воскресенье, 17 сентября 2023 г.

Ксёндз Ян Курчэўскі. Паходжанне

Ян Курчэўскі (1854-1916) - святар і гісторык. На беларускай Вікіпедыі (спасылка на артыкул) адзначана, што ёсць дзве версіі месца яго паходжання - Данюшава і Солы. Як звалі яго бацькоў звестак няма.
Ян Курчэўскі (polona.pl)
З дапамогай метрычных кніжак, якія ёсць на FamilySearch.org гэтую інфармацыю можна адшукаць. Прозвішча Яна ў запісе аб хросце напісана з памылкай - Крушэўскі. Магчыма гэта і было прычынай таго, што былі сумненні ў месцы яго нараджэння. Нарадзіўся ён у Солах. Яго бацькамі былі Марцін і Ганна (з Хацілоўскіх). 
Спасылка на запіс
Памылка ў прозвішчы пацвярджаецца тым, што ёсць іншыя запісы з яго бацькамі. Так, у 1851 годзе ў Данюшаўскім касцёле ахрысцілі яго брата Гіпаліта.
Спасылка на запіс
А шлюб яго бацькі ўзялі ў Смаргонях, адкуль была яго маці.
Спасылка на запіс
У рэвізіі за 1834 г. (спасылка на запіс) яго дзед Караль сын Бартламея ўзгадваецца ў вёсцы Данюшава, але адзначана, што ён туды перамясціўся з суседняй вёскі Заблоцце.

Трэба яшчэ звярнуць увагу на хросных бацькоў Яна. Гэта былі шляхцічы Тадэвуш Стэльніцкі і Канстанцыя Свенціцкая, што не зусім звычайна, так як яго бацькі былі сяляне. А сярод прысутных на хросце ўзгадваецца нават пробашч Сольскага касцёла кс. Пётр Жылінскі. Цікава, што пасля, на пачатку служэння Яна Курчэўскага ў Вільні Пётр Жылінскі якраз ўзначальваў Віленскую дыяцэзію.
Пётр Жылінскі (спасылка на артыкул у Вікіпедыі)
Прычынай таго, што Ян нарадзіўся ў Солах, а не ў Данюшаве, адкуль быў яго бацькі, а таксама значнасць асоб прысутных на яго хросце была ў тым, што бацька Яна Марцін быў арганістам. Напэўна яго бацьку запрасілі ў нядаўна пабудаваны касцёл у Солах на працу. Аб тым, што Марцін быў арганістам вядома з яго характарыстыкі, якую яму выдалі ў Ашмянскім касцёле, дзе ён працаваў не менш чым 9 год.
З фондаў Бібліятэкі Врублеўскага Літоўскай акадэміі навук (elibrary.mab.lt)
Тэкст характарыстыкі:
"Свидетельство 
Дано сие от настоятеля Ошмянского Р.К. приходского костела и декана органистому сего костела крестьянину Свенцянского уезда Данюшевской волости Мартину Карловичу Курчевскому в том: что, он Курчевский в продолжении девяти лет должность органиста исполнял усердно и акуратно поведения был хорошего и вел себя чрез все время трезво и честно. В чем подписом и с приложением казенной печати удостоверяю. Апреля 22 дня 1867 года г. Ошмяна. 
И. д. Ошмянского настоятеля и декана викарный Ошмянского костела Кс. Коссовский"

Улічваючы той факт, што бацька Яна быў арганістам, можна і невыпадкова, што ксёндз Курчэўскі пасля набыў для Данюшаўскага касцёла арган.
Арган Данюшаўскага касцёла. Фота з Argany.by
І арган гэты не абы-які, а з капліцы Вострай брамы. Дзе, дарэчы, доўгі час пробашчам быў ужо ўзгаданы Пётр Жылінскі.
Арган капліцы Вострай брамы. Малюнак з "Віленскага альбома" (polona.pl)

Комментариев нет: