среда, 15 июля 2020 г.

Двор Гейстуны. Бабраўніцкі і Кураловіч

У кнізе "Powiat Oszmiański" Чэслаў Янкоўскі эмацыянальна напісаў пра тое, што здарылася з маёнткам Гейстуны, калі яго набылі ад Адынцоў Бабраўніцкі і Кураловіч. Янкоўскі ўзгадвае толькі прозвішчы новых уладальнікаў але з іншых крыніц можна пра іх даведацца падрабязней. Бабраўніцкі Францішак нарадзіўся ў 1851 г. у Гальшанах у сям'і мяшчан Яна і Цеафілы з Маслоўскіх. Кураловіч Дамінік (1852-1924) паходзіў з вёскі Пятровічы, яго бацькі: сяляне Вінцэнт і Людвіка з Рогеляў. У 1881 г. Дамінік Кураловіч ажаніўся с малодшай сястрой Францішка Бабраўніцкага Марыянай (нар. у 1863 г.), такім чынам яны і парадніліся.

Урывак з "Powiat Oszmiański". Пераклад з польскай мовы (у перакладзе магчымы памылкі):

"...Божа мілы, што сталася з Гейстунамі! Знішчэнне і знявага.
Новыя ўладальнікі сядзібы Адынцоў падзялілі яе паміж сабою. Селянін і незаконны саветнік Бабраўніцкі, асоба, пра якую лепш прамаўчаць, узяў сабе сам двор. Яго швагер Кураловіч пабудаваўся тут жа пад сядзібным садам, павысякаўшы бярозавы гай, які раней быў на гэтым месцы.
Мемарыяльны, старасвецкі жылы дом з тыповым дахам, з двума флігелямі з тылу, практычна цалкам знішчаны. Новы ўласнік Гейстун размясціўся толькі ў некалькіх пакоях злева, аддаўшы правы бок дома ў непадзельнае ўладанне сваім парабкам и свінням. Праз цэнтральны ганак, адбываецца бесперапыннае шэсце цялят, авечак і парасят; вокны забіты дошкамі, дзверы саскочылі з завес; за домам, паміж флігелямі, кучы гною і смецця.
Двор у Гейстунах. Фотаздымак зроблены ў ліпені 1894 г. Вясной 1895 дом згарэў дашчэнту
Пайшлі ў сад. Алеі і шпалеры павыразаны. Старыя ліпы, дыяметрам у сярэднім больш за аршын, ляжаць паваленыя сякерай; наўкол тарчаць пні. Новаму гаспадару спатребіліся ліпы, клёны і ясені для рамонту гаспадарчых прыстасаванняў.
Засталася толькі, прынамсі пакуль, альтанка ў глыбіні саду, пад ценю якой, калісьці стаяла каляска аўтара “Барбары” і “Феліцыты”, дзе раней ахвотна гутарылі яго школьныя сябры, найперш з Барун, а пасля з Вільні, якія з’яжджаліся падчас вакацый ў Гейстуны, каб наведаць свайго прыяцеля. Нядоўга і гэта альтанка будзе шумець над фруктовымі дрэвамі гейстунскага саду. Ведаючы пра ашчаднасць пана Бабраўніцкага, ён не дапусціць, каб такі цэнны капітал, як ліпа, марнаваўся бы проста так. Таксама, клапатлівы гаспадар, які дбае аб прыгожым выглядзе сваёй новай уласнасці, абяцае, што жылы дом, гэта “старая халупа”, будзе знесены вясной наступнага года (1895). І на яго месцы будзе пабудавана новая велічная рэзідэнцыя, з рэштак прададзенага пасля набыцця Гейстун лесу. Можа і лепей, што дом, сцены якога столькі памятаюць, знікне цалкам і пойдзе на дровы. Прынамсі, спыніцца гэты здзек.
Напалеон Орда маляваў гэты дом з натуры і змясціў яго ў сваім альбоме, аднак малюнак, як зрешты многія рэпрадукцыі Орды, атрымаўся не зусім дакладным; гейстунскі дом у альбоме Орды выглядае як быццам мураваны, а форма тыповага даху значна зменена..."
Малюнак Напалеона Орды

понедельник, 1 июня 2020 г.

