Летам 1938 года на рыначнай плошчы Ашмянаў, побач з гандлёвымі радамі, было распачата будаўніцтва хрысціянскай гандлёвай залы (chrześcijańska hala targowa). Яна складалася з 20 крамаў, была 61 метр у даўжыню і 5 метраў у шырыню.
|
На першым фотаздымку часоў 1940-ых гг. хрысціянская гандлёвая зала. Другі здымак 1930-ых гг., прыведзены як доказ, што на першым здымку менавіта хрысціянская гандлёвая зала, а не старыя гандлёвыя рады. |
Зала прызначалася для падтрымкі гандляроў хрысціянскага веравызнання і каб супрацьстаяць дамінаванню яўрэяў у гандлі. У той час значна ўзмацніўся антысемітызм, і Ашмяны не былі выключэннем, што вядома з газетных артыкулаў і ўспамінаў мясцовых яўрэяў.
12 ліпеня фундамент гандлёвай залы, па просьбе старшыні Хрысціянскага аб'яднання сельскіх гандляроў (Chrześcijański Związek Kupców Wiejskich i Straganiarzy) Здзіслава Сікорскага, асвяціў віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі, які прыехаў у Ашмяны ў сувязі з кансэцкрацыяй (асвячэннем) парафіяльнага касцёла.
|
Kurjer Wileński №192 15.07.1938 |
У кастрычніку 1938 будаўніцтва залы было скончана. Кошт будынка склаў 12 тысяч злотых. 9 кастрычніка адбылося асвячэнне гандлёвай залы ксяндзом Валер'янам Голякам. На асвячэнні прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўных органаў улады, гандлёвых і сельскагаспадарчых аб'яднанняў, прэсы і запрошаныя госці. З прамовамі выступілі ўжо згаданыя кс. Голяк і Здзіслаў Сікорскі, а таксама дырэктар Прамыслова-гандлёвай палаты інжынер Бараньскі, магістр Рыньца і іншыя.
Гэта была першая гандлёвая зала такога тыпу на Ziemiach Wschodnich. Планавалася яшчэ пабудаваць такія гандлёвыя аб'екты ў Маладзечна, Ракаве і іншых гарадах Віленшчыны.
|
Kurjer Wileński №279 11.10.1938 |
Будаўніцтва і адкрыццё хрысціянскай гандлёвай залы адбывалася не без перашкод. Паведамлялася, што, каб спыніць будаўніцтва залы, яўрэйскі кагал Ашмянаў прапанаваў за месца на рынку, дзе яна будавалася, 12 тыс. злотых. Але гарадскія ўлады не прынялі гэту прапанову. А таксама на адкрыцці залы група людзей спрабавала парушыць мерапрыемства.
|
Wieczorna Gazeta Wileńska №196 19.07.1938 |