16 кветня 1931 г. ў Ашмянах урачыста адзначалі стогоддзе ашмянскага паўстання 1831 г. Па горадзе вывесілі да паловы апушчаныя сцягі. Ва ўсіх храмах Ашмянаў прайшлі жалобныя набажэнствы.
У 11 гадзін адбылася імша ў ашмянскім касцёле, дзе сабралася моладзь, прадстаўнікі ўраду і ўлады на чале са старастам Віктарам Сушынскім. Ксёндз пробашч Валяр'ян Голяк адслужыў жалобнае набажэнства па загінуўшых ашмянцах 1831 г., а вікарый ксёндз Ян Мяноўскі агласіў ўрачыстую казань, пачаўшы словамі Пілігрымскага літання Адама Міцкевіча "...Przez męczeństwo obywateli Oszmiany, wyrzniętych w kościołach Pańskich i w domach, wybaw nas Panie!..."
У ашмянскай сінагозе ў 9 гадзін рабін Шмульсан Менар адслужыў малітвы ў прысутнасці дэлегацыі павятовай улады на чале з намеснікам старасты Генрыкам Сільвестровічам. Рэлігійны спеў выканаў ганаровы кантар Хонан Шнэйдар. З прамовай выступілі: рабін Шмульсан і віцэ-бурмістар Адам Стругач.
У царкве жалобнае набажэнства адбылося ў 10 гадзін у прысутнасці намесніка старасты Сільвестровіча, і таксама Юзэфа Зубеля, Каралькевіча і Л.Станкевіча.
Вечарам прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы ў Народным тэатры Ашмянаў. Хор гімназіі пад кіраўніцтвам А.Неміроўскай выканаў Гімны Польскія, хор дзяўчынак з агульнаадукацыйнай школы (кіраўнік Станіслаў Скаўронскі) праспяваў песні „Warszawianke”, „Żołnierz” і „Hej, Polska nie zgineła”. Вучань гімназіі Чэслаў Фірко дэкламаваў гістарычны верш „Rzeź Oszmiańska”, вучаніцы агульнаадукацыйнай школы Е.Кунцэвіч, А.Корозун і С.Тараскевіч зачыталі вершы „Żołnierz”, „Przeznaczeń chwila” i „Skarga Żmudzinów”.
З навуковым дакладам выступіў Эдвард Шчарбіцкі (браслаўскі школьны інспектар), які пад час сваёй пяцігадовай працы ў Ашмянах, першым распачаў працу над гісторыяй паўстання ў Ашмянскім павеце 1831 г., якая была апублікавана ў „Roczniku Gimnazjum Oszmiańskiego za 1926–27 r.” Выпускнік ашмянскай гімназіі Саламон Левін у сваёй працы "Удзел яўрэяў у ашмянскім паўстанні ў 1831 г." упершыню закранаў тэму ўдзелу яўрэяў у паўстанні на Літве.
Крыніца:
Газета "Słowo" №96 28.04.1931
Крыніца:
Газета "Słowo" №96 28.04.1931