воскресенье, 17 сентября 2023 г.

Ксёндз Ян Курчэўскі. Паходжанне

Ян Курчэўскі (1854-1916) - святар і гісторык. На беларускай Вікіпедыі (спасылка на артыкул) адзначана, што ёсць дзве версіі месца яго паходжання - Данюшава і Солы. Як звалі яго бацькоў звестак няма.
Ян Курчэўскі (polona.pl)
З дапамогай метрычных кніжак, якія ёсць на FamilySearch.org гэтую інфармацыю можна адшукаць. Прозвішча Яна ў запісе аб хросце напісана з памылкай - Крушэўскі. Магчыма гэта і было прычынай таго, што былі сумненні ў месцы яго нараджэння. Нарадзіўся ён у Солах. Яго бацькамі былі Марцін і Ганна (з Хацілоўскіх). 
Спасылка на запіс
Памылка ў прозвішчы пацвярджаецца тым, што ёсць іншыя запісы з яго бацькамі. Так, у 1851 годзе ў Данюшаўскім касцёле ахрысцілі яго брата Гіпаліта.
Спасылка на запіс
А шлюб яго бацькі ўзялі ў Смаргонях, адкуль была яго маці.
Спасылка на запіс
У рэвізіі за 1834 г. (спасылка на запіс) яго дзед Караль сын Бартламея ўзгадваецца ў вёсцы Данюшава, але адзначана, што ён туды перамясціўся з суседняй вёскі Заблоцце.

Трэба яшчэ звярнуць увагу на хросных бацькоў Яна. Гэта былі шляхцічы Тадэвуш Стэльніцкі і Канстанцыя Свенціцкая, што не зусім звычайна, так як яго бацькі былі сяляне. А сярод прысутных на хросце ўзгадваецца нават пробашч Сольскага касцёла кс. Пётр Жылінскі. Цікава, што пасля, на пачатку служэння Яна Курчэўскага ў Вільні Пётр Жылінскі якраз ўзначальваў Віленскую дыяцэзію.
Пётр Жылінскі (спасылка на артыкул у Вікіпедыі)
Прычынай таго, што Ян нарадзіўся ў Солах, а не ў Данюшаве, адкуль быў яго бацькі, а таксама значнасць асоб прысутных на яго хросце была ў тым, што бацька Яна Марцін быў арганістам. Напэўна яго бацьку запрасілі ў нядаўна пабудаваны касцёл у Солах на працу. Аб тым, што Марцін быў арганістам вядома з яго характарыстыкі, якую яму выдалі ў Ашмянскім касцёле, дзе ён працаваў не менш чым 9 год.
З фондаў Бібліятэкі Врублеўскага Літоўскай акадэміі навук (elibrary.mab.lt)
Тэкст характарыстыкі:
"Свидетельство 
Дано сие от настоятеля Ошмянского Р.К. приходского костела и декана органистому сего костела крестьянину Свенцянского уезда Данюшевской волости Мартину Карловичу Курчевскому в том: что, он Курчевский в продолжении девяти лет должность органиста исполнял усердно и акуратно поведения был хорошего и вел себя чрез все время трезво и честно. В чем подписом и с приложением казенной печати удостоверяю. Апреля 22 дня 1867 года г. Ошмяна. 
И. д. Ошмянского настоятеля и декана викарный Ошмянского костела Кс. Коссовский"

Улічваючы той факт, што бацька Яна быў арганістам, можна і невыпадкова, што ксёндз Курчэўскі пасля набыў для Данюшаўскага касцёла арган.
Арган Данюшаўскага касцёла. Фота з Argany.by
І арган гэты не абы-які, а з капліцы Вострай брамы. Дзе, дарэчы, доўгі час пробашчам быў ужо ўзгаданы Пётр Жылінскі.
Арган капліцы Вострай брамы. Малюнак з "Віленскага альбома" (polona.pl)

вторник, 12 сентября 2023 г.

Аптэчны склад на вуліцы Жалігоўскага

У артыкуле Сяргея Сергачова "Деревянная архитектура Ошмян и Гольшан (по материалам ошмянского БТИ конца 1940 - начала  1960-ых гг.)" ёсць фотаздымак і апісанне будынка, які адметны сваімі невялікімі памерамі.
Фота 1948 г.
Тэкст з артыкула:
"...Торговая лавка (Советская, 139) является небольшим квадратным в плане сооружением под двускатной крышей. Уклон рельефа потребовал возведения каменного фундамента и трехступенчатого крыльца перед входом. Высота фундамента позволила организовать подвал, о чем свидетельствует окно в подвал справа от входа. Здание деревянное, рублено из брусьев. Главный фасад обшит широкими досками: верхняя часть горизонтально, нижняя – вертикально. Стена главного фасада практически полностью занята дверью и большим окном со ставнями. Окно разделено на 8 крупных частей. Треугольный фронтон крыши имел небольшое окошко и украшен резным декором ветровых досок. В целом архитектурное решение этого торгового сооружения основано на противопоставлении главного фасада, насыщенного активными деталями и резным декором с достаточно укрупненными элементами растительного орнамента, простым формам небольшого объема здания..."
3D рэканструкцыя
Убачыць гэты будынак можна яшчэ на адным здымке прыкладна канца 1940-ых гг., які быў апублікаваны на старонцы "Ашмянскага весніка" ў VK. Дзякуючы яму можна дакладна вызначыць месца, дзе знаходзілася гэтая гандлёвая лаўка.
Будынак справа
Знаходзіўся гэты будынак на вуліцы Савецкая (у 1920-30-ых гг. - Жалігоўскага) непадалёку ад магазіна "Пачастунак".
Месца пазначана чырвоным
Таксама, дзякуючы відэа Арана Бароўскага, можна вызначыць чые крамы знаходзіліся ў гэтым будынку.
Кадр з відэа 1930-ых гг.
На гэтым кадры справа крыху бачны гэты будынак. Можна разгледзіць нават частку шыльды. На ёй напісана "APT...". Не складана здагадацца, што хутчэй усяго гэта быў аптэчны склад. З дапамогай адрасных кніг і гандлёвага рэестра можна даведацца, што быў гэта, напэўна, аптэчны склад Соры Матук (вул. Жалігоўскага, 3). Таксама па гэтым адрасе ўзгадваецца спажывецкая крама Рахель Мельцер.
Запісы ў гандлёвым рэестры за 1928 г.
Яшчэ адзін кадр з відэа, дзе ёсць гэтая лаўка, а таксама лепш бачныя суседнія будынкі.
Будынак у цэнтры. Бачна толькі крыху дзверы і аканіцу
Пра ўладальніцу аптэчнай крамы Сору-Двэйру Матук яшчэ вядома, што нарадзілася яна 2 красавіка 1896 г. у Ашмянах у сям'і Файвуша і Хаі-Бэйлы. 9 сакавіка 1930 г. у Вільне яна выйшла замуж за Шэвеля Баркіна з мястэчка Дунілавічы. Станам на 1938 г. яны жылі па адрасе вуліца Жалігоўскага, 1.

Спасылка на яшчэ адзін будынак з артыкула С.Сергачова - Будынак пры ўваходзе на яўрэйскія могілкі.