четверг, 8 ноября 2018 г.

Дзе знаходзіцца сядзіба Стругача

Пра сядзібу Стругача неаднаразова пісалі карэспандэнты розных газет і сайтаў. І амаль паўсюль адзначаюць, што знаходзіцца яна ў вёсцы Будзёнаўка (да 1949 г. - вёска Святы Дух).
Сядзіба Стругача, фотаздымак 2011 г.
Але насамрэч тэрыторыя былога маёнтка Стругача адміністрацыйна адносіцца да горада Ашмяны. Да 2011 г. сядзіба мела адрас - пасёлак Школьны (які ўваходзіў у склад горада), а пасля таго, як была праведзена рэарганізацыя элементаў вулічна-дарожнай сеткі, атрымала адрас - вуліца Стругача Л.Д.
фрагмент карты 2008 г.
фрагмент карты 2015 г.
І ў той час, калі ўладальнікамі маёнтка былі Стругачы, гэта тэрыторыя не адносілася да вёскі Святы Дух, а быў гэта маёнтак Панавелішкі, побач з аднайменным засценкам.
фрагмент карты 1930-ых гг.
Для пацвярджэння таксама можна прывесці тэлефонныя даведнікі часоў Польскай Рэспублікі, дзе адрас Абрама Стругача - maj. Panawieliszki.
І у кнізе "Памяць. Ашмянскі раён" ў апісанні ашмянскай школы-інтэрнат для глухіх дзяцей напісана наступнае: "...адкрыта ў кастрычніку 1944 г. у былым панскім маёнтку Панавелішкі (уладальнікі Стругачы)..."

Знік тапонім Панавелішкі адносна нядаўна, бо яшчэ на тапаграфічнай карце канца 1970-ых гг. ён прысутнічае.
фрагмент тапаграфічнай карты 1979 г.
Яшчэ можна дадаць, што Панавелішкі, таксама як Повішні, Міхалконі і Моргі, у часы Расійскай імперыі былі засценкамі, дзе жылі ашмянскія мяшчане і адміністрацыйна гэтыя населеныя пункты адносіліся да горада Ашмяны. 

Комментариев нет: