У 2-й палове XVIII ст. маёнтак быў уласнасцю Вінцэнта Грабскага, у якога яго ў 1796 г. купіў Якуб Умястоўскі (1764-1809), жанаты з Ганнай Пузынянкай, і там некалькі гадоў жыў. Да маёнтка Клявіца належалі ў той час вёскі Лепе, Каханы, Зарачаны, Борці і іншыя. У 1805 г. Умястоўскі купіў яшчэ Жамыслаўль са старым палацам і перасяліўся ў новую сядзібу. Наступным гаспадаром Клявіцы стала яго ўдава Ганна Умястоўская (1764-1851), якая раздзяліла маёнткі паміж трыма сынамі, а Клявіцу пакінула сабе, каб там дажываць век.
Пасля яе смерці маёнтак атрымаў у спадчыну унук Ганны Умястоўскай Альберт (1840-1876), сын Казіміра. Альберт памёр маладым і нежанатым. Сядзіба перайшла да брата Уладзіслава, які пастаянна жыў у Жамыслаўлі. Апошняй наследніцай Клявіцы была ўдава Уладзіслава Яніна з Астрарогаў-Садоўскіх, якая пасля 1-й сусветнай вайны сваю маёмасць раздзяліла, аднак сабе пакінула цэнтральную сядзібу, у якой адзін з будынкаў ператварыла ў дом адпачнку “Братняя дапамога для віленскіх студэнтаў”.
У Клявіцы знаходзіўся прыгожы драўляны дом класічнага стылю, пабудаваны прыблізна на мяжы XVIII i XIX ст. Якубам Умястоўскім. Аднапавярховы будынак стаяў на фундаменце ў выглядзе падоўжанага прамавугльніка. З боку ўезда каля галоўнага ўвахода быў ганак з чатырма шырокапастаўленымі слупамі. Дом быў неатынкаваны, непафарбаваны – толькі калоны, аконныя рамы і дзверы былі пакрыты белай фарбай. Дом накрываў гладкі, чатырохсхільны дах з гонтаў з чатырма сіметрычна размешчанымі белымі трубамі. Унутры самымі адметнымі былі прыгожыя печкі.
Да смерці Альберта Умястоўскага, які цікавіўся нумізматыкай, быў апантаным бібіліяфілам і калекцыянерам, у маёнтку Клявіца захоўвалася шмат каштоўных прадметаў. У сваёй сельскай сядзібе ён стварыў багатую бібілятэку, у якой былі рэдкія старадаўнія кнігі, пераплеценыя пад яго асабістым наглядам у скуры і пергамент. Там жа ў яго знаходзіліся некалькі каштоўных карцін франццузскай і галандскай школы, а таксама калекція гравюр. Яшчэ пры жыцці ён аддаў карціны свайму брату ў Жамыслаўль, дзе аказалася і клявіцкая бібліятэка, але ўжо пасля смерці яе збіральніка.
Па абодвух баках прасторнага двара стаялі вялікія флігелі, цэнтры знаходзіліася ўязная брама. Двор і флігелі акружаў прасторны парк. Праз яго пралягалі ліпавыя і кляновыя алеі. Доўгая алея вяла да ўязных варот. Усё разам стварала ўражанне багатай шляхецкай сядзібы.
Крыніца: "Памяць. Ашмянскі раён" (пераклад з "Aftanazy. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Tom 3")
Комментариев нет:
Отправить комментарий