суббота, 23 ноября 2024 г.

Станіслаў Ленартовіч

Станіслаў Ленартовіч (1921-2010) - польскі кінарэжысёр і сцэнарыст. Не блытаць з іншым Станіславам Ленартовічам (1939-2023), які быў рэжысёрам анімацыйных фільмаў. 

Станіслаў Ленартовіч

Нарадзіўся ён у Ніжагародскай вобласці, дзе яго бацька працаваў на чыгунцы, але дзіцячыя і маладыя гады ён правёў у Ляндварове каля Вільні. Яго маці паходзіла з Крыма, а вось яго бацька Міхал Ленартовіч нарадзіўся каля Ашмянаў.

Міхал Ленартовіч з дзецьмі (Станіслаў сядзіць першы злева). Фотаздымак з фільма "Wędrowiec z Wilna. Stanisław Lenartowicz" (2013).

Міхал Ленартовіч нарадзіўся 21 кастрычніка (2 лістапада) 1879 г. у вёсцы Навасяды ў сям'і сялян Вінцэнта Ленартовіча і Анэлі Лыскойць. Для Анэлі Лыскойць гэта быў другі шлюб, першым яе мужам быў Францішак Дабравольскі (1835-1871). Анэля таксама паходзіла з Навасядаў, нарадзілася яна ў 1842 г. у вялікай сям'і Лыскойця Мацея і Марцыяны Сінкевіч (або Шынкевіч). А вось вызначыць паходжанне Вінцэнта Ленартовіча складаней, але хутчэй усяго ён быў пазашлюбным сынам рэкруткі Марцыяны Ленартовіч і нарадзіўся ён у 1844 у Берніках.

Таксама вядома, што прыблізна да 1909 г. Анэля памерла, так як у спісе парафіянаў ашмянскага касцёла за гэты год Вінцэнт Ленартовіч пазначаны як удавец.

Пахаваны Міхал Ленартовіч, яго жонка і трое іх дзяцей (у тым ліку і Станіслаў) ва Ўроцлаве.

Фотаздымак з Mogily.pl

пятница, 22 ноября 2024 г.

Самуіл Кравец

Самуіл Кравец - савецкі архітэктар, па яго праектах былі пабудаваны шматлікія будынкі ў Маскве, Ленінградзе і Харкаве. Найбольш ён вядомы тым, што з'яўляўся галоўным архітэктарам Метрапраекта. А самы важны спраектаваны ім будынак (у суаўтарстве) - Дзяржпром у Харкаве.

Дзяржпром

Самуіл Кравец нарадзіўся 27 жніўня (8 верасня) 1891 г. у Вільне ў сям'і ашмянскіх мяшчанаў Мэера Копелевіча і Басі Зэвелевны Кравец.

Запіс аб нараджэнні Самуіла (спасылка)

Да 1-ай сусветнай вайны сям'я Самуіла жыла ў Вільне на Аляксандраўскім бульвары (Algirdo gatvė) дом №57. Бацька Самуіла Мэер быў купцом другой гільдзіі і валодаў крамай мануфактурнай тавараў на вуліцы Вялікая Стэфанаўская (Šv. Stepono gatvė) дом №2.

Дом старавераў Галаўлёвых у Вільне, дзе месцілася крама Мэера Краўца.

Сям'я Кравец сапраўды адносілася да ашмянскага кагала, што пацвярджаецца запісамі ў рэвізіях. Першы вядомы продак Самуіла - Шлёма Мэеравіч (нар. 1809) быў далучаны да ашмянскага кагала па дадатковай рэвізіі 1818 г. Пры гэтым першапачаткова яго прозвішча было Шэр. Ён ажаніўся на дачцэ Шмуйлы Моўшавіча Краўца, у доме якога яны і жылі. Шмуйла Кравец сыноў не меў, магчыма таму яго зяць і перайшоў на яго прозвішча. Каля 1838 у Шлёмы нарадзіўся сын Копель - дзед Самуіла. Нягледзічы на тое, што Краўцы належылі да ашмянскага кагала, дакладна не вядома ці жылі яны ў саміх Ашмянах або ў ваколіцах. У 1888 сям'я Копеля Краўца ўзгадваецца ў вёсцы Мікуцяны (каля чыгуначнай станцыі Ашмяны), а месцам нараджэння яго сына Мэера (бацька Самуіла) ў адной з крыніц пазначана мястэчка Солы (Ашмянскі павет).