пятница, 28 августа 2026 г.

Ксёндз Чэслаў-Віталіс Гурскі

Некралог з "Wiadomości Archidiecezjalne Wileńskie" №13-14 1930 г.


Светлай памяці
кс. Чэслаў-Віталіс Гурскі, рэшаньскі пробашч.

11 ліпня 1930 г. у чыгуначным шпітале на Воўчай Лапе ў Вільне памёр кс. Чэслаў-Віталіс Гурскі - у апошні час пробашч у Рэшы (кальварыйскі дэканат), адзін з найбольш вядомых святароў у Віленскай архідыяцэзіі (па новаму падзелу ­– у Пінскай дыяцэзіі).

Кс. Гурскі нарадзіўся ў 1872 г. у Ашмянах, у 1890 г. паступіў у Віленскую духоўную семінарыю, якую скончыў у 1894 г., пасля працягнуў тэалагічнае навучанне ў Духоўнай акадэміі у Пецярбургу. У 1895 быў пасвечаны ў святары і аж да 1926 г. працаваў у Віленскай дыяцэзіі, дзе займаў значныя пасады ў душпастарстве; быў пробашчам у Кузніцы, Дамброве, у Гродне пры францішканскім касцёле, з 1912 быў дэканам у Ашмянах, а потым у Бельску, дзе яго застала новае размежаванне Віленскай дыяцэзіі. Маючы моцныя сувязі з роднай дыяцэзіяй і яе духавенствам, сардэчна любячы Вільню і яе храмы, ён сумаваў па Віленскай архідыяцэзіі і, хоць яму прапаноўвалі сур'ёзныя пасады ў Пінскай дыяцэзіі, напрыклад, пробаства ў Стоўбцах, яго цягнула да Вільні, і нарэшце ў 1929 годзе ён дасягнуў сваёй мэты і атрымаў невялікае пробаства ў Рэшы (кальварыйскі дэканат).

На кожнай пасадзе, якую ён займаў у Віленскай дыяцэзіі, кс. Гурскі пакінуў пасля сябе добрыя ўспаміны і прыметныя сляды сваёй працы і руплівасці ў выглядзе пабудаваных або адрамантаваных касцёлаў і плябальных будынкаў. Чакала яго будаўніцтва і ў Рэшы. На жаль, тут сутыкнуўся з велізарнымі цяжкасцямі з боку парафіян, аднак не страчваў энергіі і запалу да працы. Заўчасная смерць, выкліканая запаленнем апендыцыта і затрыманай аперацыяй, перакрэсліла ўсе планы.

Акрамя душпастырскай працы, ксёндз Гурскі спрабаваў сілы на літаратурнай ніве, пастаўляючы большай і меншай колькасцю артыкулаў мясцовую прэсу. Многі з нас памятае каляровыя апісанні падарожжаў па Еўропе, а асабліва ўспаміны з Рыму і інш. Цела светлай памяці кс. Гурскага спачывае ў родных Ашмянах, дзе ён працаваў пробашчам і дэканам у цяжкія часы вайны і нямецкай акупацыі.
Няхай жа Ўсемагутны Бог дапусціць, каб душа святара Чэслава, якую Ён у гэтым свеце ўпрыгожыў святымі служэннямі, на нябесным пасадзе заўсёды ў славе ўзносілася.

понедельник, 24 августа 2026 г.

Арганіст Борка

Непадалёк ад увахода на Ашмянскія каталіцкія могілкі звяртае на сябе ўвагу незвычайная магіла ў выглядзе вялікай гарызантальнай гранітнай пліты. Пахаваны тут Казімір Борка, які нарадзіўся 6 мая 1860 г. і памёр 11 лістапада 1926 г.

Дзякуючы спісам выбаршчыкаў за 1921 г. да сойму, якія былі нядаўна выкладзены на сайце eais.archyvai.lt, атрымалася даведацца кім быў гэты Борка. У спісе пазначана, што ён быў арганістам. Жыў ён на Святадухаўскай вуліцы. Таксама разам з ім жылі Борка Юзэфа (22 г.), Людвіка (50 г.) і Ўладзіслаў (21 г., вайсковец).

