суббота, 28 сентября 2013 г.

Капліца ў Палянах

Самая старая дзеючая капліца ў Ашмянскім раёне. Пабудавана ў 1810 г. з дрэва. Размешчана на вясковых могілках. Асвечана ў гонар Св. Ганны. У 1991 г. адрамантавана вернікамі з дапамогай калгаса "Маяк". Гэта адназрубная безапсідная святыня ў стылі класіцызм, галоўны фасад вырашаны ў выглядзе чатырохкалоннага порціка, у самым левым інтэркалумніі якога падвешаны звон. Інтэр’ер перакрыты плоскай падшыўной столлю, падлога цагляная, над уваходам хоры на двух слупах.

(Інфарамацыя з кнігі "Памяць. Ашмянскі раён" і газеты "Слова Жыцця").

пятница, 27 сентября 2013 г.

Каплічка ў Піктушы

Каплічка імя Божай Міласэрнасці знаходзіцца паміж невялкімі вёскамі Піктуша, Дзяліна і Бурцішкі, недалёка ад цэнтра сельсавевта Крэйванцаў.
Пабудавана ў 1930-ых гг. (паводле globus.tut.by). Адноўлена ў 2010 г. (асвечана біскупам Аляксандрам Кашкевічам).

вторник, 24 сентября 2013 г.

Каплічка ў Алянах

Вёска Аляны вядома з XVI ст. як уласнасць Ашмянскага староства.
Ужо ў 1782 г. тут, ва ўладанні ашмянскай суддзёўны Важынскай, была “ўзнесена” капліца, але праз паўстагоддзя яна ўжо не дзейнічала. 

Калі пасля падаўлення паўстання 1831 г. Парфірый Важынскі (старшыня Ашмянскага трыбунала, удзельнік вайны 1812-14 гг.) быў сасланы ў Сібір, ён даў зарок пабудаваць, а дакладней – адрадзіць, у сваім маёнтку капліцу, калі вернецца на радзіму. Адбылося гэта толькі праз 25 гадоў, але абяцанне сваё пан Важынскі выканаў. Так на мясцовых могілках з’явілася каменная капліца ў стылі класіцызм. У алянскім палацы Важынскіх здаўна знаходзілася копія абраза Маці Божай Барунскай, па легендзе, калі царскія ўлады вырашылі зачыніць барунскі кляштар, Важынскія замянілі арыгінал на копію. У 1926 г. абраз быў вернуты ў касцёл, у 1927 г. рэстаўрыраваны віленскай мастачкай Г. Шрамоўнай. Капліца спачатку была прыпісана да ашмянскай парафіі, але пасля паўстання 1863 г. яна была зачынена і пакінута. “За польскім часам” капліца адрадзілася і належала да барунскай парафіі. Сёння яна знаходзіцца ў зруйнаваным стане. Капліца ўзведзена з бутавага каменю з атынкаванымі ўстаўкамі з цэглы. Уяўляе сабою атынкаваны знутры зальны аб’ём са слаба выяўленым трансептам, яго тарцы – як галоўны, так і алтарны фасады – завяршаліся трохвугольнымі франтонамі. Кампазіцыю капліцы ўвенчвала, магчыма, толькі сігнатурка. Пад капліцай зроблены склеп-пахавальня.
Тэкст узяты з газеты "Слова Жыцця".