Пагорак каля былога францысканскага касцёла сёння больш вядомы як Гара Крыжоў. Ужо на працягу каля 20 год у ашмянскіх каталіцкіх вернікаў ёсць традыцыя - у вербную нядзелю адбываецца крыжовы шлях. Пачынаецца ён каля касцёла Святога Міхала Арханёла, ідзе па вуліцы Барунскай, затым Францішканскай і заканчваецца на вышэй узгаданным пагорку, пасля чаго на ім паяўляецца новы крыж.
Але яшчэ ў пачатку XIX ст. гэты пагорак выконваў іншую функцыю. Тут знаходзіліся галоўныя ашмянскія могілкі. Як сведчаць метрычныя кнігі ашмянскага дэканата к.XVIII-пач.XIX ст. амаль усе каталікі Ашмянаў хаваліся менавіта ў Старых Ашмянах каля кляштара францысканцаў, адзінкавыя пахаванні праходзілі на могілках у Святым Духу (зараз в.Будзёнаўка). Дзіўна, але ніякіх знешніх слядоў гэтых могілкаў не засталося. Але шматлікія пахаванні нікуды не зніклі. Таму і сучасныя крыжы тут вельмі да месца, хоць і ўсталяваны яны з іншай мэтай.
Дарэчы, каля былога касцёла францысканцаў праводзіліся археалагічныя раскопкі (артыкул "Вынікі археалагічнага вывучэння Ашмяншчыны" з кнігі "Памяць. Ашмянскі раён"):
Горад Ашмяны даследаваўся А.К. Краўцэвічам у 1984-1985 гг. Раскопкі праводзіліся каля былога францысканскага касцёла (Старыя Ашмяны) і ў цэнтры сучаснага горада. Магутнасць культурнага пласта каля касцёла 0,6-1,45 м. Тут выяўлена вялікая колькасць пахаванняў, відавочна, XIX ст. і ўскрыты фундамент з буйных камянёў на гліне, магчыма, будынка кляштара ордэна францысканцаў, які вядомы з 1505 г. Большасць знаходак (керамічны і шкляны посуд, аконнае шкло, тэракотавая і паліваная кафля і інш.) датуецца XVI-XVIII ст., але ёсць і больш раннія матэрыялы: фрагменты керамікі XIV-XV ст. Можна меркаваць, што каля былога францысканскага касцёла існавала найбольш старажытнае паселішча на тэрыторыі Ашмян, культурныя напластаванні якога моцна пашкоджаны, а то і разбураны пазнейшымі пахаваннямі.
Комментариев нет:
Отправить комментарий