Спасылка на спіс

Казімір Борка быў арганістам менавіта ў ашмянскім касцёле, што вядома з папярэдняга паста “Новы арган у ашмянскім касцёле. 1913 г.” 

воскресенье, 23 августа 2026 г.

Новы арган у ашмянскім касцёле. 1913 год

Тэкст з часопіса "Przyjaciel" №31 за 1913 г. (спасылка).

19 верасня ў Ашмянах адбылося асвячэнне аргана, пабудаванага фірмай пана Бярнацкага з Вільні. Гэтае святочнае мерапрыемства сабрала даволі шмат парафіян, зацікаўленых гэтай незвычайнай для Ашмян урачыстасцю. Пасля пабудовы, касцёл стаяў доўгія гады пусткаю, і акрамя сціплых двух бакавых алтароў літаральна нічога з найнеабходнейшых рэчаў у касцёле не было. Замест вялікага алтара паставілі на старых прыступках старое абадранае табернакулюм, старыя мізэрныя ліхтары, а замест аргана — старую фісгармонію, якая фальшыва брынчэла. Здавалася, што такі стан рэчаў доўга застанецца без змен, тым больш што парафіяне дзіўна абыякавелі да ўсяго таго, што для касцёла і яго ўпрыгожання з'яўляецца неабходным.

У такіх абставінах шчаслівым збегам абставін на ашмянскае пробашчаства быў прызначаны ксёндз Гурскі. Шчыра адданы справе Божай і патрэбам парафіі, у якой ён нарадзіўся, усёю сілаю сваёй святарскай энергіі ўзяўся за працу і ў кароткі час зрабіў, можна сказаць, цуд. Першым праявам дзейнасці кс. Гурскага стаў менавіта новы арган. Незвычайных памераў цудоўная канструкцыя адразу сведчыць пра магутны інструмент, які ў гэтых рамах змешчаны. Дваццаць чатыры галасы, размешчаныя ў дзвюх клавіятурах і педалях, з прыгожым характарам тонаў, ствараюць моцнае, велічнае ўражанне і, без перабольшання кажучы, шкада такога інструмента для вёскі, бо няшмат касцёлаў у вялікіх, і нават сталічных гарадах, могуць пахваліцца падобным інструментам.

Урачыстае мерапрыемства распачалося асвячэннем аргана, якое здзейсніў запрошаны з Вільні ксёндз Макаровіч у суправаджэнні ксяндзоў Грабоўскага і Мількоўскага. Па завяршэнні абраду мясцовы хор, які быў старанна падрыхтаваны тутэйшым арганістам панам Борка, выканаў кантату ў гонар святой Цэцыліі. Потым адбылася святая імша, чытаная за ахвярадаўцаў, падчас якой для выпрабавання гучання новага інструмента іграў пан Ян Ляшнеўскі, дырэктар віленскай «Лютні».

А адзінаццатай гадзіне распачалася ўрачыстая імша, у час якой была прамоўлена навука пра значэнне гэтага свята і пра абавязак парафіян супрацоўнічаць з духавенствам дзеля дабра касцёла і нашай святой веры.

Касцёл быў перапоўнены вернікамі, што паказвае, што парафіяне ўжо абудзіліся з дрымоты, што цікавяцца тым, што ў іх касцёлку робіцца, і гатовы спяшацца на дапамогу святарам, калі тыя энергічна і разумна бяруцца за справу.

Акрамя аргана і шматлікіх набытых царкоўных рэчаў, у бягучым годзе былі ўзведзены два бакавыя алтары, перабудаваны хоры, бо на папярэдніх вялікі арган не змог б умясціцца, а таксама пабудаваны фальваркавыя гаспадарчыя пабудовы з каменю — трывалыя і прыгожыя збудаванні, за якія доўгія часы будуць адчуваць удзячнасць ксяндзу Гурскаму яго наступнікі на ашмянскім пробашчастве.

Урачысты настрой гэтай хвіліны ўзмацнялі прыбылыя з наваколля святары, а таксама шматлікія прадстаўнікі парафіян, якія ўзялі ўдзел у абедзе на плябаніі. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі і павятовых адміністрацыйных улад, што сведчыла пра добрыя адносіны плябаніі з усімі коламі.