суббота, 24 февраля 2018 г.

Plaugo

У міжваенны час у Ашмянах сярод пераважна драўлянай забудовы з'явіўся вялікі 3-х павярховы будынак (ul. Piłsudskiego, 8). Ва ўспамінах жыхароў горада яго часта называюць як дом з аркай. Не ведаю наколькі гэта праўдзівыя звесткі, але нехта прыгадаў, што будынак належыў нейкай пані Пляўгавай.


З розных крыніц мы можам даведацца, што ў Ашмянах сапраўды жыла сям'я Пляўга (магчыма пісаць трэба і інакш, бо не зразумела на які склад націск).


3D мадэль будынка:
У "Книге о исповедающихся и причащающихся Ошмянскаго Римско-Католическаго Приходскаго Костела" (1909 г.) ёсць запіс, з якога мы можам даведацца пра склад сям'і Пляўга, жылі яны на той час на Жупранскім завулку:
На ашмянскіх каталіцкіх могілках, якраз за капліцай, ёсць магіла Пляўга (Groby rodziny Plaugo). Тут трэба адзначыць, што для ашмянскіх могілкаў гэты помнік унікальны, бо на ім ёсць і галоўнае захаваліся да нашага часу выявы памерлых. Дзіўна, але сярод памерлых усе выключна мужчыны.

Таксама на сайце MyHeritage.com ёсць запісы аб некалькіх прадстаўніках гэтай сям'і, і што галоўнае, там ёсць сямейныя фотаздымкі.
У метрычных кніжках ашмянскага і віленскіх касцёлаў адшукалася наступнае:
1) 12.02.1895 шлюб Яна Пляўга (23 г., з Сувальскай губ., сын Бартламея Пляўга і Софіі з Яворскіх) і Эміліі-Магдалены Файкус (24 г., дачка сялян Яна Файкус і Людвікі з Бурачэўскіх). Сведкі: Уладзіслаў Салтановіч, Ян Пальяноўскі. Спасылка на запіс (старонка 123).
2) 22.07.1895 ахрышчаны Ян Пляўга, які нарадзіўся 5.07.1895 у Вільне у сям'і сялян Яна і Магдалены з Файкусаў Пляўга. Хросныя бацькі: Ян Троцкі і Ева Серафін (дзяўч.). Спасылка на запіс (старонка 36).
3) 4.08.1896 ахрышчаны Баляслаў Пляўга, які нарадзіўся 27.07.1896 у Вільне (Рудніцкая вуліца; дом Карповіча) у сям'і сялян Яна і Магдалены з Файкусаў Пляўга. Хросныя бацькі: Ян Чэкатоўскі і Кацярына Сабовіч (жонка Канстанціна). Спасылка на запіс (старонка 64).
4) 2.03.1900 ахрышчаны Юзэф Пляўга, які нарадзіўся 28.02.1900 у Вільне (Паліцэйскі завулак, дом Ромэра) у сям'і мяшчан г. Сувалкі Яна і Ганны з Брывінскіх Пляўга. Хросныя бацькі: Юзэф Родзь і Апалонія Пляўга (дзяўч.). Спасылка на запіс (старонка 95).
5) 16.09.1904 ахрышчана Гелена Пляўга, якая нарадзілася 15.09.1904 у Ашмянах у сям'і Яна і Ганны з Жукоўскіх (? памылка) Пляўга. Хросныя бацькі: Францішак Мурашка і Юлія Каханоўская (жонка Каетана).
6) 28.02.1907 ахрышчана Браніслава Пляўга, якая нарадзілася 23.02.1907 у Ашмянах у сям'і сялян Яна і Ганны з Брывінскіх Пляўга. Хросныя бацькі: Афанасій? Багуслаўскі і Стэфанія Мурашка (жонка Станіслава).
7) 12.06.1907 памерла ў Ашмянах сялянка Сувалкскай губерні ўдава Софія Пляўга ад запалення лёгкіх, ва ўзросце 63 гады. Мела дзяцей: Ян, Уладзіслаў, Паўліна і Апалонія.
8) 28.11.1908 ахрышчана Ўладзіслава Пляўга, якая нарадзілася 21.11.1908 у Ашмянах у сям'і мяшчан з Сувалкаў Яна і Ганны з Брывінскіх Пляўга. Хросныя бацькі: Браніслаў Багусневіч і Антоніна Каханоўская?. А таксама ў хроснай метрыкі ёсць пазнейшая дапіска, што Ўладзіслава 25.06.1929 у ашмянскім касцёле ўзяла шлюб з Міхаілам Барысевічам.
9) 28.10.1912 ахрышчаны Станіслаў Пляўга, які нарадзіўся 29.07.1912 у Ашмянах у сям'і сувальскіх мяшчан Яна і Ганны з Брывінскіх Пляўга. Хросныя бацькі: Станіслаў Мурашка і Марыана Акулевіч (дзяўч.).
10) 5.09.1918 памёр у Ашмянах мяшчанін Юзэф Янавіч Пляўга (18 гадоў) ад параліча мозга.
11) 12.07.1919 памёр у Ашмянах выхаванец Віленскай Р.-К. Духоўнай семінарыі Баляслаў Янавіч Пляўга (23 гады) ад сухотаў.

З метрык зразумела, што Пляўга былі не мясцовымі, а прыехалі з Сувалкаўскай губерні. Адразу Пляўга ўзгадваюцца як сяляне, а пазней, магчымы пасля займеўшы ў горадзе нерухомасць, сталі мяшчанамі.

Такім чынам склад сям'і быў наступным (гады прыкладныя):

Ян (1862/72 - каля 1915) сын Бартламея Пляўга і Софіі Явараўскай,
яго першая жонка Эмілія-Магдалена Файкус (нар.1871),
яго другая жонка Ганна Брывінская (нар.1876);
Сыны: Ян (нар.22.07.1895) Баляслаў (семінарыст, 4.08.1896-12.07.1919), Юзэф (28.02.1900-5.09.1918) і Станіслаў (29.07.1912-1915);
Дочкі: Стэфанія па мужу Шэпет (1902-29.05.1985), Гэлена (нар.15.09.1904), Браніслава (нар.23.02.1907) і Ўладзіслава па мужу Барысевіч (нар.21.11.1908), Ядзвіга (нар.1915)

Таксама Ян Плаўга некалькі разоў узгадваецца ў выбарчых спісах у газеце "Виленския губернския ведомости" у 1912-13 гг. 

Спіс асоб якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах у Дзяржаўную Думу 1912.
Спіс хатніх гаспадарак з нагоды выбараў ў ашмянскае мясцовае самакіраванне ў 1913 г.
У міжваенны перыяд у Адрасных кнігах у Ашмянах сярод асоб, якія займаліся продажам харчовых прадуктаў, узгадваецца A.Plaugo (ul. Piłsudskiego).

Больш дакладную інфармацыю можна атрымаць з гандлёвага рэестра, які публікаваўся ў віленскіх газетах. Ганна Пляўга мела краму вяндлін на вул. Пілсудскага д.2 (каля царквы), а сама ўласніца жыла на вул. Садовая, д.41. Крама існавала з 1898 г.

з газеты "Słowo" №121 1928

среда, 14 февраля 2018 г.

