воскресенье, 5 октября 2025 г.

Дом Адэлі Гедгаўд

У пачатку ХХ ст. адна самых вялікіх нерухомасцяў у Ашмянах належыла Адэлі з Герберскіх Гедгаўд. Гэту маёмасць яна атрымала ў спадчыну ад сваёй бабкі Францішкі Герберскай. Паводле спісаў ашмянскіх гаспадароў, якія публікаваліся ў газеце "Виленские губернские ведомости" перад выбарамі ў гарадское самакіраванне, ёй належыў участак, кошт якога складаў больш чым 2000 руб. Сярод хрысціанскага насельніцтва горада, больш было толькі ў некалькіх чалавек.

Дакладна невядома, але з вялікай верагоднасцю можна вызначыць, дзе знаходзілася гэта нерухомасць. Адрас дома Адэлі ў міжваенны часы атрымалася адшукаць у "Wileński Przegląd Prawniczy" - вул. Пілсудскага дом №19.

Wileński Przegląd Prawniczy №2 01.02.1937
Нумарацыя няцотнага бока вуліцы Пілсудскага прыкладна вядома, таму нескладана адшукаць гэты дом на старых здымках. Ніжэй змешчаны здымкі, на якіх будынак пазначаны чырвоным колерам.

Раней на сайце ўжо публікавалася 3D рэканструкцыя гэтага будынка (гл. спасылку). Гэта была непрыкметная аднапавярховая драўляная хата. Але сам участак быў вялікага памера і займаў больш чым 1/4 гектара.

На аэраздымку 1944 г. бачна, што там знаходзілася два вялікіх будынка, некалькі невялікіх  (напэўна гаспадарчых) пабудоў, а з боку сучаснай вуліцы Міцкевіча быў вялікі агарод. Насупраць гэтага дома знаходзіўся так званы "дом пані Пляўгавай" (гл. артыкул пра гэты дом) У савецкія часы на гэтым месцы быў пабудаваны Ўнівермаг.

Адэля-Катажына з Герберскіх Гедгаўд нарадзілася ў 1886 г. у сям'і Вітольда-Юліана Герберскага (4.05.1855, Ашмяны - 22.09.1900, Вільна) і Анэлі фон Кек. Вітольд памёр раней чым яго маці Францішка з Навасельскіх Герберская (1.07.1824, Ашмяны - 9.05.1904, Вільна), таму Адэля Гедгаўд атрымала гэты дом менавіта ад сваёй бабкі. Францішка Герберская была старшай дачкой у вялікай сям'і Францішка Навасельскага і Антаніны Акрэйц (усяго ў іх нарадзілася 10 дзяцей, палова з іх памерла ў маленстве), якія пазней валодалі маёнткам Сільвестрава каля Ашмянаў. У 1844 г. Францішка выйшла за Юліана Герберскага з Латыголі Данюшаўскай парафіі, а ў 1851 г. яна атрымала ад сваіх бацькоў у пасаг гэты дом, якім яна валодала больш за паўстагоддзе, а пасля больш за 30 гадоў ён налыжыў яе ўнучцы Адэле Гедгаўд.

Санктпетербургские сенатские объявления по судебным, распорядительным, полицейским и казенным делам №50 от 21.06.1851

Адэля з Герберскіх Гедгаўд памерла у 1938 г. Некралог ёй быў змешчаны ў адной з віленскіх газет.

Некралог з газеты Kurjer Wileński №24 25.01.1938
Ś. p. Adela Giedgowdowa. Zmarła w Wilnie ś. p. Adela z Herberskich Giedgowdowa, urodzona na Wileńszczyźnie w roku 1886. Ś. p. Adela Giedgowdowa przed wojną, za czasów carskich, uczyła potajemnie języka polskiego i za to była karana i rześladowana przez władze rosyjskie. W Rosji Sow. została aresztowana za prowadzenie Domu Polskiego.
Po powrocie do kraju przjawiała żywą działalność w organizacjach społecznych: Kole Polek, S. M. K., Sodalicji Mariańskiej, Tow. św. Wincenteso a Paulo, prowadziła gospody żołnierskie itp.
Nie lubiła w swej ofiarnej i pełnej poświęcenia pracy społeczno-obywatelskiej rozgłosu.
Ś. p. Adela Giedgowdowa była prawdziwą matką - Polką.

суббота, 23 ноября 2024 г.

