вторник, 10 ноября 2020 г.

Месмахер

У спісах домаўласнікаў, якія мелі права ўдзельнічаць у выбарах у ашмянскае гарадское самакіраванне, звяртае на сябе ўвагу жанчына з незвычайным прозвішчам - Месмахер Юльяна Аляксандраўна. Яна была адной з найбольш багатых (без уліку яўрэяў) у Ашмянах, ацэнка яе маёмасці паводле спісаў за 1908 і 1913 гг. была 1200-1500 руб., больш было толькі ў некалькіх гаспадароў.

Ёсць Юльяна Месмахер і ў кнізе парафіян ашмянскага касцёла за 1909 г. Яе дзявочае прозвішча - Вярцінская, на момант запісу ёй было каля 38 гадоў, яе муж быў лютэранін (там ёсць не вельмі разборлівая паметка "м. лют.") і ў іх была сямігадовая дачка Дарота. Жылі яны на вуліцы Царкоўная (былая Папярэчная, сучасная Камсамольская), дзе акрамя Юльяны Месмахер было толькі дзве сям'і каталікоў.

Нарадзілася Юльяна 25 верасня 1870 г. у Ашмянах у шляхецкай сям'і Вярцінскіх Аляксандра і Канстанцыі з Суражаў. Аляксандр і Канстанцыя ўзялі шлюб у 1867 г., калі Аляксандру было ўжо 49 гадоў, а Канстанцыі 33.
Запіс аб хрышчэнні Юльяны Вярцінскай у ашмянскім касцёле

Муж Юльяны - Месмахер Фёдар Ягоравіч (у іншых крыніцах Георгіевіч, а таксама Фердзінандавіч) быў лекарам. Нарадзіўся ў 1837 г., медыцынскую адукацыю атрымаў у 1861 г. З медыцынскіх зборнікаў вядома, што доўгі час ён быў лекарам пры розных ваенных частках (да 1890 г. месца працы ў сборніках не пазначалася, была толькі пазнака Ваеннага Міністэрства), з 1890 па 1893 г. ён  быў старэйшым урачом 116-га пяхотнага палка (Рыга), з 1894 па 1895 г. - урачом 3-яй кавалерыйскай дывізіі (Коўна). З 1896 г. вольнапрактыкуючы ўрач, адразу ў Коўна, а з 1903 г. ў Ашмянах (у зборніках узгадваецца да 1910 г.). Даслужыўся да чына стацкі саветнік (V клас).

Фёдар быў старэйшым сынам у сям'і абруселага немца, рамесніка-карэтніка з Санкт-Пецярбурга. Яго брат Георг быў юрыстам, а яго малодшы брат Максіміліан стаў знакамітым архітэктарам. Іх маці звалі Дар'я Карлаўна.

Пра дачку Фёдара і Юльяны Месхамер Дароту вядома толькі, что нейкі час яна была кіраўніком школы ў Новай Вілейцы (спасылка).

Юльяна была не першай жонкай Фёдара Месмахера. Да яе ў яго была жонка Пелагея Сураж, якая таксама нарадзілася ў Ашмянах. Цікава, што Пелагея Сураж і Юльяна Вярцінская былі кузінамі. Пелагея нарадзілася 11 кастрычніка 1844 у сям'і Суражаў Аляксандра і Антнаніны з Градкоўскіх. Памерла 12 сакавіка 1899 у Вільні ад раку страўніка, пахавана на могілках Расу.
Запіс аб смерці Пелагеі. Спасылка (старонка 103)
Помнік на магіле Пелагеі Месамахер (спасылка)

вторник, 4 августа 2020 г.

Прыбіральня каля царквы

Недалёка ад царквы, побач з аўтастанцыяй, раней знаходзіўся грамадскі туалет. Акрамя свайго распалажэння, быў ён яшчэ адметны тым, што знаходзіўся ніжэй узроўню зямлі. І таму, некаторыя людзі, якія першы раз прыязджалі ў Ашмяны, жартавалі: "Гэта ў вас што? Метро?".
Фотаздымак з суполкі VK "Ошмяны news"
Цікава, што якраз прыблізна на гэтым месцы, калісьці знаходзіўся кляштар ксяндзоў-дамініканцаў.
План цэнтра Ашмянаў 1866 г. (фотаздымак Таццяны Лаўрыновіч)

А напярэдадні Другой сусветнай вайны, у варшаўскай газеце "Iskra" была апубліквана навіна, што ў горадзе Ашмяны былі знойдзены старыя муры кляштара дамініканцаў.
З газеты "Iskra" 19.08.1939 (polona.pl)
Можна выказаць здагадку, што менавіта гэтыя знойдзеныя муры пазней і былі прыстасаваны пад прыбіральню.

среда, 15 июля 2020 г.

Двор Гейстуны. Бабраўніцкі і Кураловіч

У кнізе "Powiat Oszmiański" Чэслаў Янкоўскі эмацыянальна напісаў пра тое, што здарылася з маёнткам Гейстуны, калі яго набылі ад Адынцоў Бабраўніцкі і Кураловіч. Янкоўскі ўзгадвае толькі прозвішчы новых уладальнікаў але з іншых крыніц можна пра іх даведацца падрабязней. Бабраўніцкі Францішак нарадзіўся ў 1851 г. у Гальшанах у сям'і мяшчан Яна і Цеафілы з Маслоўскіх. Кураловіч Дамінік (1852-1924) паходзіў з вёскі Пятровічы, яго бацькі: сяляне Вінцэнт і Людвіка з Рогеляў. У 1881 г. Дамінік Кураловіч ажаніўся с малодшай сястрой Францішка Бабраўніцкага Марыянай (нар. у 1863 г.), такім чынам яны і парадніліся.

Урывак з "Powiat Oszmiański". Пераклад з польскай мовы (у перакладзе магчымы памылкі):

"...Божа мілы, што сталася з Гейстунамі! Знішчэнне і знявага.
Новыя ўладальнікі сядзібы Адынцоў падзялілі яе паміж сабою. Селянін і незаконны саветнік Бабраўніцкі, асоба, пра якую лепш прамаўчаць, узяў сабе сам двор. Яго швагер Кураловіч пабудаваўся тут жа пад сядзібным садам, павысякаўшы бярозавы гай, які раней быў на гэтым месцы.
Мемарыяльны, старасвецкі жылы дом з тыповым дахам, з двума флігелямі з тылу, практычна цалкам знішчаны. Новы ўласнік Гейстун размясціўся толькі ў некалькіх пакоях злева, аддаўшы правы бок дома ў непадзельнае ўладанне сваім парабкам и свінням. Праз цэнтральны ганак, адбываецца бесперапыннае шэсце цялят, авечак і парасят; вокны забіты дошкамі, дзверы саскочылі з завес; за домам, паміж флігелямі, кучы гною і смецця.
Двор у Гейстунах. Фотаздымак зроблены ў ліпені 1894 г. Вясной 1895 дом згарэў дашчэнту
Пайшлі ў сад. Алеі і шпалеры павыразаны. Старыя ліпы, дыяметрам у сярэднім больш за аршын, ляжаць паваленыя сякерай; наўкол тарчаць пні. Новаму гаспадару спатребіліся ліпы, клёны і ясені для рамонту гаспадарчых прыстасаванняў.
Засталася толькі, прынамсі пакуль, альтанка ў глыбіні саду, пад ценю якой, калісьці стаяла каляска аўтара “Барбары” і “Феліцыты”, дзе раней ахвотна гутарылі яго школьныя сябры, найперш з Барун, а пасля з Вільні, якія з’яжджаліся падчас вакацый ў Гейстуны, каб наведаць свайго прыяцеля. Нядоўга і гэта альтанка будзе шумець над фруктовымі дрэвамі гейстунскага саду. Ведаючы пра ашчаднасць пана Бабраўніцкага, ён не дапусціць, каб такі цэнны капітал, як ліпа, марнаваўся бы проста так. Таксама, клапатлівы гаспадар, які дбае аб прыгожым выглядзе сваёй новай уласнасці, абяцае, што жылы дом, гэта “старая халупа”, будзе знесены вясной наступнага года (1895). І на яго месцы будзе пабудавана новая велічная рэзідэнцыя, з рэштак прададзенага пасля набыцця Гейстун лесу. Можа і лепей, што дом, сцены якога столькі памятаюць, знікне цалкам і пойдзе на дровы. Прынамсі, спыніцца гэты здзек.
Напалеон Орда маляваў гэты дом з натуры і змясціў яго ў сваім альбоме, аднак малюнак, як зрешты многія рэпрадукцыі Орды, атрымаўся не зусім дакладным; гейстунскі дом у альбоме Орды выглядае як быццам мураваны, а форма тыповага даху значна зменена..."
Малюнак Напалеона Орды

понедельник, 1 июня 2020 г.

Пачатак вуліцы Жупранская. 1 частка

Пяць першых будынкаў вуліцы Пілсудскага (былая Жупранская) па цотным баку.


Большасць гэтых будынкаў (№1-3) было знесена прыкладна ў 1970-ых гг. для будаўніцтва плошчы перад Домам Саветаў. Апошнім знік будынак пад №4, яго яшчэ можна ўбачыць на фотаздымку 1985 г. А першым хутчэй усяго прыбралі будынак №5 для будаўніцтва аўтавакзала, на здымке 1950-ых гг. яго ўжо няма.


Якой была нумарацыя гэтых дамоў у міжваенны перыяд пакуль не зусім зразумела. Па некаторым звестках будынак №1 меў адрас - вул. Пілсудскага, 8, а будынак №3 - вул. Пілсудскага, 4. Тады дом №2 павінен мець адрас №6. А вось з будынкамі №4-5 не зусім усё зразумела, атрымліваецца на два дома застаўся толькі адзін адрас (№2).


Пра дамы №1 (так званы "Дом пані Пляўгавай") і №2 ("Гасцініца і Цырульня") ўжо узгадвалася раней.

У доме пад №3 дакладна, як бачна з шыльды, знаходзіўся аптэчны і касметычны склад, прозвішча ўладальніка распазнаць цяжэй, магчыма Kamień.
Будынак №3
А над другімі дзвярамі бачна шыльда, на якой падобна, што намаляваны цыферблат.
Кадр, на якім адносна добра бачны шыльды будынка №3
А ў гандлёвым рэестру як раз ўзгадваецца аптэчны склад Фабі Саладухі і крама гадзінікаў Хаіма Ошэравіча па вуліцы Пілсудскага, 4. Яшчэ па гэтым адрасу знаходзілася крама сельскагаспадарчых прыстасаванняў Мордуха Лавіта.
Калі ўсё ж такі, будынкі №4-5 мелі адрас вул. Пілсудскага, 2, то з дапамогай гандлёвага рэестру можна вызначыць, чым гандлявалі ў гэтых крамах.
Па гэтым адрасу знаходзіліся кандытарская Абрама Святога, склад сельскагаспадарчых машын і прыстасаванняў Носеля Паўланьскага, аптэчны склад Эстэры Левін, мясная лаўка Бендэта Будгара і крама каўбас Ганны Пляўга.
Будынак №4
Будынак№5

пятница, 24 апреля 2020 г.

Ашмянская аптэка

З 1865 у зборніках "Расійскі медыцынскі спісак" пачалі змяшчасць інфармацыю пра аптэкі, дзякуючы чаму можна даведацца каму належыла, хто арандаваў і хто кіраваў аптэкай у Ашмянах.
Будынак, у якім ужо больш за стагоддзе знаходзіцца аптэка
1865-1887
Аптэка належыла Анышкевічу Герману Сцяпанавічу.
Акрамя таго, што ён быў правізарам, яшчэ вядома, што ён меў чын калежскага рэгістратара і ўваходзіў у склад ашмянскай гарадской думы першага склікання. Герман Сцяпанавіч трымаў аптэку ў Ашмянах з 1832 г. (спасылка на запіс у рэвізіі). Таксама ён узгадваецца ў дадатковай рэвізіі за 1837 г. (спасылка). А з рэвізіі за 1850 г. вядома, што яму належылі Асаны каля Крэва (спасылка).
Анышкевіч часта здаваў аптэку ў арэнду: Шулевічу (1865-67), Шрэйберу (1873), Вярблоўскаму (1874-77), Рубіновічу (1878), Сявруку (1879-81), Айзенштату Ілье Ўладзіміравічу (1882-87).
Жонкай Германа была Юзэфа з дому Гольцман (нар. каля 1824, памерла 10.08.1874 у Ашмянах). У запісе аб смерці Юзэфы адзначана, што ў яе была дачка Марыя.
У 1887 пазначана, што аптэка належыла спадчыннікам Анышкевіча, з чаго можна зрабіць вывад, што да гэтага года ён ужо памёр.

1888-1904
Аптэкай валодаў Тарулевіч Вікенцій Казіміравіч.
Літовец па паходжанні. Нарадзіўся ў 1847 або ў 1852, памёр 2 студзеня 1912.
Аптэкарскую практыку распачаў з 1871. 
Да Ашмянаў працяглы час кіраваў аптэкай ў Відзах, якая належыла спадчыннікам Кіпке.
У 1888 аптэку ў Тарулевіча арэндаваў Манчынскі Ўладзіслаў Фадзеевіч, таксама літовец, які да гэтага быў правізарам у Дзевянішках. Пасля Манчынскі да 1904 працаваў у сельскай аптэцы ў мястэчку Куранец.
Каля 1905 Тарулевіч набыў гомеапатычную аптэку ў Вільне па вуліцы Благавешчанская дом №7 (у Вільне было ўсяго 2 гомеапатычных аптэкі). Да Тарулевіча гэтай аптэкай каля 40 гадоў кіраваў Людвіг Зэйдлер. Пасля смерці Вікенція аптэка яшчэ некалькі гадоў належыла яго жонцы Анзэлме (кіраваў аптэкаў Здзіслаў Храсціцкі). Пасля аптэка перайшла да Адольфа Немянтоўскага.
Магіла Тарулевіча і яго жонкі на могілках Росы ў Вільні (падрабязней)
1905-1916
Уладальнікамі аптэкі былі браты Хамічэўскія Вацлаў-Эдмунд і Ўладзімір Пятровічы. 
Палякі па паходжанні.
З 1905 па 1908 уладальнікам аптэкі быў Вацлаў-Эдмунд, з 1909 па 1913 - Уладзімір. З 1914 Уладзімір узгадваецца ўжо як кіраўнік аптэкі, а яго брат Вацлаў-Эдмунд зноў пазначаны ўладальнікам.

Вацлаў-Эдмунд Хамічэўскі нарадзіўся каля 1876, памёр 15 верасня 1925. Распачаў аптэкарскую дзейнасць у 1901.
Да набыцця ашмянскай аптэкі ён кіраваў аптэкарскім аддзяленнем у прадмесці Сніпішкі (дом №1) горада Вільні, якое належыла спадчыннікам Мікутовіча (арандаваў Банькоўскі).
У 1909-1916 Вацлаў-Эдмунд арандаваў аптэку Казіміра Стэфаноўскага ў Вільне (вул. Вялікая Пагулянка дом №19). Адметна, што дом, дзе месцілася аптэка, належыў Браніславу Вітольдавічу Хандзыньскаму, які паходзіў з Ашмяншчыны. Хутчэй усяго, у гэтай аптэцы Вацлаў працаваў да самай смерці.
Паведамленне аб смерці Вацлава Хамічэўскага (Dziennik Wileński 1925 r. №212)
Аптэка Вацлава Хамічэўскага ў Вільне, 1923 (спасылка)
Уладзімір Хамічэўскі нарадзіўся у 1877. Навучаўся у Маскве, аптэкарскую практыку распачаў з 1906.
Да Ашмянаў ён кіраваў аптэкай удавы Станіслава Фейертага ў мястэчку Глыбокае.
Цікава, што Ўладзімір Хамічэўскі быў прадстаўніком Ашмяншчыны на Сойме Сярэдняй Літвы ў 1922.
Уладзімір Хамічэўскі валодаў ашмянскай аптэкай ажно да 1939.

Яшчэ, напэўна, у іх быў брат Андрэй (нар. у 1879), які таксама быў правізарам. Ён распачаў практыку ў 1907, навучаўся ў Маскве. У 1909-1911 ён пазначаны як кіраўнік аптэкі Людвіга Бішафа ў Бранску, з 1912 ён уладальнік аптэкі ў Туле, а з 1916 яму належыла аптэка ў Нявіннамыску Кубанскай губерні. У міжваенны перыяд ён быў фармацэўтам у Брэсце, а пасля ў Варшаве.

суббота, 7 марта 2020 г.

Сям'я Стругач

Лейба Давідавіч Стругач (нар. ~1842 - пам. 14.02.1906) - заснавальнік буйнога вінакурна-драждавога завода ў Ашмянах.

Паходзіў Лейба Стругач з Мінска, а прыкладна ў 1870-ых гг. ён пераехаў у Ашмяны, адкуль была яго жонка Гінда Камянецкая (нар. ~1842 - пам. 16.09.1923).
Бацькі Гінды - Франк-Камянецкія Моўша-Давід Гершонавіч (нар. ~1820) і Хана Моўшаўна (нар. ~1820, дзявоцкае прозвішча магчыма Арлюк). У Ашмяны Франк-Камянецкія перабраліся ў 1845 г. з Ліды, да пераезда іх прозвішча было проста Камянецкія.
Менавіта ў хаце цесця на Віленскай вуліцы, Лейба Стругач і распачаў вінакурную дзейнасць. 
У Гінды было некалькі братоў і сясцёр: Фрума (нар. ~1834), Гершон (нар. ~1839, пам. 2.09.1915), Хая (нар. ~1844/5), Тонька (нар. ~1850) і Захарі (нар. ~1853).

Справу Лейбы Стругача працягнулі два яго сыны - Абрам і Давід. Яшчэ вядома, што ў Лейбы і Гінды былі дочкі Этля і Хая.

● Абрам Лейбавіч Стругач (нар. ~1868/9 - пам. ~1941)
Абрам Стругач (фотаздымак з кнігі "Pamiętnik Zjazdu Gospodarczego w Oszmianie w dniu 11 października 1931 r.")
1-я жонка - Кейля Моўшаўна Бройда (нар.~1871/73) з мястэчка Рось
шлюб 26.06.1892 у Вільне, развод 04.02.1910 у Аранах
Запіс аб шлюбе Абрама Стругача і Кейлі Бройда
Запіс аб разводзе Лейбы Стругача і Кейлі Бройда
2-я жонка - Соня Левін (нар. ~1894 - пам. ~1941) са Слоніма.
мелі дзяцей:
сын Леон (нар. ~1912 - пам. ~1941). Пра Леона Стругача вядома, што ў 1930 г. скончыў ашмянскую гімназію, а пасля вучыўся ў політэхнічным ўніверсітэце (г. Вена).
дачка Ліда (нар. 10.03.1914 - пам. ~1941), муж - Хананья Перэльман з Вільні.

Пра забойства Абрама Стругача чытайце па спасылцы.

● Этэль (Эма) Лейбаўна Пінэс (нар. Стругач) (нар. 30.05.1875 - пам. ~1941)
муж - Хаім Абелевіч Пінэс (нар. 19.01.1865 - пам. 22.01.1938) - прамысловец, яму належыў тартак у Вільне.
Мелі дзяцей: 
Давід (нар. 23.05.1895)
Якуб (нар.1897)
Юльюш (нар. 1900)
Леон (нар. 1909)

● Хая (Ганна) Лейбаўна Еўнін (нар. Стругач) (нар. 1882 - пам. 1955) - была піяністкай. Пахавана на могілках Данскога манастыра ў Маскве.
Еўнін (Стругач) Ганна 
муж - Маркус Цальковіч Еўнін (нар. 1.02.1871, Гродна - пам. снежань 1919, Ніжні Ноўгарад) - урач.
шлюб 28.08.1901 у Вільне
Запіс аб шлюбе Маркуса Евніна і Хаі Стругач
Жылі з мужам у Ніжнім Ноўгарадзе.
Мелі дзяцей:
Міра (нар. 23.07.1903 - пам. 1946). Пахавана на могілках Данскога манастыра ў Маскве.
Алена (нар. 31.07.1910 - пам. 1998) - літаратуразнаўца. Падрабязней чытайце на сайце modfrancelit.ru

● Давід Лейбавіч Стругач (нар. ~1883 - пам. ~1941) - інжынер.
1-я жонка - Алеўціна Альбертаўна Хомзэ.
дачка - Алена (нар. 12.05.1909 - пам. 22.12.1989). Падрабязней па спасылцы.
2-я жонка - Элла (Этла) Авербух (нар. ~ 1900). Дачка Мендэля і Фрыды.
шлюб 19.08.1923 у Вільне. 
развод 14.10.1931 у Новай Вілейке.
сын - Леон (нар. 1926).

