суббота, 17 мая 2014 г.

Легендарны заснавальнік Ашмянаў

Шмат якія населеныя пункты былі заснаваны легендарнымі князямі, якія не маюць гістарычнага пацверджання. Напрыклад, у Гальшанаў - Гольша, у Трабаў - Трабус. Ёсць такі князь і ў Ашмянаў - Крумпь, ён жа Кумпь, Кумпий, Грумпь, Грумпий, Кгрумпь, Кгрумпий, Трумъпий, Grumpi, Grumpis, Kumpi.

У Хроніцы Быхаўца паведамляецца: "И потом умре князь великий Монтвилл жомоитский, и по нем сел на Великом княжении Жомоитском сын его Викинт. А другой вышереченный сын его Ердивилл имел княжити на Новогрудку и на всих тых вышереченных городах, и подовал панам своим, которыи с ним были вышли, островы (и) пущи. Кгрумпию дал остров коло реки Ошмены, которое зовется нонечи Ошмена, и все прилежачее к Ошмене, што ныне князи и панове в повете Ошменском держат. А Еикшеви дал остров, который по нем назван есть Еикшишки, и все прилежачее к повету Еикшишскому. А Кгровжу дал остров дал остров, который его именем назван Кгровжишки, и весь повет, прилежачи ку Кгровжишкам. И с Кгрумпия народился Кгаштовт, а с Еикша народился Довоин, а з Кгровжа народился Монвид".

У іншых летапісах амаль даслоўна паўторана гэта паведамленне (толькі часам замест Вікінта і Ердзівілла называюцца Неманас і Скірмант). Храналагічна прывязаць яго немагчыма - яшчэ ў мінулым стагоддзі была даказана поўная храналагічная недарэчнасць генеалагічнай паслядоўнасці вялікіх князёў і іх сваякоў, якая прыводзіцца ў гэтых летапісах, аж да княжання Міндоўга (сярэдзіна XIII ст.).

Таксама ўзгадваецца, што Грумпь з Колюмнов да такога як атрымаў у валоданне Ашмяны удзельнічаў у паходе Скілмонта, сына Монтвіна, на спустошеную Батыям Рускую зямлю.

Ёсць звесткі, што сынам Крумпя быў Гаштольд (Кгаштолт) герба "Калюмны" які лічыцца родапачынальнікам рода Гаштольдаў. Ён з'яўляўся гетманам вялікага княза Гедзіміна і першым віленскім ваяводай (старостай). Узгадваецца, што яго бацька Крумпь быў злоўлены ад немцаў на Кунасове (магчыма сённяшні Каўнас). Паводле радавых паданняў Гаштольдаў іх роданачальнікі былі некалі князямі ў Ашмяне.

Па іншым сумніўным звесткам гетман літоўскага войска Грумпіс нарадзіўся прыкладна ў 1215 г. і меў двух сыноў: Сурмінас (1250-1315) і з невядомым імем (каля 1250-1313). Ад першага  з іх нарадзіўся Метвікас (1280-1323?), які быў бацькам Гаштольда (пасля хросту Пётр), ад якога і пачынаюць род Гаштольды. Паводле той жа Хроніцы Быхаўца, Пётр Гаштольд быў першым у Літве хто прыняў рымскую веру.

1 комментарий:

AnFranBryl комментирует...

Гэтыя звесткі асобна цікавыя тым, між іншым, што большасць даследчыкаў лічыць акурат сям'ю Гаштольдаў (Гаштаўтаў) "спонсарамі" новай рэдакцыі летапісаў, у якой з'явіліся легендарыныя звесткі аб часах да Гедзіміна. Таму згадкі, якія датычаць гэтага роду могуць быць невыпадковымі. Што праўда, хавацца за імі можа хутчэй нейкая надзённая кан'юнктура пачатку 16 ст., чым гісторыя 13 ст., але разгадаць гэта сёння ўжо вельмі цяжка.

Ан.Фран.Брыль