Станіслаў Ленартовіч

Станіслаў Ленартовіч (1921-2010) - польскі кінарэжысёр і сцэнарыст. Не блытаць з іншым Станіславам Ленартовічам (1939-2023), які быў рэжысёрам анімацыйных фільмаў. 

Станіслаў Ленартовіч

Нарадзіўся ён у Ніжагародскай вобласці, дзе яго бацька працаваў на чыгунцы, але дзіцячыя і маладыя гады ён правёў у Ляндварове каля Вільні. Яго маці паходзіла з Крыма, а вось яго бацька Міхал Ленартовіч нарадзіўся каля Ашмянаў.

Міхал Ленартовіч з дзецьмі (Станіслаў сядзіць першы злева). Фотаздымак з фільма "Wędrowiec z Wilna. Stanisław Lenartowicz" (2013).

Міхал Ленартовіч нарадзіўся 21 кастрычніка (2 лістапада) 1879 г. у вёсцы Навасяды ў сям'і сялян Вінцэнта Ленартовіча і Анэлі Лыскойць. Для Анэлі Лыскойць гэта быў другі шлюб, першым яе мужам быў Францішак Дабравольскі (1835-1871). Анэля таксама паходзіла з Навасядаў, нарадзілася яна ў 1842 г. у вялікай сям'і Лыскойця Мацея і Марцыяны Сінкевіч (або Шынкевіч). А вось вызначыць паходжанне Вінцэнта Ленартовіча складаней, але хутчэй усяго ён быў пазашлюбным сынам рэкруткі Марцыяны Ленартовіч і нарадзіўся ён у 1844 у Берніках.

Таксама вядома, што прыблізна да 1909 г. Анэля памерла, так як у спісе парафіянаў ашмянскага касцёла за гэты год Вінцэнт Ленартовіч пазначаны як удавец.

Пахаваны Міхал Ленартовіч, яго жонка і трое іх дзяцей (у тым ліку і Станіслаў) ва Ўроцлаве.

Фотаздымак з Mogily.pl

пятница, 22 ноября 2024 г.

Самуіл Кравец

Самуіл Кравец - савецкі архітэктар, па яго праектах былі пабудаваны шматлікія будынкі ў Маскве, Ленінградзе і Харкаве. Найбольш ён вядомы тым, што з'яўляўся галоўным архітэктарам Метрапраекта. А самы важны спраектаваны ім будынак (у суаўтарстве) - Дзяржпром у Харкаве.

Дзяржпром

Самуіл Кравец нарадзіўся 27 жніўня (8 верасня) 1891 г. у Вільне ў сям'і ашмянскіх мяшчанаў Мэера Копелевіча і Басі Зэвелевны Кравец.

Запіс аб нараджэнні Самуіла (спасылка)

Да 1-ай сусветнай вайны сям'я Самуіла жыла ў Вільне на Аляксандраўскім бульвары (Algirdo gatvė) дом №57. Бацька Самуіла Мэер быў купцом другой гільдзіі і валодаў крамай мануфактурнай тавараў на вуліцы Вялікая Стэфанаўская (Šv. Stepono gatvė) дом №2.

Дом старавераў Галаўлёвых у Вільне, дзе месцілася крама Мэера Краўца

Сям'я Кравец сапраўды адносілася да ашмянскага кагала, што пацвярджаецца запісамі ў рэвізіях. Першы вядомы продак Самуіла - Шлёма Мэеравіч (нар. 1809) быў далучаны да ашмянскага кагала па дадатковай рэвізіі 1818 г. Пры гэтым першапачаткова яго прозвішча было Шэр. Ён ажаніўся на дачцэ Шмуйлы Моўшавіча Краўца, у доме якога яны і жылі. Шмуйла Кравец сыноў не меў, магчыма таму яго зяць і перайшоў на яго прозвішча. Каля 1838 у Шлёмы нарадзіўся сын Копель - дзед Самуіла. Нягледзічы на тое, што Краўцы належылі да ашмянскага кагала, дакладна невядома ці жылі яны ў саміх Ашмянах або ў ваколіцах. У 1888 сям'я Копеля Краўца ўзгадваецца ў вёсцы Мікуцяны (каля чыгуначнай станцыі Ашмяны), а месцам нараджэння яго сына Мэера (бацька Самуіла) ў адной з крыніц пазначана мястэчка Солы (Ашмянскі павет).