У ашмянскім краязнаўчым музеі ёсць фотаздымак, які падпісаны "Л.Д. Стругач сярод рабочых дражджавога завода. Ашмяны. Пач. ХХ ст.". Але, хутчэй усяго, гэты здымак 1920-30-ых гг.
У радзе, дзе людзі сядзяць на крэслах, чацвёрты злева (мужчына ў белым) - гэта Абрам Стругач, пасярэдзіне (з бабачкай) - Давід.

суббота, 11 января 2020 г.

Імёны ахрышчаных у 1850-ых гг. у ашмянскім касцёле

Ніжэй, у выглядзе табліц, прыведзены найбольш папулярныя мужчынскія і жаночыя імёны сярод ахрышчаных у ашмянскім касцёле за перыяд з 1850 па 1859 гг. Усяго за гэты час было ахрышчана больш за 2600 чалавек.

Метрычныя кніжкі за гэтыя гады былі на рускай мове (да 1848 былі на польскай). Але тут імёны падаюцца на польскай мове. Бо на рускай мове некаторыя імёны былі напісаны ў розных варыянтах. Напрыклад Józef мог быць запісан як Юзеф, Иосиф, Осип і інш. І на беларускай мове многія імёны можна запісаць па-рознаму. А на польскай мове ўсё больш адназначна.

У трэцім слупку прыведзена агульная колькасць, а ў чацвёртым - колькі разоў з агульных імя было нададзена як другое, або трэцяе.

Мужчынскія імёны
1
Józef
222
9
2
Jan
189
13
3
Antoni
123
7
4
Wincenty
102
2
5
Michał
81
4
6
Kazimierz
70
5
7
Franciszek
59
7
8
Stanisław
42
3
9
Adam
38
2
10
Ignacy
36
3
11
Aleksander
28
1
12
Stefan
25
0
13
Piotr
24
3
14
Kajetan
22
3
15
Julian
21
3
16
Andrzej
19
2
17
Władysław
19
0
18
Jerzy
18
1
19
Karol
17
4
20
Konstantyn
16
1
21
Marcin
15
3
22
Jakub
14
2
23
Maciej
13
0
24
Tomasz
12
3

Заўвагі: да Jan далучана яшчэ і Janusz (сустракалася толькі адзін раз). 
Konstantyn можна запісаць і як Konstanty.
Jakub раней пісалі як Jakób.
Да імя Maciej было далучана яшчэ Mateusz (сустракалася двойчы).

Жаночыя імёны
1
Marianna
158
1
2
Anna
141
7
3
Antonina
99
8
4
Rozalia
65
3
5
Karolina
65
5
6
Józefa
61
2
7
Michalina
58
1
8
Katarzyna
55
6
9
Wiktoria
48
2
10
Franciszka
41
2
11
Izabela
36
2
12
Emilia
36
2
13
Ewa
35
2
14
Aniela
35
2
15
Helena
35
6
16
Petronela
28
2
17
Maria
22
6
18
Zofia
21
1
19
Paulina
20
1
20
Julia
19
0
21
Kazimiera
19
3
22
Ludwika
18
1
23
Magdalena
18
4
24
Konstancja
17
1
25
Elżbieta
15
3
26
Józefata
13
2
27
Stefania
12
1
28
Urszula
11
0
29
Apolonia
11
0
30
Tekla
11
1
31
Weronika
11
1
32
Justyna
10
0
33
Aleksandra
10
0

Адметна, што большасць з папулярных некалі імён сёння зусім не сустрэць. А такія імёны як Караліна, Марыана, Паўліна, Ізабела і інш. цяпер лічацца многімі як навамодныя, хаця раней яны былі для ашмянскай парафіі звычайнымі.