среда, 5 апреля 2023 г.

Фотагісторыя (7)

У суполцы Facebook "Oszmiana" даўно быў апублікаваны фотаздымак, часоў ІІ-ой сусветнай вайны, з подпісам "Oszmiana, Verlassener Russen-panzer" ("Ашмяны, пакінуты рускі танк"). На фотаздымку тры нямецкія жаўнеры аглядаюць савецкі танк БТ-7. Танк стаіць на нейкай вуліцы на якой бачны некалькі непрыкметных драўляных будынкаў. Першапачаткова было складана вызначыць, што гэта за месца.

Oszmiana, Verlassener Russen-panzer

У 2021 г. выйшла кніга Ўладзіміра Ліхадзедава "Ашмяны і ваколіцы. Падарожжа ў часе", у якой быў змешчаны цікавы здымак часоў І-ай сусветнай вайны. На гэтым фотаздымку нямецкія салдаты маршыруюць з аркестрам, з чаго можна зрабіць выснову, што  гэта адна з галоўных вуліц горада: Віленская (Жалігоўскага), Жупранская (Пілсудскага), або Гальшанская.

У кнізе здымак падпісаны як "Ашмяны. Кайзераўскія салдаты 1916-1917 гады"
Параўноваючы два гэтых здымка, асабліва фрагмент, які прыведзены ніжэй, можна з вялікай верагоднасцю вызначыць, што яны зроблены на адной вуліцы.
Падобны будынак на двух фотаздымках
На другім фотаздымку звяртае на сябе ўвагу будынак на далёкім плане. Гэта дастаткова распаўсюджаны тып будынка ў Ашмянах, напрыклад, вельмі падобны дом захаваўся на рагу вуліц Гальшанскай і Камсамольскай. Але ўлічваючы іншыя здымкі гэтага месца, было дакладна вызначана, што гэта будынак на вуліцы Чырвонаармейскай, 8 (былая Віленская, пасля Жалігоўскага). 
Будынак з іншага ракурсу
Для апазнавання гэтага месца карысным аказалась відэазапіс Арана Бароўскага 1930-ых гг. Там ёсць некалькі кадраў, якія былі зроблены, напэўна, на вуліца Жалігоўскага.
Склейка некалькіх кадраў з відэазапісу
Нескладана апазнаць, што хатка злева - гэта крайні справа будынак з першага фотаздымка. 
І ўсе пытынні аб тым, дзе быў зроблены гэты здымак зніклі, калі быў апублікаваны яшчэ адзін фотаздымак гэтага танка толькі з іншага ракурса.
Фотаздымак, які быў апублікаваны ў суполцы Facebook "Ашмянская генеалогія/Genealogia oszmiańska" Святланай Чарняк
На заднім плане бачна два будынкі, якія знаходзіліся на перакрыжаванні вуліц Чырвонаармейская і Міцкевіча. Убачыць іх яшчэ можна на дзвюх здымках часоў І-ай сусветнай вайны.
Ніжэй на аэраздымку 1944 г. пазначаны месца адкуль былі зроблены фотаздымкі, а таксама дзе знаходзіліся будынкі. Большасць хатак, як бачна з аэраздымка, было знішчана падчас ІІ-ой сусветнай вайны. Фрагмент аэраздымка ўзяты з артыкула "5 танковая дивизия, 25 июня 1941 г.,  ч.1" (блог polarfuchs-1.livejournal.com)
Блакітным колерам пазначаны будынкі, якія былі знішчаны, чырвоным - захаваўшыяся

среда, 22 марта 2023 г.

Фелікс Сабалеўскі. Некралог

Паведамленне аб смерці ашмянскага ўрача Фелікса Сабалеўскага ў газеце "Kurjer Warszawski" №80 ад 8 кветня 1862 г. (спасылка).

"У павятовым горадзе Ашмяна 3-га сакавіка памёр святой памяці Фелікс Сабалеўскі доктар медыцыны і хірургіі, надворны саветнік, студэнт былога Віленскага універсітэта, улюбёнец тагачаснага прафесара Анджэя Снядэцкага. Ён быў ашмянскім павятовым доктарам на працягу 29 гадоў. Усё сваё жыццё ён прысвяціў на карысць чалавецтва, заваяваў сэрца кожнага, усе яго шкадуюць. І бедны клас людзей Ашмяны і ваколіц аплаквае яго смерць, з болем успамінаючы, як ён, не аднойчы ўначы, выкліканы да хворага, без усякай прыкрасці, не зважаючы на карысць, спяшаўся аказаць медыцынскую дапамогу. А лепшым доказам таго, як любілі яго людзі, было тое, што калі мінулай вясной здароўе доктара Сабалеўскага пачало пагаршацца, грамадзяне, якія сабраліся на выбары павятовага маршалка ў Ашмяне, склаліся значнай сумай грошай, атрымалі дазвол ад урачэбнай улады і пашпарт ад Урада, і неадкладна адправілі яго на замежныя мінеральныя воды, дзе святой памяці Сабалеўскі правёў усё лета, а ўвосень вярнуўся да сям’і. На жаль! Толькі на выгляд здавалася, што здароўе яго палепшылася, але сiлы вiдавочна пачалi пакiдаць яго, усё больш узмацнялiся болi ў грудзях, з якiмі нічога не атрымалася зрабіць за усю мінулую суровую зiму. Ён памёр, пакінуўшы мілую памяць пра сябе для тых, хто ведаў яго, ён быў найлепшым мужам і бацькам, быў таварыскім і добрым. Яго заўчасная смерць пакідае ў няўцешным горы яго шаноўную жонку і дзвюх дачок. – К."

Дапаўненне да некралога:
Запіс аб смерці Фелікса Сабалеўскага
З запісу аб смерці таксама можна даведацца, што Феліксу было 56 гадоў, пасля сябе пакінуў удавой  Елену з Казакевічаў і дзвюх дачок Алімпію і Стэфанію. Пра Алімпію вядома, што яна нарадзілася ў 1836, яе мужа быў, напэўна, Ігнацы Жараўскі. Другая дачка Стэфанія-Эдуарда нарадзілася ў 1841, выйшла за Зыгмунта Марціноўскага. У Фелікса і Елены яшчэ было некалькі памерлых дзяцей: Эмілія-Паўліна (нар. 1838), Уладзіслава (нар. 1839), Напалеон-Ян (нар. 1843) і Ядзвіга-Габрыеля (нар. 1846). Жонка Фелікса Елена памерла ў 1865, пахавана ў Ашмянах. А з Памятных кніжак вядома як звалі бацьку Фелікса - Мацей.

Магіла Фелікса і яго жонкі знаходзіцца недалёка ад увахода на могілкі, побач ад магілы Аўгуста Рэнарда (спасылка).

вторник, 20 декабря 2022 г.

Вінцэнт Славецкі

Вінцэнт Славецкі - адзін з першых літографаў Літвы. Паходзіў ён з ашмянскай мяшчанскай сям'і.
Вінцэнт Славецкі. Аўтапартрэт (limis.lt)
У артыкуле  Ўладзіміра Іванавіча Рынкевіча "Літографы Віленскай мастацкай школы" (2004) пра Славецкага ўзгадваецца наступнае:
"Найбольш актыўнае засваенне новай графічнай тэхнікі ва універсітеце выпадае на 1820-1826 гг., калі друкаром і кіраўніком літаграфічнай майстэрні становіцца Вінцэнт Славецкі (1794-1844), ураджэнец Ашмянскага павета, вучань Ю. Саўндэрса. Яшчэ студэнтам ён набыў вопыт працы прасаўшчыка ва ўніверсітэцкай гравёрнай майстэрні. У 1817-1820 гг. як стыпендыят універсітэта ён не без поспеху ўдасканальваў сваё майстэрства ў гравіраванні па сталі і камяні ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Пасля вяртання ў Вільню за два гады ён прафесійна абсталяваў літаграфічную майстэрню і наладзіў вытворчасчь друкаванай прадукцыі на патрэбу універсітэта. Добра валодаючы малюнкам і разнастайнымі графічнымі тэхнікамі, ён сам рысаваў, рэзаў і друкаваў станковыя творы (партрэт прафесара універсітэта Э.Снядецкага, 1822; партрэт пісьменніка С.Трэмбецкага, 1822, партрэт князя Віталда; “Падарожжа ў Егіпет”), таксама ілюстрацыі да кніг (A.MaczuskiO pryjaźniach i przyaciołach” (Wilno, 1817), J.StrumiłłyOgrody północne” (Wilno, 1820)). У апошнія гады жыцця (з 1836) з-за пагаршэння зроку Славецкі прыпыніў занятак графікай, служыў настаўнікам малявання і каліграфіі ў Дынябурскай гімназіі (зараз г. Даўгаўпілс, Латвія)".

Некалькі літаграфій Вінцэнта Славецкага, якія можна адшукаць у інтэрнэце:
Партрэт паэта Станіслава Трамбецкага (polona.pl)
Партрэт Вітаўта (limis.lt)

Алегарычная кампазіцыя (polona.pl)
Віньетка часопіса "Dzieje dobroczynności krajowej i zagranicznej z wiadomościami ku wydoskonaleniu jej służącemi" (polona.pl)

Віньетка часопіса "Dzieje dobroczynności krajowej i zagranicznej z wiadomościami ku wydoskonaleniu jej służącemi" (polona.pl)
Вокладка да кнігі O pryjaźniach i przyaciołach”, Анджэй Мачускі, Вільня, 1817 (limis.lt)
Некалькі ілюстрацый Славецкага з кнігі Юзафа Струмілы Ogrody północne”, Вільня, 1820 (polona.pl):
У розных крыніцах пазначана, што Вінцэнт быў з Ашмянскага павета, але дзякуючы рэвізіям і метрычным кніжкам можна дакладна вызначыць месца яго паходжання - гэта горад Ашмяны.
Рэвізія 1795
Славецкія даўні ашмянскі род, яны яшчэ ўзгадваюцца ў інвентары за 1668 г. Бацька Вінцэнта Францішак с. Ежы Славецкі быў возны. Маці - Вікторыя з дому Кубіловіч. Яны пакінулі пасля сябе трох сыноў: Юзафа, Вінцэнта і Міхала. Міхал памёр у 1831 г. у 23 гады, улічваючы год смерці і малады ўзрост, напэўна яго забілі падчас задушэння паўстання ("ашмянская разня"). А Юзаф ажаніўся с Кацярынай Валчацкай і меў шмат дзяцей і ўнукаў, яго нашчадкі і сёння жывуць у ваколіцах Ашмянаў.

У рэвізіі за 1834 Вінцэнт сын Францішка Славецкі ўзгадваецца як ганаровы грамадзянін г. Вільні, ён жыў на вуліцы Партовой у доме Вульфа Якубсона, таксама адзначана, што ён займаецца жывапісам і быў ён халасты.
Подпіс Славецкага з рэвізіі 1834
На ашмянскіх могілках захавалася магіла бацькоў Вінцэнта. Надпіс на крыжы: "TU LEƵA, Rodice FRANCISZEK SŁAWECKI. lenerał, w.p.o. miał lat 70. umarł 1824; WIKTORYA lat 50. um. 1827; syn Wincenty Postawił."
У надпісе ёсць недакладнасці: 
1) маці Вінцэнта Вікторыя Славецкая насамрэч памерла 19 студзеня 1828. У метрычнай кніжцы пазначана, што ёй было 55 гадоў. А калі верыць рэвізіям, то яе ўзрост быў 58 гадоў.
2) з бацькам Вінцэнта Францішкам Славецкім больш пытанняў. З рэвізій вядома, што ён нарадзіўся каля 1765. Ёсць запіс аб смерці нейкага Францішка Славецкага 11.11.1821 у Ашмянах. У гэтым запісе пазначана, што ён быў селянін ("працавіты") і яму было 85 гадоў, але насамрэч ён быў мешчанін і меў каля 56 гадоў. Але пра іншых Славецкіх з Ашмянаў невядома, таму мне здаецца, што запіс за 1821 адносіцца да бацькі Вінцэнта, толькі там перавелічанны ўзрост памералага. А ў рэвізіі за 1816 адзначана, што Францішак Славецкі памёр у 1813. Але хутчэй усяго гэты запіс памылковы, магчыма Францішак удзельнічаў у вайне 1812 г. на баку Францыі і пасля хаваўся ад уладаў і родныя запісалі яго памерлым.

Крыж на магіле бацькоў Славецкага
Памёр Вінцэнт сын Францішка Славецкі 30 жніўня 1872 г. у Ашмянах. У запісе аб смерці аднзначана, што Вінцэнт быў халасты, меў чын калежскага сакратара (Х клас) і некалі з'яўляўся настаўнікам малявання Дынабургскай школы. Пазначана, што яму было 90 гадоў і памёр ён ад старасці, але насамрэч яму было каля 78 гадоў (перабольшванне ўзроста ў метрычных кніжках сустракаецца часта). Пахаваны праз 3 дня на ашмянскіх парафіяльных могілках.
Запіс аб смерці і пахаванні Вінцэнта Славецкага
Магіла Вінцэнта знаходзіцца каля яго бацькоў. Усе надпісы складана прачытаць. Крыж, магчыма, не першапачатковы.
Магіла Вінцэнта Славецкага
За наводку на Славецкага дзякуй Алене Жастковай