Аляксандр Антонавіч Дабжынскі (Aleksander Dobrzyński).
Нарадзіўся прыкладна ў 1875 годзе, магчыма ў Адэсе, у сям'і знакамітага пракурора Антона Францавіча Дабжынскага (1844-1897). Вядома, што Аляксандр меў брата Віктара і сястру Вольгу.
Аляксандр Дабжынскі (фотаздымак з сайта bohdanowka.neostrada.pl) |
Прыкладна ў 1890-ых гг. Дабжынскія набылі ў Ашмянскім павеце маёнтак Лоша з фальваркам Устрань (каля Астраўца), а таксама маёнтак Багданаўка з фальваркам Пярлова Гара (каля Крэва).
З "Памятных кніжак" можна даведацца, што Аляксандр Дабжынскі працяглы час выконваў абавязкі земскага начальніка 3-га ўчастка Ашмянскага павета (узгадваецца ў кніжках за 1905-13 гг.).
А 9 верасня 1913 г. Дабжынскі быў прызначаны ашмянскім павятовым прадвадзіцелям дваранства (маршалкам).
З газеты "Виленскія губернскія вѣдомости" 21.09.1913 №75 |
Трэба адзначыць, што Дабжынскі быў католікам, а пасля паўстання 1863-64 гг. на гэтай пасадзе былі толькі праваслаўныя (акрамя Мацвея Ахматовіча, які быў магаметанінам).
Адначасова Дабжынскі выконваў абавязкі старшыні павятовага з'езда, павятовай землеўпарадкавальнай камісіі і гарадскога дабрачыннага таварыства.
Але быў маршалкам ён нядоўга, бо хутка пачалася 1-ая сусветная і Дабжынскі адправіўся на вайну. А сям'я яго з'ехала ў Адэсу да родных жонкі.
І толькі ў 1922 г. яны вярнуліся ў свой маёнтак Багданаўка.
Пасля вяртання Аляксандр быў абраны прэзідэнтам Саюзу Зямян (Związku Ziemian) і выконваў гэту функцыю да сваёй смерці.
Жонкай Аляксандра была Марыя з Балінскіх, якая пражыла каля ста гадоў (памерла ў 1986 г.). Мелі яны 5 дзяцей: Софія (1910-1997), Усевалад (1912-1983), Вацлаў (1919-?), Алена? і Ірына (1926-2010). Больш інфармацыі пра іх сям'ю можна знайсці на сайце bohdanowka.neostrada.pl
13 чэрвеня 1929 г. Аляксандр Дабжынскі здзейсніў самагубства ў сваім маёнтку Багданаўка. Прычына - нервовы зрыў.
З газеты "Kurjer Wileński" 26.06.1929 №143 |
Комментариев нет:
Отправить комментарий