Балячкі Ашмяны

У 1929г. у газеце "Słowo" быў змешчаны артыкул ананіма з Ашмянаў пад псеўданімам "Pe...O":

Нашы балячкі. Кожнае мястэчка на Крэсах Усходніх мае сваі больш ці меньш значныя балячкі. У адных няма святла, у іншых бруку, а наша Ашмяна мае праблему з будаўніцтвам агульнаадукацыйнай школы і з пераносам рынка. 
Справа будаўніцтва расцягнулася на некалькі гадоў і набыла ўжо хранічны стан. 
Аднак, даходзяць чуткі, што будаўніцтва школы можа распачацца вясной, але (як заўсёды гэтае але) будаваць пастанавілі на зусім непрыдатным месцы. Далёка ад цэнтра, на самым ускрайку горада, каля яўрэйскіх могілак, бо так вырашылі “бацькі” горада. 
Але трэба ведаць, што кошт будаўніцтва школы склаў каля 500 тысяч злотых і такі будынак мог бы ўпрыгожыць любы горад, а тым больш Ашмяну, якой бракуе прыстойных будынкаў. 
Пажадана, каб значныя ўлады, у гэтым выпадку маю на ўвазе ваяводзкія, бліжэй азнаёміліся з асаблівасцямі гэтай справы і спынілі выхадкі “бацькоў” горада, для агульнага задавальнення жыхароў. 
Другая балячка Ашмяны, гэта справа вынасу рынка з цэнтра горада. 
Хто быў у Ашмяне ў гандлёвы дзень, той ведае, якія цяжкасці ўзнікаюць пры праезде праз горад, колькі ўжо было няшчасных выпадкаў з прычыны такой цісканіны вазоў, коні і людзі ў такой абмежаванай прасторы. Усе вуліцы, якія прымыкаюць да цэнтра, забіваюцца фурманкамі. 
Было бы вельмі пажадана, каб ваявода калі-небудзь нечакана завітаў у якісь чацвер да Ашмяны ў час паміж 12 і 15 гадз., я ўпеўнены, ён не здолей бы даехаць да цэнтра горада. 
Вынас рынка на так званы выган не выгадны жыдам, якія маюць свае крамы ў цэнтры горада, яны шмат страцілі бы на гэтым пераносу, таму стараюцца ўсімі магчымымі і немагчымымі спосабамі захаваць існуючы стан рэчаў. Але калісьці гэта павінна скончыцца! 
Ужо не раз аб гэтых справах пісалі на старонках газет, шчыра кажучы, як карэннаму ашмянцу, мне балюча ад такой гарадской гаспадаркі. Спадзяюся, што чым больш будзе сказана і напісана аб гэтым, тым хутчэй якая-небудзь рука скіруе ўсе справы на правільны шлях.

Пасля ў газеце "Kurjer Wileński" Абрам Стругач (намеснік бурмістра) адказаў на гэту крытыку:

