Вінцэнт Славецкі - адзін з першых літографаў Літвы. Паходзіў ён з ашмянскай мяшчанскай сям'і.
Вінцэнт Славецкі. Аўтапартрэт (limis.lt) |
У артыкуле Ўладзіміра Іванавіча Рынкевіча "Літографы Віленскай мастацкай школы" (2004) пра Славецкага ўзгадваецца наступнае:
"Найбольш актыўнае засваенне новай графічнай тэхнікі ва універсітеце выпадае на 1820-1826 гг., калі друкаром і кіраўніком літаграфічнай майстэрні
становіцца Вінцэнт Славецкі (1794-1844), ураджэнец Ашмянскага павета, вучань Ю.
Саўндэрса. Яшчэ студэнтам ён набыў вопыт працы прасаўшчыка ва ўніверсітэцкай
гравёрнай майстэрні. У 1817-1820 гг. як стыпендыят універсітэта ён не без
поспеху ўдасканальваў сваё майстэрства ў гравіраванні па сталі і камяні ў
Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Пасля вяртання ў Вільню за два гады ён
прафесійна абсталяваў літаграфічную майстэрню і наладзіў вытворчасчь друкаванай
прадукцыі на патрэбу універсітэта. Добра валодаючы малюнкам і разнастайнымі
графічнымі тэхнікамі, ён сам рысаваў, рэзаў і друкаваў станковыя творы (партрэт
прафесара універсітэта Э.Снядецкага, 1822; партрэт пісьменніка С.Трэмбецкага,
1822, партрэт князя Віталда; “Падарожжа ў Егіпет”), таксама ілюстрацыі да кніг
(A.Maczuski „O pryjaźniach i przyaciołach” (Wilno,
1817), J.Strumiłły „Ogrody północne” (Wilno, 1820)). У апошнія гады жыцця (з 1836) з-за пагаршэння зроку Славецкі прыпыніў
занятак графікай, служыў настаўнікам малявання і каліграфіі ў Дынябурскай
гімназіі (зараз г. Даўгаўпілс, Латвія)".
Некалькі літаграфій Вінцэнта Славецкага, якія можна адшукаць у інтэрнэце:
Партрэт паэта Станіслава Трамбецкага (polona.pl) |
Партрэт Вітаўта (limis.lt) |
Алегарычная кампазіцыя (polona.pl) |
Віньетка часопіса "Dzieje dobroczynności krajowej i zagranicznej z wiadomościami ku wydoskonaleniu jej służącemi" (polona.pl) |
Віньетка часопіса "Dzieje dobroczynności krajowej i zagranicznej z wiadomościami ku wydoskonaleniu jej służącemi" (polona.pl) |
Вокладка да кнігі „O pryjaźniach i przyaciołach”, Анджэй Мачускі, Вільня, 1817 (limis.lt) |
Некалькі ілюстрацый Славецкага з кнігі Юзафа Струмілы „Ogrody północne”, Вільня, 1820 (polona.pl):
У розных крыніцах пазначана, што Вінцэнт быў з Ашмянскага павета, але дзякуючы рэвізіям і метрычным кніжкам можна дакладна вызначыць месца яго паходжання - гэта горад Ашмяны.
Рэвізія 1795 |
Славецкія даўні ашмянскі род, яны яшчэ ўзгадваюцца ў інвентары за 1668 г. Бацька Вінцэнта Францішак с. Ежы Славецкі быў возны. Маці - Вікторыя з дому Кубіловіч. Яны пакінулі пасля сябе трох сыноў: Юзафа, Вінцэнта і Міхала. Міхал памёр у 1831 г. у 23 гады, улічваючы год смерці і малады ўзрост, напэўна яго забілі падчас задушэння паўстання ("ашмянская разня"). А Юзаф ажаніўся с Кацярынай Валчацкай і меў шмат дзяцей і ўнукаў, яго нашчадкі і сёння жывуць у ваколіцах Ашмянаў.
У рэвізіі за 1834 Вінцэнт сын Францішка Славецкі ўзгадваецца як ганаровы грамадзянін г. Вільні, ён жыў на вуліцы Партовой у доме Вульфа Якубсона, таксама адзначана, што ён займаецца жывапісам і быў ён халасты.
Подпіс Славецкага з рэвізіі 1834 |
На ашмянскіх могілках захавалася магіла бацькоў Вінцэнта. Надпіс на крыжы: "TU LEƵA, Rodice FRANCISZEK SŁAWECKI.
lenerał, w.p.o. miał lat 70. umarł 1824; WIKTORYA lat 50. um. 1827; syn
Wincenty Postawił."
У надпісе ёсць недакладнасці:
1) маці Вінцэнта Вікторыя Славецкая насамрэч памерла 19 студзеня 1828. У метрычнай кніжцы пазначана, што ёй было 55 гадоў. А калі верыць рэвізіям, то яе ўзрост быў 58 гадоў.
2) з бацькам Вінцэнта Францішкам Славецкім больш пытанняў. З рэвізій вядома, што ён нарадзіўся каля 1765. Ёсць запіс аб смерці нейкага Францішка Славецкага 11.11.1821 у Ашмянах. У гэтым запісе пазначана, што ён быў селянін ("працавіты") і яму было 85 гадоў, але насамрэч ён быў мешчанін і меў каля 56 гадоў. Але пра іншых Славецкіх з Ашмянаў невядома, таму мне здаецца, што запіс за 1821 адносіцца да бацькі Вінцэнта, толькі там перавелічанны ўзрост памералага. А ў рэвізіі за 1816 адзначана, што Францішак Славецкі памёр у 1813. Але хутчэй усяго гэты запіс памылковы, магчыма Францішак удзельнічаў у вайне 1812 г. на баку Францыі і пасля хаваўся ад уладаў і родныя запісалі яго памерлым.
Крыж на магіле бацькоў Славецкага |
Памёр Вінцэнт сын Францішка Славецкі 30 жніўня 1872 г. у Ашмянах. У запісе аб смерці аднзначана, што Вінцэнт быў халасты, меў чын калежскага сакратара (Х клас) і некалі з'яўляўся настаўнікам малявання Дынабургскай школы. Пазначана, што яму было 90 гадоў і памёр ён ад старасці, але насамрэч яму было каля 78 гадоў (перабольшванне ўзроста ў метрычных кніжках сустракаецца часта). Пахаваны праз 3 дня на ашмянскіх парафіяльных могілках.
Запіс аб смерці і пахаванні Вінцэнта Славецкага |
Магіла Вінцэнта Славецкага |
За наводку на Славецкага дзякуй Алене Жастковай