Пачатак вуліцы Жупранская. 1 частка

Пяць першых будынкаў вуліцы Пілсудскага (былая Жупранская) па цотным баку.


Большасць гэтых будынкаў (№1-3) было знесена прыкладна ў 1970-ых гг. для будаўніцтва плошчы перад Домам Саветаў. Апошнім знік будынак пад №4, яго яшчэ можна ўбачыць на фотаздымку 1985 г. А першым хутчэй усяго прыбралі будынак №5 для будаўніцтва аўтавакзала, на здымке 1950-ых гг. яго ўжо няма.


Якой была нумарацыя гэтых дамоў у міжваенны перыяд пакуль не зусім зразумела. Па некаторым звестках будынак №1 меў адрас - вул. Пілсудскага, 8, а будынак №3 - вул. Пілсудскага, 4. Тады дом №2 павінен мець адрас №6. А вось з будынкамі №4-5 не зусім усё зразумела, атрымліваецца на два дома застаўся толькі адзін адрас (№2).


Пра дамы №1 (так званы "Дом пані Пляўгавай") і №2 ("Гасцініца і Цырульня") ўжо узгадвалася раней.

У доме пад №3 дакладна, як бачна з шыльды, знаходзіўся аптэчны і касметычны склад, прозвішча ўладальніка распазнаць цяжэй, магчыма Kamień.
Будынак №3
А над другімі дзвярамі бачна шыльда, на якой падобна, што намаляваны цыферблат.
Кадр, на якім адносна добра бачны шыльды будынка №3
А ў гандлёвым рэестру як раз ўзгадваецца аптэчны склад Фабі Саладухі і крама гадзінікаў Хаіма Ошэравіча па вуліцы Пілсудскага, 4. Яшчэ па гэтым адрасу знаходзілася крама сельскагаспадарчых прыстасаванняў Мордуха Лавіта.
Калі ўсё ж такі, будынкі №4-5 мелі адрас вул. Пілсудскага, 2, то з дапамогай гандлёвага рэестру можна вызначыць, чым гандлявалі ў гэтых крамах.
Па гэтым адрасу знаходзіліся кандытарская Абрама Святога, склад сельскагаспадарчых машын і прыстасаванняў Носеля Паўланьскага, аптэчны склад Эстэры Левін, мясная лаўка Бендэта Будгара і крама каўбас Ганны Пляўга.
Будынак №4
Будынак№5

пятница, 24 апреля 2020 г.

Ашмянская аптэка

З 1865 у зборніках "Расійскі медыцынскі спісак" пачалі змяшчасць інфармацыю пра аптэкі, дзякуючы чаму можна даведацца каму належыла, хто арандаваў і хто кіраваў аптэкай у Ашмянах.
Будынак, у якім ужо больш за стагоддзе знаходзіцца аптэка
1865-1887
Аптэка належыла Анышкевічу Герману Сцяпанавічу.
Акрамя таго, што ён быў правізарам, яшчэ вядома, што ён меў чын калежскага рэгістратара і ўваходзіў у склад ашмянскай гарадской думы першага склікання. Герман Сцяпанавіч трымаў аптэку ў Ашмянах з 1832 г. (спасылка на запіс у рэвізіі). Таксама ён узгадваецца ў дадатковай рэвізіі за 1837 г. (спасылка). А з рэвізіі за 1850 г. вядома, што яму належылі Асаны каля Крэва (спасылка).
Анышкевіч часта здаваў аптэку ў арэнду: Шулевічу (1865-67), Шрэйберу (1873), Вярблоўскаму (1874-77), Рубіновічу (1878), Сявруку (1879-81), Айзенштату Ілье Ўладзіміравічу (1882-87).
Жонкай Германа была Юзэфа з дому Гольцман (нар. каля 1824, памерла 10.08.1874 у Ашмянах). У запісе аб смерці Юзэфы адзначана, што ў яе была дачка Марыя.
У 1887 пазначана, што аптэка належыла спадчыннікам Анышкевіча, з чаго можна зрабіць вывад, што да гэтага года ён ужо памёр.

1888-1904
Аптэкай валодаў Тарулевіч Вікенцій Казіміравіч.
Вікенцій Тарулевіч. Фотаздымак з артыкула "Losy dawnej apteki dominikańskiej w Wilnie", Katarzyna Jaworska. (Muzeum Farmacji Uniwersytetu Jagiellońskiego Collegium Medicum,Teka 81).
Літовец па паходжанні. Нарадзіўся ў 1847 або ў 1852, памёр 2 студзеня 1912.
Аптэкарскую практыку распачаў з 1871. 
Да Ашмянаў працяглы час кіраваў аптэкай ў Відзах, якая належыла спадчыннікам Кіпке.
У 1888 аптэку ў Тарулевіча арэндаваў Манчынскі Ўладзіслаў Фадзеевіч, таксама літовец, які да гэтага быў правізарам у Дзевянішках. Пасля Манчынскі да 1904 працаваў у сельскай аптэцы ў мястэчку Куранец.
Каля 1905 Тарулевіч набыў гомеапатычную аптэку ў Вільне па вуліцы Благавешчанская дом №7 (у Вільне было ўсяго 2 гомеапатычных аптэкі). Да Тарулевіча гэтай аптэкай каля 40 гадоў кіраваў Людвіг Зэйдлер. Пасля смерці Вікенція аптэка яшчэ некалькі гадоў належыла яго жонцы Анзэлме (кіраваў аптэкаў Здзіслаў Храсціцкі). Пасля аптэка перайшла да Адольфа Немянтоўскага.
Магіла Тарулевіча і яго жонкі на могілках Росы ў Вільні (падрабязней)
1905-1916
Уладальнікамі аптэкі былі браты Хамічэўскія Вацлаў-Эдмунд і Ўладзімір Пятровічы. 
Палякі па паходжанні.
З 1905 па 1908 уладальнікам аптэкі быў Вацлаў-Эдмунд, з 1909 па 1913 - Уладзімір. З 1914 Уладзімір узгадваецца ўжо як кіраўнік аптэкі, а яго брат Вацлаў-Эдмунд зноў пазначаны ўладальнікам.

Вацлаў-Эдмунд Хамічэўскі нарадзіўся каля 1876, памёр 15 верасня 1925. Распачаў аптэкарскую дзейнасць у 1901.
Да набыцця ашмянскай аптэкі ён кіраваў аптэкарскім аддзяленнем у прадмесці Сніпішкі (дом №1) горада Вільні, якое належыла спадчыннікам Мікутовіча (арандаваў Банькоўскі).
У 1909-1916 Вацлаў-Эдмунд арандаваў аптэку Казіміра Стэфаноўскага ў Вільне (вул. Вялікая Пагулянка дом №19). Адметна, што дом, дзе месцілася аптэка, належыў Браніславу Вітольдавічу Хандзыньскаму, які паходзіў з Ашмяншчыны. Хутчэй усяго, у гэтай аптэцы Вацлаў працаваў да самай смерці.
Паведамленне аб смерці Вацлава Хамічэўскага (Dziennik Wileński 1925 r. №212)
Аптэка Вацлава Хамічэўскага ў Вільне, 1923 (спасылка)
Уладзімір Хамічэўскі нарадзіўся у 1877. Навучаўся у Маскве, аптэкарскую практыку распачаў з 1906.
Да Ашмянаў ён кіраваў аптэкай удавы Станіслава Фейертага ў мястэчку Глыбокае.
Цікава, што Ўладзімір Хамічэўскі быў прадстаўніком Ашмяншчыны на Сойме Сярэдняй Літвы ў 1922.
Уладзімір Хамічэўскі валодаў ашмянскай аптэкай ажно да 1939.

Яшчэ, напэўна, у іх быў брат Андрэй (нар. у 1879), які таксама быў правізарам. Ён распачаў практыку ў 1907, навучаўся ў Маскве. У 1909-1911 ён пазначаны як кіраўнік аптэкі Людвіга Бішафа ў Бранску, з 1912 ён уладальнік аптэкі ў Туле, а з 1916 яму належыла аптэка ў Нявіннамыску Кубанскай губерні. У міжваенны перыяд ён быў фармацэўтам у Брэсце, а пасля ў Варшаве.