Балячкі Ашмяны
У свой час, я скарыстаўся старонкамі “Кур’ера Віленскага” (24.11.1928г. №270), каб у артыкуле “Супраць няслушнай крытыкі і фальшывых прэтэнзій” абвергнуць хлусню ананімнага карэспадэнта Z.G. віленскага “Слова”.
Да гэтага часу, на той свой артыкул не атрымаў адказа. А нядаўна газета “Слова” ў раздзеле “Эха Краёвае” (3.03.1929г.) апубліквала карэспандэнцыю з Ашмяны на гэты раз асобы, якая хаваецца пад псеўданімам “Ре…О”.
Верны свайму прынцыпу барацьбы за праўду з узнятым забралам яшчэ раз дазволю сабе прывесці наступнае тлумачэнне, якое абвяргае фальшывую вестку “Ре…О”.
На гэты раз карэспандэнт “Слова” апавядае аб справе двух ашмянскіх “балячак”.
Першая балячка – праблема будаўніцтва агульнаадукацыйнай школы коштам паўмільёна злотых і якую, як “даходзяць чуткі… будаваць пастанавілі на зусім непрыдатным месцы, далёка ад цэнтра, на самым ускрайку горада, каля жыдоўскіх могілак, бо так вырашылі “бацькі” горада”.
На самой справе “бацькі” горада хочуць пабудаваць агульнаадукацыйную школу, кошт якой надзвычай вялікі для небагатага горада, будынак якой адпавядаў бы сучасным патрэбам педагогікі і гігіены, школу абсталяваную пляцоўкай для гульняў, стадыёнам, эксперыментальнымі садамі, спартыўнай пляцоўкай і г.д.
Нават недасведчанаму чалавеку ў сферы адукацыі і гігіены, зразумела, што цэнтр горада зусім неадпавяднае месца для школы.
З нагоды, адзначу, што ашмянская гімназія знаходзіцца ў кіламетры ад горада.
Таксама трэба заўважыць, што па праекту для школы разам вышэйузгаданымі пляцоўкамі патрэбна аж 3 гектара зямлі.
Што датычыцца запланаванай пляцоўкі, не прымаючы боязь або нелюбоў “Ре…О” нават да яўрэйскіх нябошчыкаў, то я, як член будаўнічай камісіі, таксама лічу яго не адпаведным і ў свой час выказаў votum separatum (асобнае меркаванне), у сувязі з чым, гэта справа не была зацверджана рашэнням ашмянскага старасты – і была перагледжана. Але знайсці больш адпаведную пляцоўку не атрымалася па іншым прычынам.
Знайсці 3 га паблізу цэнтра, гарантуючых добрае паветра і г.д. не простая справа.
Адзіная адпаведная пляцоўка, якая знаходзіцца на беразе Ашмянкі, з’яўляецца касцельнай уласнасцю.
На гэтую пляцоўку звярнула сваю ўвагу будаўнічая камісія, прапанаваўшы набыццё або абмен жупранскаму дэканату.
Магістрат прапанаваў касцельным уладам узамен узгаданых 3 га пляцоўку плошчай аж 9 га – аднак безвынікова…
Ці не мог бы “Ре…О” са свайго боку паўплываць на рашэнне адпаведных касцельных улад, замест сваіх інсінуацый ў адрас “бацькоў” горада?
Ашмянскі павет мае славутае мінулае. Шэраг значных асоб, плеяда вядомых з гісторыі і літаратуры дзеячаў, сучасных лідэраў сацыяльнай мыслі паходзяць з нашага павета.
Ваенае знішчэнне, некалькі акупацый, памежная сітуацыя, якая склалася пасля вайны эканамічна зруйнавалі наш павет.
Noblesse oblige (становішча абавязвае) жыхарам нашага павета і горада прымаць за свой абавязак быць прыкладам суседнім паветам, з энэргіяй пераадольваць эканамічныя цяжкасці і ўносіць тэхнічна-культурныя паляпшэнні.
Узорная гідраэлектрастанцыя, мураваны мост у горадзе, дарогі і масты ў павеце, школы і г.д. усё гэта красамоўныя вынікі працы нашых мясцовых органаў улады.
А ўзорная агульнаадукацыйная школа ў Ашмяне, бадай першая такога роду ў нашым краі, гэта яшчэ адно дасягненне нашых органоў улады.

