суббота, 24 февраля 2018 г.

Plaugo

У міжваенны час у Ашмянах сярод пераважна драўлянай забудовы з'явіўся вялікі 3-х павярховы будынак (ul. Piłsudskiego, 8). Ва ўспамінах жыхароў горада яго часта называюць як дом з аркай. Не ведаю наколькі гэта праўдзівыя звесткі, але нехта прыгадаў, што будынак належыў нейкай пані Пляўгавай.


З розных крыніц мы можам даведацца, што ў Ашмянах сапраўды жыла сям'я Пляўга (магчыма пісаць трэба і інакш, бо не зразумела на які склад націск).


3D мадэль будынка:
У "Книге о исповедающихся и причащающихся Ошмянскаго Римско-Католическаго Приходскаго Костела" (1909 г.) ёсць запіс, з якога мы можам даведацца пра склад сям'і Пляўга, жылі яны на той час на Жупранскім завулку:
На ашмянскіх каталіцкіх могілках, якраз за капліцай, ёсць магіла Пляўга (Groby rodziny Plaugo). Тут трэба адзначыць, што для ашмянскіх могілкаў гэты помнік унікальны, бо на ім ёсць і галоўнае захаваліся да нашага часу выявы памерлых. Дзіўна, але сярод памерлых усе выключна мужчыны.

Таксама на сайце MyHeritage.com ёсць запісы аб некалькіх прадстаўніках гэтай сям'і, і што галоўнае, там ёсць сямейныя фотаздымкі.
У метрычных кніжках ашмянскага і віленскіх касцёлаў адшукалася наступнае:
1) 12.02.1895 шлюб Яна Пляўга (23 г., з Сувальскай губ., сын Бартламея Пляўга і Софіі з Яворскіх) і Эміліі-Магдалены Файкус (24 г., дачка сялян Яна Файкус і Людвікі з Бурачэўскіх). Сведкі: Уладзіслаў Салтановіч, Ян Пальяноўскі. Спасылка на запіс (старонка 123).
2) 22.07.1895 ахрышчаны Ян Пляўга, які нарадзіўся 5.07.1895 у Вільне у сям'і сялян Яна і Магдалены з Файкусаў Пляўга. Хросныя бацькі: Ян Троцкі і Ева Серафін (дзяўч.). Спасылка на запіс (старонка 36).
3) 4.08.1896 ахрышчаны Баляслаў Пляўга, які нарадзіўся 27.07.1896 у Вільне (Рудніцкая вуліца; дом Карповіча) у сям'і сялян Яна і Магдалены з Файкусаў Пляўга. Хросныя бацькі: Ян Чэкатоўскі і Кацярына Сабовіч (жонка Канстанціна). Спасылка на запіс (старонка 64).
4) 2.03.1900 ахрышчаны Юзэф Пляўга, які нарадзіўся 28.02.1900 у Вільне (Паліцэйскі завулак, дом Ромэра) у сям'і мяшчан г. Сувалкі Яна і Ганны з Брывінскіх Пляўга. Хросныя бацькі: Юзэф Родзь і Апалонія Пляўга (дзяўч.). Спасылка на запіс (старонка 95).
5) 16.09.1904 ахрышчана Гелена Пляўга, якая нарадзілася 15.09.1904 у Ашмянах у сям'і Яна і Ганны з Жукоўскіх (? памылка) Пляўга. Хросныя бацькі: Францішак Мурашка і Юлія Каханоўская (жонка Каетана).
6) 28.02.1907 ахрышчана Браніслава Пляўга, якая нарадзілася 23.02.1907 у Ашмянах у сям'і сялян Яна і Ганны з Брывінскіх Пляўга. Хросныя бацькі: Афанасій? Багуслаўскі і Стэфанія Мурашка (жонка Станіслава).
7) 12.06.1907 памерла ў Ашмянах сялянка Сувалкскай губерні ўдава Софія Пляўга ад запалення лёгкіх, ва ўзросце 63 гады. Мела дзяцей: Ян, Уладзіслаў, Паўліна і Апалонія.
8) 28.11.1908 ахрышчана Ўладзіслава Пляўга, якая нарадзілася 21.11.1908 у Ашмянах у сям'і мяшчан з Сувалкаў Яна і Ганны з Брывінскіх Пляўга. Хросныя бацькі: Браніслаў Багусневіч і Антоніна Каханоўская?. А таксама ў хроснай метрыкі ёсць пазнейшая дапіска, што Ўладзіслава 25.06.1929 у ашмянскім касцёле ўзяла шлюб з Міхаілам Барысевічам.
9) 28.10.1912 ахрышчаны Станіслаў Пляўга, які нарадзіўся 29.07.1912 у Ашмянах у сям'і сувальскіх мяшчан Яна і Ганны з Брывінскіх Пляўга. Хросныя бацькі: Станіслаў Мурашка і Марыана Акулевіч (дзяўч.).
10) 5.09.1918 памёр у Ашмянах мяшчанін Юзэф Янавіч Пляўга (18 гадоў) ад параліча мозга.
11) 12.07.1919 памёр у Ашмянах выхаванец Віленскай Р.-К. Духоўнай семінарыі Баляслаў Янавіч Пляўга (23 гады) ад сухотаў.

З метрык зразумела, што Пляўга былі не мясцовымі, а прыехалі з Сувалкаўскай губерні. Адразу Пляўга ўзгадваюцца як сяляне, а пазней, магчымы пасля займеўшы ў горадзе нерухомасць, сталі мяшчанамі.

Такім чынам склад сям'і быў наступным (гады прыкладныя):

Ян (1862/72 - каля 1915) сын Бартламея Пляўга і Софіі Явараўскай,
яго першая жонка Эмілія-Магдалена Файкус (нар.1871),
яго другая жонка Ганна Брывінская (нар.1876);
Сыны: Ян (нар.22.07.1895) Баляслаў (семінарыст, 4.08.1896-12.07.1919), Юзэф (28.02.1900-5.09.1918) і Станіслаў (29.07.1912-1915);
Дочкі: Стэфанія па мужу Шэпет (1902-29.05.1985), Гэлена (нар.15.09.1904), Браніслава (нар.23.02.1907) і Ўладзіслава па мужу Барысевіч (нар.21.11.1908), Ядзвіга (нар.1915)

Таксама Ян Плаўга некалькі разоў узгадваецца ў выбарчых спісах у газеце "Виленския губернския ведомости" у 1912-13 гг. 

Спіс асоб якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах у Дзяржаўную Думу 1912.
Спіс хатніх гаспадарак з нагоды выбараў ў ашмянскае мясцовае самакіраванне ў 1913 г.
У міжваенны перыяд у Адрасных кнігах у Ашмянах сярод асоб, якія займаліся продажам харчовых прадуктаў, узгадваецца A.Plaugo (ul. Piłsudskiego).

Больш дакладную інфармацыю можна атрымаць з гандлёвага рэестра, які публікаваўся ў віленскіх газетах. Ганна Пляўга мела краму вяндлін на вул. Пілсудскага д.2 (каля царквы), а сама ўласніца жыла на вул. Садовая, д.41. Крама існавала з 1898 г.

з газеты "Słowo" №121 1928

2 комментария:

Анонимный комментирует...

To przedwojenny adres ul. Piłsudskiego 8.
Według wykazu z roku 1938 Anna Plaugo urodziła się w roku 1876.

Pawel комментирует...

dziękuję za informację.