Магіла Яна Тарчэўскага на ашмянскіх каталіцкіх могілках..
Магіла Тарчэўскага знаходзіцца непадалёку ад каплічкі |
Надпіс на крыжы - Jan Tarczewski 1880-1929 Pokój jego duszy (заўвага - насамрэч ён нарадзіўся ў 1881) |
29-га сакавіка сёлета памёр Ян Тарчэўскі з
Асінаўкі пад Ашмяной. Памёр яшчэ ў маладым веку, маючы толькі 46 год; захварэў
двойчы на запаленьне лёгкіх, просьле чаго схапілі пасьпешныя сухоты і за
некалькі дзён згас у бальніцы ў Ашмяне.
Нябошчык Ян Тарчэўскі належа да першых беларускіх
адраджэнцаў; ад 1905 году ён стаяў на варце беларускіх гонеў як заўсёды
сьвядомы рабачай у беларускім руху. Як сьвядомага Беларуса й дзеяча знаў Я.
Тарчэўскага ўвесь Ашмянскі павет разам із утвораным нядаўна паветам Валожынскім;
але знала яго й шыршае беларускае грамадзянства. З асобных мамэнтаў працы Я.
Тарчэўскага ўспомнім некалькі нядаўніх. Гэтак асабліва карыснай была ягоная
праца беларуская ў Ашмяне ў 1920 г., калі там былі бальшавікі і калі некаторыя
іншыя Беларусы ад іх прымушаны былі хавацца; знаходзілі яны схоў і ў самога Я.
Тарчэўскага. У тым-жа 1920 і 21 годдзе Я. Тарчэўскі загадуе Беларускай
Кнігарняй у Ашмяне (была ля Жупранскай вул.), закладзенай Я. Станкевічам. У яго тады ў Кнігарні знаходзіла гасьцінны прыпынак
беларускае вучыцелства цяперашніх Ашмянскага, Валожынскага і часткава
Маладэчанскага павету. Вучыцелства гэтае прыяжджала ў розных справах да
школьнага інспэктара, паміж іншым такжа па свой запрацаваны грош, каторы
школьны інспэктар ня выплачаваў акуратна і наагул нягодна адносіўся да
беларускага вучыцелства, як і да беларускіх школаў. У гэтым-жа часе ён ёсьць
сябром Беларускай Народнай Партыі, папярэдніцы, цяперашняй Беларускай Сялянскай
Партыі. У 1928 і 1929 г.г. ён падзьдзержуе Беларускі Гаспадарскі Зьвяз у
Ашмяне, будучы ягоным сябром, і Беларускую Кнігарню ў Ашмяне, закладзенаю
Зьвязам у 1928 г.
Нябошчык Я. Тарчэўскі быў чуткі на людзкое гора,
патрэбы, рад быў кожнаму памагчы ў бядзе.
Сьмерць Я. Тарчэўскага – гэта вялікая шкода для
беларускай справы ў Ашмянскім павеце. Няма дзіва, што за дамавінай ягонай
(хавалі 2 красавіка) ішла цэлая працэсыя ягоных сяброў, прыяцелеў і знаёмых. Ад
Беларускага Гаспадарскага Зьвязу быў паложаны на магілу Я. Тарчэўскага вялікі
вянок з надпісам “Сябру-Патрыёту Яну Тарчэўскаму ад Беларускага Гаспадарскага
Зьвязу”. Надпіс на крыжы так сама зроблены пабеларуску. Пахавалі Я. Тарчэўскага
на ашмянскім могільніку. Просьле жалобных песьнеў над сьвежай магілай былі
сказаны прамовы. Грам. Міхал Галяс сказаў прамову ад Беларускага Гаспадарскага
Зьвязу; ён падчыркнуў у сваёў прамове працу Я. Тарчэўскага як беларускага
грамадзяніна, прыяцеля й суседа. Пасол др. Я. Станкевіч сказаў гэт’каю прамову:
“Паважаныя сябры й грамадзяне! мы спраўляем
сягодня жалобнаю ўрачыстасьць: пахавалі дарагога чалавека дарагога ня толькі
нам, але таксама ўсяму нашаму беларускаму Народу, усёй нашай Бацькаўшчыне
Беларусі. Каго-ж запраўды мы пахавалі? У Евангельлі кажацца што няма лепшай
любасьці, як тая, калі чалавек душу свю аддасьць за бліжніх сваіх. “Душу свю” –
гэта значыцца жыцьцё сваё аддасьць за бліжніх сваіх. Бліжнімі нашымі ўсе людзі,
але бліжшымі бліжнімі ёсьць наш народ. Дык жэ нябошчык Ян Тарчэўскі быў тым
чалавекам, каторы жыцьцё сваё пасьвяціў на працу дзеля свайго Народу ўпорна й
безупынку на працягу блізка 30-ёх год. І трэба адцеміць, што праца гэтая была
ня ў тыя часы, калі наш народ быў магутны й слаўны, калі аб ім ведаў і лічыўся
зь ім увесь сьвет, але тады, калі гэты народ ўпаў, быў пакрыўджаны й
паняволены, калі дурань і нягоднік зьдзекаваўся на гэтым народам, калі навет
сам народ пачаў чурацца й стыдацца самога сябе. У тым, што ён працаваў для
свайго народу у найцяжшаю часіну для гэтага народу, вялікшая заслуга сьв.