А цяпер другая „балячка” Pe...O: “справа вынасу рынка з цэнтра горада”.
Тут Pe...O даў ужо поўную волю сваёй багатай фантазіі: «ўсе вуліцы (падчас кірмаша), якія прымыкаюць да цэнтра, забіваюцца фурманкамі», і нават «колькі ўжо было няшчасных выпадкаў з прычыны такой цісканіны вазоў, коні і людзі ў такой абмежаванай прасторы"...
Я – карэнны ашмянец. Усё сваё жыццё я правёў у Ашмяне і не ўзгадаю ў нашым горадзе ніводнага «няшчаснага выпадку» ў страшнай «гандлёвай цеснаце».
У любым выпадку, паколькі Pe...O не чужынец у нашым горадзе, то ён мог пераканацца, што як мясцовыя жыхары горада, так і прыезджыя вяскоўцы прыкладаюць вялікія намаганні для падтрымання адпаведнага парадку і шмат каго можа толькі ўразіць іх дысцыпліна і разуменне патрабаванняў калектыўнага жыцця.
Pe...O мае нахабства, у дадатак дыскрэдытуючы давер да мясцовых улад, звяртацца ў сваім артыкуле да ваяводы, каб ён “калі-небудзь нечакана завітаў у якісь чацвер да Ашмяны ў час паміж 12 і 15 гадз.” ... і ўпэўнены – працягвае Pe...O – “то не здолей бы даехаць да цэнтра горада”.
Тут нагадаю, што акурат у чацвер падчас кірмаша “нечакана завітаў” на аўтамабіле ў Ашмяну міністр унутраных спраў генерал Складкоўскі і якраз у кампаніі з ваяводам.
Ці госці не ехалі на аўтамабілях праз цэнтр горада? Дзе ж, Pe...O, Ваша “то не здолей бы даехаць да цэнтра горада”?
Як і перш у справе з агульнаадукацыйнай школай, так і зараз у справе рынка, Pe...O зноў асядлаў свайго баявога жарабца і выстраліў з “Вялікай Берты” па інтарэсах яўрэяў, але гэтым разам ужо не  нябожчыкаў:
“Вынас рынка на так званы выган не выгадны жыдам, якія маюць свае крамы ў цэнтры горада, яны шмат страцілі бы на гэтым пераносу”...
Па-першае, калі на самой справе з-за пераносу рынка будуць мець страту ўсе ашмянскія яўрэі, якія складаюць значную частку насельніцтва, то тады трэба вельмі сур'ёзна падумаць над пытаннем збяднення гэтых людзей і поўнага зруйнавання гандля ў Ашмяне.
Pe...О, зразумела, складана было бы ўсіх тых яўрэяў, з прычыны адсутнасці належнай падрыхтоўкі, напрыклад, зрабіць дзяржаўнымі чыноўнікамі. Можа значна прасцей, скарысташыся наіўна зразуметым нацыянальным інтарэсам, устарэлых эндэкаў, можна было папоўніць гэтымі людзьмі шэрагі безпрацоўных у краі...
Што маецце на ўвазе, Ре…О?
Але пакінем антысеміцкія тэнденцыя Pе...O. Ці ўрэшце рынак у павятовым горадзе не з’яўляецца сялянскім гуртком, дзе ў атмасферы ўзаемнай павагі адбываецца абмен прадуктамі асобных вясковых гаспадарак?
Прыкра, што трэба пісаць аб такіх элементарных рэчах, што вясковая, сельскагаспадарчая прапанова патрабуе попыту урбаністычна-прамысловага, што гэты абмен «цэнтра» з «перэферыяй» і вырашаецца кірмашамі.
Цэлы шэраг новых культур, вырошчванне якіх у вясковай гаспадарцы магчыма толькі ў нязначных маштабах, як напрыклад лён, рацыянальны якраз дзякуючы арганізацыі штотыднёвых кірмашоў у павятовым цэнтры. Дзе агенты пасрэднікі не толькі набываюць прывезеныя тавары, але дзякуючы дыференцыяцыі цэн і вызначаных патрабаванняў павышаюць узровень якасці вясковай прадукцыі. А разнастайнасць прывезеных кожнай гаспадаркай тавараў становіцца для асобнага землеўласніка карыснай выставай, жывой школай тэхнічных удасканаленняў у галіне яго гаспадаркі і г. д.
Таксама наўрад ці атрымаў бы Ре…О удзячнасць ад прыехаўшых на рынак сялан, якім прапанаваў бы набываць неабходныя ім «лавачныя» тавары на пустым выгане.
Я таксама не ўпэўнены, што гэта вырашыла бы праблему забяспячэннасці горада харчаваннем, калі б гарадскім хатнім гаспадыням трэба было бы адпраўляцца на прыгарадны выган па малочныя і іншыя прадукты.
Так выглядае гандлёвая справа, Ре…О, пра якую вы пафасна ўсклікаецце: „Але калісьці гэта павінна скончыцца!”.
Пішыце, Ре…О, што Вы карэнны ашмянец. Нажаль, хаваючыся пад псеўданімам, Вы не даяце магчымасці гэтага пацвердзіць, а змест Вашага артыкульчыка выдае выразна ілжывасць гэтага сцвярджэння.
Спадары з апазіцыі да мясцовага самакірвання, спадары даносчыкі на мясцовыя ўлады, спадары з кагорты завадыроў да нацыянальнай барацьбы, баламуты і разбуральнікі сапраўднай творчай працы – знайдзіце хоць трохі смеласці, каб адважна выступіць са сваімі абвінавачваннямі пад уласнымі імёнамі…
Я звяртаюся да ўсёй польскай прэсы ў Вільне, каб спынілі традыцыю размяшчэння брудных ананімаў пад выглядам карэспандэнцыі з правінцыі.
А. Стругач

воскресенье, 4 февраля 2018 г.

Двор Навасёлкі

У XVI ст. Навасёлкі належалі князам Гальшанскім, ад якіх перайшлі да Радзівілаў, уладальнікаў суседніх Жупран. У пачатку XIX ст. Жупраны, Навасёлкі і Станькава (размешчана на Міншчыне) сталі ўладаннямі Караля Чапскага (н. у 1778 г.), сына Францішка і Веранікі з Радзівілаў. У 1819 г. ён прыкупіў да Навасёлак яшчэ суседні фальварак Алізава. Пасля Караля Жупраны і Навасёлкі з Алізавам аддзядзічыў яго сын Адам Чапскі (1819-1874), а затым унук Адам Ігнацы (н. у 1849 г.). 


Адам Чапскі-малодшы разабраў існуючы тут дом, нікім не апісаны, і пабудаваў у Навасёлках у 1893 г. вялікі эклектычны палац, у якім налічвалася 40 пакояў і залаў. Ён быў задуманы як велікасвецкая рэзідэнцыя. 

У будынку былі маленькія трохвосевыя, выгнутыя лукам выступы. Краі былі вышэй, чым астатняя забудова, накрытая гладкім сціснутым дахам. Уздоўж усяго агарода была тэраса са ступенямі ў парк, які быў пасаджаны раней, чым быў пабудаваны палац. У доме мелася старадаўняя мэбля. Сцены вылажаны кафляй і абклеены палатном і шпалерамі. Частка пакояў мела марскія замалёўкі. Апошні ўладальнік Навасёлак збіраў палотны мастакоў. З некаторых успамінаў высвятляецца, што тут была калекція Чыполы і Каналеты. Вялікую каштоўнасць мелі бібліятэка, старыя рэчы з серабра і фарфору. Рэзідэнцыя Чапскіх, самая вялікая на Беларусі, згарэла ў час 2-й сусветнай вайны.

"Памяць. Ашмянскі раён". Пераклад з польскай мовы В.Р.Бандарэвіча і К.І.Валюк ("Aftanazy. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Tom 3")

Паштоўка з polona.pl
Фотаздымак з кнігі Янкоўскага "Powiat Oszmiański" ч.1
Паводле кнігі Гашкевіча "Виленская губернія. Полный списокъ населенныхъ мѣстъ со статистическими данными о каждомъ поселеніи" (1905 г.), акрамя маёнтка Навасёлкі (4819 дзесяцін зямлі) Чапскім у Ашмянскім павеце належылі: маёнтак Скірдзімы (2855), фальваркі Канстанцінава (200), Латавічы (155), Ядзвігава (140), Жупраны (137), Яніна (60), Граніца (40), Зарэчча (40), Борці (40), Луніна (40), Самасёва (20), засценкі Альгецішкі (120), Раманаўшчына (40), Асінава (40) і інш.
Да нашага часу захаваліся стайня (дзейнічае), свіран, рэшткі гаспадрчых пабудоў і стаў.
Стайня і свіран?
Стаў