пятница, 12 февраля 2021 г.

Хрысціянская гандлёвая зала

Летам 1938 года на рыначнай плошчы Ашмянаў, побач з гандлёвымі радамі, было распачата будаўніцтва хрысціянскай гандлёвай залы (chrześcijańska hala targowa). Яна складалася з 20 крамаў, была 61 метр у даўжыню і 5 метраў у шырыню.

На першым фотаздымку часоў 1940-ых гг. хрысціянская гандлёвая зала.
Другі здымак 1930-ых гг., прыведзены як доказ, што на першым здымку менавіта хрысціянская гандлёвая зала, а не старыя гандлёвыя рады. 

Зала прызначалася для падтрымкі гандляроў хрысціянскага веравызнання і каб супрацьстаяць дамінаванню яўрэяў у гандлі. У той час значна ўзмацніўся антысемітызм, і Ашмяны не былі выключэннем, што вядома з газетных артыкулаў і ўспамінаў мясцовых яўрэяў.

12 ліпеня фундамент гандлёвай залы, па просьбе старшыні Хрысціянскага аб'яднання сельскіх гандляроў (Chrześcijański Związek Kupców Wiejskich i Straganiarzy) Здзіслава Сікорскага, асвяціў віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі, які прыехаў у Ашмяны ў сувязі з кансэцкрацыяй (асвячэннем) парафіяльнага касцёла.
Kurjer Wileński №192 15.07.1938
У кастрычніку 1938 будаўніцтва залы было скончана. Кошт будынка склаў 12 тысяч злотых. 9 кастрычніка адбылося асвячэнне гандлёвай залы ксяндзом Валер'янам Голякам. На асвячэнні прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўных органаў улады, гандлёвых і сельскагаспадарчых аб'яднанняў, прэсы і запрошаныя госці. З прамовамі выступілі ўжо згаданыя кс. Голяк і Здзіслаў Сікорскі, а таксама дырэктар Прамыслова-гандлёвай палаты інжынер Бараньскі, магістр Рыньца і іншыя.

Гэта была першая гандлёвая зала такога тыпу на Ziemiach Wschodnich. Планавалася яшчэ пабудаваць такія гандлёвыя аб'екты ў Маладзечна, Ракаве і іншых гарадах Віленшчыны.
Kurjer Wileński №279 11.10.1938
Будаўніцтва і адкрыццё хрысціянскай гандлёвай залы адбывалася не без перашкод. Паведамлялася, што, каб спыніць будаўніцтва залы, яўрэйскі кагал Ашмянаў прапанаваў за месца на рынку, дзе яна будавалася, 12 тыс. злотых. Але гарадскія ўлады не прынялі гэту прапанову. А таксама на адкрыцці залы група людзей спрабавала парушыць мерапрыемства.

Wieczorna Gazeta Wileńska №196 19.07.1938

суббота, 9 января 2021 г.

Пачатак вуліцы Жупранская. Частка 2

Спасылка на Пачатак вуліцы Жупранская. Частка 1.

 

Некалькі будынкаў вуліцы Пілсудскага (былая Жупранская) па няцотым баку.

Мураваны будынак у цэнтры малюнка захаваўся, усе астатнія даўно пазносілі. На аснове чаго зроблена рэканструкцыя гэтых будынкаў можно паглядзець па спасылках (1 і 2).

Так як вядомы адрасы некаторых суседніх будынкаў з гэтай вуліцы, то нумарацыя гэтых будынкаў хутчэй усяго была наступная:

Калі гэтая нумарацыя правільная, то з дапамогай запісаў у гандлёвым рэестру, тэлефонных даведнікаў і іншых крыніц можна вызначыць каму належылі і чым займаліся ў гэтых дамах.

№11 Кандытарская Мэера Мельніка і прадуктовая крама Розы Арлюк. А з відэазапіса можна дакладна даведацца, што тут была  абутковая майстэрня Рэзніка.


Кадр з відэазапісу

№13 Прадуктовая крама Нохума Шутана і кніжная крама Йоселя Ассірона.

№15 Мануфактурная крама Ісомера Шэйнбера.

№17 Рэстаран і гасцініца Шлёмы Шэлюбскага, магчыма тут была і "Resursa Obywatelska".

№19 Філіял "Centrala Spółdzielni Rolniczo-Handlowych".

вторник, 10 ноября 2020 г.

Месмахер

У спісах домаўласнікаў, якія мелі права ўдзельнічаць у выбарах у ашмянскае гарадское самакіраванне, звяртае на сябе ўвагу жанчына з незвычайным прозвішчам - Месмахер Юльяна Аляксандраўна. Яна была адной з найбольш багатых (без уліку яўрэяў) у Ашмянах, ацэнка яе маёмасці паводле спісаў за 1908 і 1913 гг. была 1200-1500 руб., больш было толькі ў некалькіх гаспадароў.

Ёсць Юльяна Месмахер і ў кнізе парафіян ашмянскага касцёла за 1909 г. Яе дзявочае прозвішча - Вярцінская, на момант запісу ёй было каля 38 гадоў, яе муж быў лютэранін (там ёсць не вельмі разборлівая паметка "м. лют.") і ў іх была сямігадовая дачка Дарота. Жылі яны на вуліцы Царкоўная (былая Папярэчная, сучасная Камсамольская), дзе акрамя Юльяны Месмахер было толькі дзве сям'і каталікоў.

Нарадзілася Юльяна 25 верасня 1870 г. у Ашмянах у шляхецкай сям'і Вярцінскіх Аляксандра і Канстанцыі з Суражаў. Аляксандр і Канстанцыя ўзялі шлюб у 1867 г., калі Аляксандру было ўжо 49 гадоў, а Канстанцыі 33.
Запіс аб хрышчэнні Юльяны Вярцінскай у ашмянскім касцёле

Муж Юльяны - Месмахер Фёдар Ягоравіч (у іншых крыніцах Георгіевіч, а таксама Фердзінандавіч) быў лекарам. Нарадзіўся ў 1837 г., медыцынскую адукацыю атрымаў у 1861 г. З медыцынскіх зборнікаў вядома, што доўгі час ён быў лекарам пры розных ваенных частках (да 1890 г. месца працы ў сборніках не пазначалася, была толькі пазнака Ваеннага Міністэрства), з 1890 па 1893 г. ён  быў старэйшым урачом 116-га пяхотнага палка (Рыга), з 1894 па 1895 г. - урачом 3-яй кавалерыйскай дывізіі (Коўна). З 1896 г. вольнапрактыкуючы ўрач, адразу ў Коўна, а з 1903 г. ў Ашмянах (у зборніках узгадваецца да 1910 г.). Даслужыўся да чына стацкі саветнік (V клас).

Фёдар быў старэйшым сынам у сям'і абруселага немца, рамесніка-карэтніка з Санкт-Пецярбурга. Яго брат Георг быў юрыстам, а яго малодшы брат Максіміліан стаў знакамітым архітэктарам. Іх маці звалі Дар'я Карлаўна.

Пра дачку Фёдара і Юльяны Месхамер Дароту вядома толькі, что нейкі час яна была кіраўніком школы ў Новай Вілейцы (спасылка).

Юльяна была не першай жонкай Фёдара Месмахера. Да яе ў яго была жонка Пелагея Сураж, якая таксама нарадзілася ў Ашмянах. Цікава, што Пелагея Сураж і Юльяна Вярцінская былі кузінамі. Пелагея нарадзілася 11 кастрычніка 1844 у сям'і Суражаў Аляксандра і Антнаніны з Градкоўскіх. Памерла 12 сакавіка 1899 у Вільні ад раку страўніка, пахавана на могілках Расу.
Запіс аб смерці Пелагеі. Спасылка (старонка 103)
Помнік на магіле Пелагеі Месамахер (спасылка)