вторник, 10 ноября 2020 г.

Месмахер

У спісах домаўласнікаў, якія мелі права ўдзельнічаць у выбарах у ашмянскае гарадское самакіраванне, звяртае на сябе ўвагу жанчына з незвычайным прозвішчам - Месмахер Юльяна Аляксандраўна. Яна была адной з найбольш багатых (без уліку яўрэяў) у Ашмянах, ацэнка яе маёмасці паводле спісаў за 1908 і 1913 гг. была 1200-1500 руб., больш было толькі ў некалькіх гаспадароў.

Ёсць Юльяна Месмахер і ў кнізе парафіян ашмянскага касцёла за 1909 г. Яе дзявочае прозвішча - Вярцінская, на момант запісу ёй было каля 38 гадоў, яе муж быў лютэранін (там ёсць не вельмі разборлівая паметка "м. лют.") і ў іх была сямігадовая дачка Дарота. Жылі яны на вуліцы Царкоўная (былая Папярэчная, сучасная Камсамольская), дзе акрамя Юльяны Месмахер было толькі дзве сям'і каталікоў.

Нарадзілася Юльяна 25 верасня 1870 г. у Ашмянах у шляхецкай сям'і Вярцінскіх Аляксандра і Канстанцыі з Суражаў. Аляксандр і Канстанцыя ўзялі шлюб у 1867 г., калі Аляксандру было ўжо 49 гадоў, а Канстанцыі 33.
Запіс аб хрышчэнні Юльяны Вярцінскай у ашмянскім касцёле

Муж Юльяны - Месмахер Фёдар Ягоравіч (у іншых крыніцах Георгіевіч, а таксама Фердзінандавіч) быў лекарам. Нарадзіўся ў 1837 г., медыцынскую адукацыю атрымаў у 1861 г. З медыцынскіх зборнікаў вядома, што доўгі час ён быў лекарам пры розных ваенных частках (да 1890 г. месца працы ў сборніках не пазначалася, была толькі пазнака Ваеннага Міністэрства), з 1890 па 1893 г. ён  быў старэйшым урачом 116-га пяхотнага палка (Рыга), з 1894 па 1895 г. - урачом 3-яй кавалерыйскай дывізіі (Коўна). З 1896 г. вольнапрактыкуючы ўрач, адразу ў Коўна, а з 1903 г. ў Ашмянах (у зборніках узгадваецца да 1910 г.). Даслужыўся да чына стацкі саветнік (V клас).

Фёдар быў старэйшым сынам у сям'і абруселага немца, рамесніка-карэтніка з Санкт-Пецярбурга. Яго брат Георг быў юрыстам, а яго малодшы брат Максіміліан стаў знакамітым архітэктарам. Іх маці звалі Дар'я Карлаўна.

Пра дачку Фёдара і Юльяны Месхамер Дароту вядома толькі, что нейкі час яна была кіраўніком школы ў Новай Вілейцы (спасылка).

Юльяна была не першай жонкай Фёдара Месмахера. Да яе ў яго была жонка Пелагея Сураж, якая таксама нарадзілася ў Ашмянах. Цікава, што Пелагея Сураж і Юльяна Вярцінская былі кузінамі. Пелагея нарадзілася 11 кастрычніка 1844 у сям'і Суражаў Аляксандра і Антнаніны з Градкоўскіх. Памерла 12 сакавіка 1899 у Вільні ад раку страўніка, пахавана на могілках Расу.
Запіс аб смерці Пелагеі. Спасылка (старонка 103)
Помнік на магіле Пелагеі Месамахер (спасылка)

Комментариев нет: