маліноўскі (пракуратар мапы? Радзівілаўскай) і Марыя Гуттава (з Рэферув); асістэнты: Эмануэль Глюксберг (сакратар пракуратарскі) і Ганна Маліноўская (з Гуттаў).
Хросны бацька Казіміра Сайкоўскага - Мікалай Маліноўскі (1799-1865). Гэта вядомы гісторык і археограф. Яго жонка Ганна (асыстэнка на хросце) была дачкой знакамітага віленскага фармацэўта Ежы Гутта (1769-1836). Хросная маці - Марыяна-Марыя-Габрыеля Рэфероўска (1810-1846) была жонкай Аляксандра Гутта (брата Ганны Маліноўскай). Асыстэнт Генрык Эмануэль Глюксберг (1802-1870) - вядомы кнігагандлёвец.
Мікалай Маліноўскі
Таксама індэксаваны запіс шлюбу бацькоў Казіміра Сайкоўскага. 29 чэрвеня 1836 г. у віленскім касцёле Св. Яна ўступілі ў шлюб дваране Ежы Сайкоўскі (41 год, сын Ежы С. і Ганны Скараход) і Марыяна Шымакувна (23 гады, дачка Казіміра Ш. і Кацярыны Дабравольскай). Сведкі: Аўгустын Клуцэвіч, Тамаш Шчуроўскі, Юстын Нарвойш, Адам Зенкевіч.
Атрымліваецца, Марыяна нарадзілася каля 1813, што блізка да гадоў з надмагільнага помніка (каля 1811).

среда, 5 апреля 2023 г.

Фотагісторыя (7)

У суполцы Facebook "Oszmiana" даўно быў апублікаваны фотаздымак, часоў ІІ-ой сусветнай вайны, з подпісам "Oszmiana, Verlassener Russen-panzer" ("Ашмяны, пакінуты рускі танк"). На фотаздымку тры нямецкія жаўнеры аглядаюць савецкі танк БТ-7. Танк стаіць на нейкай вуліцы на якой бачны некалькі непрыкметных драўляных будынкаў. Першапачаткова было складана вызначыць, што гэта за месца.

Oszmiana, Verlassener Russen-panzer

У 2021 г. выйшла кніга Ўладзіміра Ліхадзедава "Ашмяны і ваколіцы. Падарожжа ў часе", у якой быў змешчаны цікавы здымак часоў І-ай сусветнай вайны. На гэтым фотаздымку нямецкія салдаты маршыруюць з аркестрам, з чаго можна зрабіць выснову, што  гэта адна з галоўных вуліц горада: Віленская (Жалігоўскага), Жупранская (Пілсудскага), або Гальшанская.

У кнізе здымак падпісаны як "Ашмяны. Кайзераўскія салдаты 1916-1917 гады"
Параўноваючы два гэтых здымка, асабліва фрагмент, які прыведзены ніжэй, можна з вялікай верагоднасцю вызначыць, што яны зроблены на адной вуліцы.
Падобны будынак на двух фотаздымках
На другім фотаздымку звяртае на сябе ўвагу будынак на далёкім плане. Гэта дастаткова распаўсюджаны тып будынка ў Ашмянах, напрыклад, вельмі падобны дом захаваўся на рагу вуліц Гальшанскай і Камсамольскай. Але ўлічваючы іншыя здымкі гэтага месца, было дакладна вызначана, што гэта будынак на вуліцы Чырвонаармейскай, 8 (былая Віленская, пасля Жалігоўскага). 
Будынак з іншага ракурсу
Для апазнавання гэтага месца карысным аказалась відэазапіс Арана Бароўскага 1930-ых гг. Там ёсць некалькі кадраў, якія былі зроблены, напэўна, на вуліца Жалігоўскага.
Склейка некалькіх кадраў з відэазапісу
Нескладана апазнаць, што хатка злева - гэта крайні справа будынак з першага фотаздымка. 
І ўсе пытынні аб тым, дзе быў зроблены гэты здымак зніклі, калі быў апублікаваны яшчэ адзін фотаздымак гэтага танка толькі з іншага ракурса.
Фотаздымак, які быў апублікаваны ў суполцы Facebook "Ашмянская генеалогія/Genealogia oszmiańska" Святланай Чарняк
На заднім плане бачна два будынкі, якія знаходзіліся на перакрыжаванні вуліц Чырвонаармейская і Міцкевіча. Убачыць іх яшчэ можна на дзвюх здымках часоў І-ай сусветнай вайны.
Ніжэй на аэраздымку 1944 г. пазначаны месца адкуль былі зроблены фотаздымкі, а таксама дзе знаходзіліся будынкі. Большасць хатак, як бачна з аэраздымка, было знішчана падчас ІІ-ой сусветнай вайны. Фрагмент аэраздымка ўзяты з артыкула "5 танковая дивизия, 25 июня 1941 г.,  ч.1" (блог polarfuchs-1.livejournal.com)
Блакітным колерам пазначаны будынкі, якія былі знішчаны, чырвоным - захаваўшыяся

среда, 22 марта 2023 г.

Фелікс Сабалеўскі. Некралог

Паведамленне аб смерці ашмянскага ўрача Фелікса Сабалеўскага ў газеце "Kurjer Warszawski" №80 ад 8 кветня 1862 г. (спасылка).

"У павятовым горадзе Ашмяна 3-га сакавіка памёр святой памяці Фелікс Сабалеўскі – доктар медыцыны і хірургіі, надворны саветнік, студэнт былога Віленскага універсітэта, улюбёнец тагачаснага прафесара Анджэя Снядэцкага. Ён быў ашмянскім павятовым доктарам на працягу 29 гадоў. Усё сваё жыццё ён прысвяціў на карысць чалавецтва, заваяваў сэрца кожнага, усе яго шкадуюць. І бедны клас людзей Ашмяны і ваколіц аплаквае яго смерць, з болем успамінаючы, як ён, не аднойчы ўначы, выкліканы да хворага, без усякай прыкрасці, не зважаючы на карысць, спяшаўся аказаць медыцынскую дапамогу. А лепшым доказам таго, як любілі яго людзі, было тое, што калі мінулай вясной здароўе доктара Сабалеўскага пачало пагаршацца, грамадзяне, якія сабраліся на выбары павятовага маршалка ў Ашмяне, склаліся значнай сумай грошай, атрымалі дазвол ад урачэбнай улады і пашпарт ад Урада, і неадкладна адправілі яго на замежныя мінеральныя воды, дзе святой памяці Сабалеўскі правёў усё лета, а ўвосень вярнуўся да сям’і. На жаль! Толькі на выгляд здавалася, што здароўе яго палепшылася, але сiлы вiдавочна пачалi пакiдаць яго, усё больш узмацнялiся болi ў грудзях, з якiмі нічога не атрымалася зрабіць за усю мінулую суровую зiму. Ён памёр, пакінуўшы мілую памяць пра сябе для тых, хто ведаў яго, ён быў найлепшым мужам і бацькам, быў таварыскім і добрым. Яго заўчасная смерць пакідае ў няўцешным горы яго шаноўную жонку і дзвюх дачок. – К."

Дапаўненне да некралога:
Запіс аб смерці Фелікса Сабалеўскага
З запісу аб смерці таксама можна даведацца, што Феліксу было 56 гадоў, пасля сябе пакінуў удавой  Елену з Казакевічаў і дзвюх дачок Алімпію і Стэфанію. Пра Алімпію вядома, што яна нарадзілася ў 1836, яе мужа быў, напэўна, Ігнацы Жараўскі. Другая дачка Стэфанія-Эдуарда нарадзілася ў 1841, выйшла за Зыгмунта Марціноўскага. У Фелікса і Елены яшчэ было некалькі памерлых дзяцей: Эмілія-Паўліна (нар. 1838), Уладзіслава (нар. 1839), Напалеон-Ян (нар. 1843) і Ядзвіга-Габрыеля (нар. 1846). Жонка Фелікса Елена памерла ў 1865, пахавана ў Ашмянах. А з Памятных кніжак вядома як звалі бацьку Фелікса - Мацей.

Магіла Фелікса і яго жонкі знаходзіцца недалёка ад увахода на могілкі, побач ад магілы Аўгуста Рэнарда (спасылка).