воскресенье, 23 августа 2026 г.

Новы арган у ашмянскім касцёле. 1913 год

Тэкст з часопіса "Przyjaciel" №31 за 1913 г. (спасылка).

19 верасня ў Ашмянах адбылося асвячэнне аргана, пабудаванага фірмай пана Бярнацкага з Вільні. Гэтае святочнае мерапрыемства сабрала даволі шмат парафіян, зацікаўленых гэтай незвычайнай для Ашмян урачыстасцю. Пасля пабудовы, касцёл стаяў доўгія гады пусткаю, і акрамя сціплых двух бакавых алтароў літаральна нічога з найнеабходнейшых рэчаў у касцёле не было. Замест вялікага алтара паставілі на старых прыступках старое абадранае табернакулюм, старыя мізэрныя ліхтары, а замест аргана — старую фісгармонію, якая фальшыва брынчэла. Здавалася, што такі стан рэчаў доўга застанецца без змен, тым больш што парафіяне дзіўна абыякавелі да ўсяго таго, што для касцёла і яго ўпрыгожання з'яўляецца неабходным.

У такіх абставінах шчаслівым збегам абставін на ашмянскае пробашчаства быў прызначаны ксёндз Гурскі. Шчыра адданы справе Божай і патрэбам парафіі, у якой ён нарадзіўся, усёю сілаю сваёй святарскай энергіі ўзяўся за працу і ў кароткі час зрабіў, можна сказаць, цуд. Першым праявам дзейнасці кс. Гурскага стаў менавіта новы арган. Незвычайных памераў цудоўная канструкцыя адразу сведчыць пра магутны інструмент, які ў гэтых рамах змешчаны. Дваццаць чатыры галасы, размешчаныя ў дзвюх клавіятурах і педалях, з прыгожым характарам тонаў, ствараюць моцнае, велічнае ўражанне і, без перабольшання кажучы, шкада такога інструмента для вёскі, бо няшмат касцёлаў у вялікіх, і нават сталічных гарадах, могуць пахваліцца падобным інструментам.

Урачыстае мерапрыемства распачалося асвячэннем аргана, якое здзейсніў запрошаны з Вільні ксёндз Макаровіч у суправаджэнні ксяндзоў Грабоўскага і Мількоўскага. Па завяршэнні абраду мясцовы хор, які быў старанна падрыхтаваны тутэйшым арганістам панам Боркам, выканаў кантату ў гонар святой Цэцыліі. Потым адбылася святая імша, чытаная за ахвярадаўцаў, падчас якой для выпрабавання гучання новага інструмента іграў пан Ян Ляшнеўскі, дырэктар віленскай «Лютні».

А адзінаццатай гадзіне распачалася ўрачыстая імша, у час якой была прамоўлена навука пра значэнне гэтага свята і пра абавязак парафіян супрацоўнічаць з духавенствам дзеля дабра касцёла і нашай святой веры.

Касцёл быў перапоўнены вернікамі, што паказвае, што парафіяне ўжо абудзіліся з дрымоты, што цікавяцца тым, што ў іх касцёлку робіцца, і гатовы спяшацца на дапамогу святарам, калі тыя энергічна і разумна бяруцца за справу.

Акрамя аргана і шматлікіх набытых царкоўных рэчаў, у бягучым годзе былі ўзведзены два бакавыя алтары, перабудаваны хоры, бо на папярэдніх вялікі арган не змог б умясціцца, а таксама пабудаваны фальваркавыя гаспадарчыя пабудовы з каменю — трывалыя і прыгожыя збудаванні, за якія доўгія часы будуць адчуваць удзячнасць ксяндзу Гурскаму яго наступнікі на ашмянскім пробашчастве.

Урачысты настрой гэтай хвіліны ўзмацнялі прыбылыя з наваколля святары, а таксама шматлікія прадстаўнікі парафіян, якія ўзялі ўдзел у абедзе на плябаніі. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі і павятовых адміністрацыйных улад, што сведчыла пра добрыя адносіны плябаніі з усімі коламі.