пятница, 11 августа 2017 г.

Гарадзішча Пількань. Харанжышкі

Каля вёскі Харанжышкі (былая назва Ашмяна Дзягірдоўская), побач з вадасховішчам на р. Ашмянка, ёсць малавядомае старажытнае гарадзішча. Разгледзіць яго зараз складана, бо ўсё яно зарасло дрэвамі.

Гарадзішча з боку вадасховішча
Гарадзішча на польскай карце

Гарадзішча гэта ўзгадваецца ў артыкуле Эдварда Зайкоўскага “Новыя дадзеныя да археалагічнай карты Ашмянскага раёна” (з кнігі "Ашмяншчына: праблемы рэгіянальнай гісторыі Беларусі", 2011 г.):

 Яшчэ адно гарадзішча жалезнага веку было выяўлена намі ў 1999 г. Яно размешчана за 0,5-0,7 км на поўдзень-паўднёвы захад ад в. Харанжышкі Кальчунскага сельсавета, на паўднёвым беразе невялікага штучнага возера, што размешчана на правабярэжжы р. Ашмянка, і мае назву Пількань (відавочна, ад літоўскага piliakalnis ‘гарадзішча’). З поўначы, з боку возера, схілы гарадзішча найбольш высокія (не меншыя за 20 м) і з астатніх бакоў стромкія, асабліва з поўдня, вышыня іх складае каля 2,5-3 м. Пляцоўка авальная, выцягнутая з захаду на ўсход, яе памеры каля 46 х 75 м. Паўднёвая частка вышэй за астатнюю прыблізна на 1,5 м. Каля паўднёва-ўсходняга краю пляцоўкі маецца досыць круглае ўзвышэнне вышынёй 1,5-2 м. З напольнага боку (з поўдня, захаду і ўсходу) каля падножжа гарадзішча прасочваецца роў шырынёй 2 м і глыбінёй (у параўнанні з напольным бокам) 1-1,5 м. Хоць паўночны схіл гарадзішча самы высокі, гэты роў праходзіць і па ім прыблізна на 1,5 м ніжэй за край пляцоўкі, толькі каля паўночна-ўсходняга краю роў робіцца неглыбокім і ператвараецца ў нешырокую тэрасу на схіле. Схілы і пляцоўка гарадзішча параслі негустым лесам. На пляцоўцы ў агаленні за 2 м ад паўночнага краю заўважаны культурны пласт – цёмна-шэрая супесь, дзе трапілася штрыхаваная кераміка – рабрыстая, з арнаментам на зрэзе венчыка. у іншых месцах пляцоўкі ў агаленнях прасочвалася цёмная да чорнага супесь.

Таксама вядома, што на гарадзішчы, знаходзіліся могілкі. Але зараз ад іх нічога не засталося.


Комментариев нет: