пятница, 14 апреля 2023 г.

Ксёндз Казімір Сайкоўскі. Паходжанне

У гэтым артыкуле разгледжана некалькі фактаў з біяграфіі ксяндза Казіміра Сайкоўскага, які быў пробашчам ашмянскага касцёла больш за 30 гадоў (1870-1901).

Подпіс кс. Сайкоўскага
На ашмянскіх каталіцкіх могілках ёсць магіла Сайкоўскага. Помнік захаваўся ў добрым стане, але, на жаль, страчаны медальён з выявай ксяндза.
Інфармацыя з помніка: кс. Казімір Сайкоўскі (ашмянскі дэкан) памёр 21 лістапада 1901, меў 64 гады. Значыць нарадзіўся ён каля 1837 г.
Побач з ім пахавана Марыя Сайкоўскага, якая памерла 21 верасня 1897 г., мела 86 гадоў (нарадзілася каля 1811 года). Гэта, як зразумела з яе ўзросту, напэўна, маці Казіміра.
Як звалі бацьку Казіміра, можна даведацца з "Памятнай кніжкі Віленскай губерніі за 1899 год". Ва ўсіх астатніх кніжках імя па бацьку ў ксяндзоў звычайна не пазнчалася, і толькі ў гэтай адмечана, што Казімір быў Георгіевіч. Значыць бацьку яго звалі Георгій (Юрый/Ежы).
Урывак з Памятнай кніжкі за 1899
На сайце geneteka.genealodzy.pl індэксаваны запіс аб нараджэнні нейкага Казіміра Сайкоўскага, які якраз нарадзіўся ў 1837 г. і меў бацькоў Ежы і Марыю (Марыяну). Усё як у вышейзгаданых звестках, таму з вялікай верагоднасцю гэты запіс можна аднесці да ашмянскага дэкана. Нарадзіўся ён 1 мая 1837 г. у Вільні, меў двайное імя - Казімір-Каетан. Бацькі - дваране Сайкоўскія Ежы і Марыяна (Шостак). Ахрышчаны ў касцёле Св. Яна 9 чэрвеня 1837 г.. Хросныя бацькі: Мікалай Маліноўскі (пракуратар мапы? Радзівілаўскай) і Марыя Гуттава (з Рэферув); асістэнты: Эмануэль Глюксберг (сакратар пракуратарскі) і Ганна Маліноўская (з Гуттаў).
Хросны бацька Казіміра Сайкоўскага - Мікалай Маліноўскі (1799-1865). Гэта вядомы гісторык і археограф. Яго жонка Ганна (асыстэнка на хросце) была дачкой знакамітага віленскага фармацэўта Ежы Гутта (1769-1836). Хросная маці - Марыяна-Марыя-Габрыеля Рэфероўска (1810-1846) была жонкай Аляксандра Гутта (брата Ганны Маліноўскай). Асыстэнт Генрык Эмануэль Глюксберг (1802-1870) - вядомы кнігагандлёвец.
Мікалай Маліноўскі
Таксама індэксаваны запіс шлюбу бацькоў Казіміра Сайкоўскага. 29 чэрвеня 1836 г. у віленскім касцёле Св. Яна ўступілі ў шлюб дваране Ежы Сайкоўскі (41 год, сын Ежы С. і Ганны Скараход) і Марыяна Шымакувна (23 гады, дачка Казіміра Ш. і Кацярыны Дабравольскай). Сведкі: Аўгустын Клуцэвіч, Тамаш Шчуроўскі, Юстын Нарвойш, Адам Зенкевіч.
Атрымліваецца, Марыяна нарадзілася каля 1813, што блізка да гадоў з надмагільнага помніка (каля 1811).

Комментариев нет: