На аэраздымку 1944 г. у пачатку вуліцы Барунскай звяртае на сябе ўвагу невялікі будынак з шатровым дахам.
Гэты будынак таксама можна адшукаць і на відэазапісах Арана Бароўскага 1937 г. (спасылка). На першым відэа, якое здымалася з вуліцы Пілсудскага, бачны Бабскі рынак (спасылка на артыкул пра рынкі ў Ашмянах), а на заднім плане - невялікі будынак з двух'ярусным дахам.
У другім відэа ёсць фрагмент, які здымаўся з плошчы Касцюшкі (Рынак), дзе можна разгледзіць цукерню Каўшыніса, бензакалонку, агараджу царквы, а таксама будынак з мезанінам (напэўна належыў Бэкерам) перад якім стаіць той самы невялікі будынак.
Ніжэй на карце пазначаны месцы адкуль здымаліся відэа.
Для чаго быў прызначаны гэты будынак можна даведацца з кнігі "Pamiętnik Zjazdu Gospodarczego w Oszmianie w dniu 11 października 1931 r.", у якой ёсць табліца, дзе пералічана маёмасць ашмянскага магістрата. Магістрату належыў плац пры вуліцы Барунскай №1, дзе месцілася пажарная ахова, а таксама знаходзіўся драўляны будынак з гарадскімі шалямі. З вялікай верагоднасцю гэта і ёсць той самы будынак з шатровым двух'ярусным дахам.
Спасылка |
Яшчэ трэба адзначыць, што ў гэтага будынка, у адрозненне ад большасці іншых, пазначаны кошт з дакладнасцю да грошаў - 1874,87 Zł. Таксама дакладны кошт ёсць і ў сямікласнай школы і гідраэлектрастанцыі, якія былі пабудаваны незадоўга перад гаспадарчым з'ездам. Таму і важніца (будынак з гарадскімі шалямі), напэўна, была пабудавана у канцы 1920 - пачатку 1930 гг.