памяці Яна Тарчэўскага.
Любоў бліжняга павінна выражацца ў добрых учынках
на карысьць нашых бліжніх, а працуючы для свайго народу, мы гэтым самым працуем
для ўсяе людзкасьці, тым балей, што пакрыўджаны й паняволены народ найбалей
патрабуе працы ё любові для сябе. Дык пасьвяціўшы сябе свайму народу, нябожчык
гэтым самым споўніў Божы загад любові бліжняга і гэта яму бяссумлеву залічыцца
такжа на тым сьвеце.
За гэтаю любоў і працу наш народ памяць аб
нябожчыку вячне захавае ў сэрцы сваім”.
Просьле пахову Беларускі Гаспадарскі Зьвяз
арганізаваў жалобнаю акадэмію ў залі Народнага Тэатру ў Ашмяне.
На Акадэміі сказаў харошаю прамову, пранікнутаю
гарачым пачуцьцём грам. Міхал Галяс, а др. Я. Станкевіч прачытаў рэфэрат на
тэму:
“Гісторыя народу, для каторага пасьвяціў жыцьцё
сьв. п. Ян Тарчэўскі”. Канчаючы навейшай парой гісторыі Беларусі, рэферэнт
адзначыў учасьце ў Беларускім Адраджэньню вялікіх сыноў Ашмяншчыны (Пр.
Багушевіч) і закончыў ізноў успамінам аб дзейнасьці беларускай Я. Тарчэўскага.
“Нябожчык Я. Тарчэўскі – сказаў рэферэнт – не змарнаваў вялікага скарбу
любасьці свайго народу, скарбу ўложанага прыродай у душу кожнага чалавека, але
гэты скарб разьвіў і ўдасканаліў. За гэта яму належыцца вялікая ўдзячнасьць. За
гэта яму належыцца вялікая ўдзячнасьць ад цяпер і потым будучых”.
Народу на акадэміі была паўнюсенкая заля.
Таксама пасмертны ўспамін быў напісаны ў газеце "Беларуская крыніца" №20 1929 г.
Paśmiertny ŭspamin ab Janu Tarčeŭskim.
Jan Tarčeŭski, wiedamy ŭsiamu biełaruskamu hramadzianstwu
Zachodniaj Biełarusi jak dziejny Biełarus, pamior 29.III. s. h. Niaboščyk, jak b. stały žychar zaśc. Asinaŭki kala Ašmiany, za žyćcia swajho prajawiŭ dziejnaść najbolš u Ašmianskim pawiecie.
Jak stary pracaŭnik na biełaruskaj niwie jašče z časoŭ našaniŭskaj pary, niaboščyk Tarčeŭski znaŭ adno-Biełaruś i da
hetaha praz usio žyćcio swajo jmknuŭsia. Majučy zdarowy biełaruski rozym, nia lubiŭ i ŭwažaŭ za škodnuju prajawu padzieł
biełaruskaha adradženskaha ruchu na partyi, nie chacieŭ farmalna naležać da niwodnaje biełaruskaje palityčnaje partyi i adnosiŭsia da ich na hetulki prychilna, na kolki
danaja partyja stajała na hryncie orjentacyi – Biełaruś, Budučy sapraŭdnym biełaryskim patryjotam, staraŭsia zaŭsiody abjednywać jak biełaruskija palityčnyja arhanizacyi, tak i paasobnyja adzinki, nie bajučysia publična skazać praŭdy ŭ wočy i najbližešamu nawat asabistamu pryjacielu, kali bačyŭ škodnaść jahonaj
dziejnaści dla sprawy biełaruskaj Ab hetaj pierawazie pačućcia patryjatyzmu nad suwiaziaj asabistaj prjaźni ŭ Jana Tarčeŭskaha, mocna świedčyć Jaho adkryty list, źmieščany ŭ „Biłaruskaj Krynicy” №22/1928
h., nastupnaha źmiestu –
Adkryty
list Janku Stankiewiču.
Dziela Wašaj nietaktoŭnaści ŭ wybarnaj akcyi ahułam i ŭ sprawie Wyb. Kamitetu ŭ asobnaści, - hetym zdymaju swoj podpis z
zajawy Wami zredahawanaj ab prychilnaści da Wašaj wybarnaj akcyi.
Prymicje słowy pašany
Ašmiana 22.II.28 (–) Janka
Tarčeŭski.
Jak bačym, Jan Tarčeŭski, nie zwažajučy na toje, što Janka Stankiewič byŭ jahonym asabistym pryjacielam, ubačyŭšy nietaktoŭnaść apošniaha, aŭterytetu swajho jamu admowiŭ i nia daŭ.
Jan Tarčeŭski byŭ šyroka znany nasielnictwu
Ašmianskaha i susiedzkich pawietaŭ jak čaławiek dobraj dušy i biełaruski dziajač. Na pachowiny niaboščyka Jana Tarčeŭskaha byłu zyšoŭšysia i zjechaŭšysia šmat sialan z akaličnych wiosak i z samaj Ašmiany.
Jan Tarčeŭski pamior pražyŭšy tolki 46 hadoŭ i pachawany na Ašmianskim mahilniku. Na mahile pastaŭleny kryž z nadpisam pabiełarusku. Pamiać ab niabščyku ŭ biełaruskim narodzie astaniecca na doŭchija časy.
y.
Комментариев нет:
Отправить комментарий