воскресенье, 17 марта 2019 г.

Будынак пры ўваходзе на яўрэйскія могілкі

У артыкуле Сяргея Сергачова "Деревянная архитектура Ошмян и Гольшан (по материалам ошмянского БТИ конца 1940 - начала  1960-ых гг.)" узгадваецца пра адзін цікавы будынак, які знаходзіўся каля яўрэйскіх могілкаў.

Ашмяны, вул. Мицкевича, 136. Будынак для пахавальнага рытуалу. 1925 г.
Фота 1948 г.
Урывак з артыкула:
"...Здание, неизвестное сейчас в типологических рядах объектов архитектуры Беларуси, стояло по ул. Мицкевича, 136. По информации местных жителей, оно было связано с похоронным обрядом еврейского населения Ошмян и размещалось перед кладбищем. По центру здания имелся сквозной проход, который с обеих сторон закрывали двухстворчатые ворота и отдельная дверь с окном над нею. Проход делил здание на две неравные части, слева – в плане квадрат с внутренними размерами сторон по 3 сажени. Входы в обе части здания из прохода сделаны явно несимметрично. Размеры окон и их декоративное обрамление аналогичны наиболее распространенным решениям в застройке Ошмян конца XIX в. Конструктивные и художественные особенности створок ворот и двери – сочетание столярных приемов (филенки, несложная профилировка элементов, комбинирование положения досок, заполнявших поля филенок) с использованием элементов художественной резьбы делали их заметным акцентом главного фасада. Возможно, паспорт на него составлялся в связи с тем, что после войны какой-то период времени здание использовалось в качестве жилого дом..."
Абмер будынка, 1948 г.
Гэты будынак можна яшчэ ўбачыць на кадрах відэа 1930-ых гг.
Фрагмент з відэа (у GIF фармаце)
Каля яўрэйскіх могілкаў знаходзілася два будынка. Але дзякуючы відэа, можна вызначыць, што гэты будынак знаходзіўся ў паўночнай частцы могілкаў (на карце пад №1), як раз там, дзе зараз знаходзіцца сучасны ўваход. А будынак пад №2 яшчэ існаваў у пачатку 2000-ых гг. і магчыма таксама меў рытуальнае прызначэнне.


Вось што напісана пра гэты тып будынкаў у рускай Вікіпедыі ў артыкуле "Похоронные обряды и обычаи в иудаизме":

"...Сопровождающие тело покойного собираются в помещении, которое называется Бейт моэ́д лехо́ль хай — «Дом, предназначенный для каждого живущего». Оно находится обычно при входе на кладбище. (Коэнам вход туда запрещен!) В этом помещении оплакивают умершего, в его честь говорят последнее слово, а хазан произносит отрывки из Священного Писания, в которых выражается признание справедливости приговора Всевышнего и которые побуждают живых задуматься о собственной жизни..."

вторник, 22 января 2019 г.

Гасцініца і Цырульня

На вуліцы Жупранскай (пазней ul. Piłsudskiego, зараз вул. Савецкая), недалёка ад царквы, знаходзіўся драўляны будынак з мезанінам. У міжваенны час побач з ім быў пабудаваны так званы дом пані Пляўгавай.
Дом Пляўгавай і будынак з мезанінам
Будынак можна сустрэць на некалькіх старых фотаздымках:
Але больш дэталёва яго можна ўбачыць на відэа 1930-ых гг. Магчыма разгледзіць нават некторыя шыльды і надпісы. Так на першых дзвярах справа - надпіс HOTEL, а над другімі дзвярамі справа і на суседніх вокнах - шыльда і надпісы FRYZJER (цырульнік):
Напэўна, у гэтым будынку знаходзіўся і рэстаран, што вядома з плана Ашмянаў 1939 г., дзе як раз прыкладна гэта месца пазначана REST.-HOTEL.

Yайбольш верагодным уладальнікам гасцініцы і рэстарана мог быць Абрам Карчмер, а цырульні - Ёсель Шапіра.

Будынак быў знесены прыкладна у другой палове 1970-ых гг., пасля пабудовы Дома Саветаў.

четверг, 22 ноября 2018 г.

Апошні ашмянскі павятовы маршалак

Аляксандр Антонавіч Дабжынскі (Aleksander Dobrzyński).
Нарадзіўся прыкладна ў 1875 годзе, магчыма ў Адэсе, у сям'і знакамітага пракурора Антона Францавіча Дабжынскага (1844-1897). Вядома, што Аляксандр меў брата Віктара і сястру Вольгу.
Аляксандр Дабжынскі (фотаздымак з сайта bohdanowka.neostrada.pl)
Прыкладна ў 1890-ых гг. Дабжынскія набылі ў Ашмянскім павеце маёнтак Лоша з фальваркам Устрань (каля Астраўца), а таксама маёнтак Багданаўка з фальваркам Пярлова Гара (каля Крэва).

З "Памятных кніжак" можна даведацца, што Аляксандр Дабжынскі працяглы час выконваў абавязкі земскага начальніка 3-га ўчастка Ашмянскага павета (узгадваецца ў кніжках за 1905-13 гг.).

А 9 верасня 1913 г. Дабжынскі быў прызначаны ашмянскім павятовым прадвадзіцелям дваранства (маршалкам). 
З газеты "Виленскія губернскія вѣдомости" 21.09.1913 №75
Трэба адзначыць, што Дабжынскі быў католікам, а пасля паўстання 1863-64 гг. на гэтай пасадзе былі толькі праваслаўныя (акрамя Мацвея Ахматовіча, які быў магаметанінам).

Адначасова Дабжынскі выконваў абавязкі старшыні павятовага з'езда, павятовай землеўпарадкавальнай камісіі і гарадскога дабрачыннага таварыства.

Але быў маршалкам ён нядоўга, бо хутка пачалася 1-ая сусветная і Дабжынскі адправіўся на вайну. А сям'я яго з'ехала ў Адэсу да родных жонкі.

І толькі ў 1922 г. яны вярнуліся ў свой маёнтак Багданаўка. 

Пасля вяртання Аляксандр быў абраны прэзідэнтам Саюзу Зямян (Związku Ziemian) і  выконваў гэту функцыю да сваёй смерці.

Жонкай Аляксандра была Марыя з Балінскіх, якая пражыла каля ста гадоў (памерла ў 1986 г.). Мелі яны 5 дзяцей: Софія (1910-1997), Усевалад (1912-1983), Вацлаў (1919-?), Алена? і Ірына (1926-2010). Больш інфармацыі пра іх сям'ю можна знайсці на сайце bohdanowka.neostrada.pl

13 чэрвеня 1929 г. Аляксандр Дабжынскі здзейсніў самагубства ў сваім маёнтку Багданаўка. Прычына - нервовы зрыў.
З газеты "Kurjer Wileński" 26.06.1929 №143