суббота, 11 ноября 2017 г.

Гарэлачная фабрыка Стругачэй

Непадалёку ад Гальшанскага маста знаходзіцца адзін з самых вялікіх мураваных будынкаў даваеннага часу.
Сёння ў будынку па вуліцы Гальшанскай д.17 месціцца аўташкола (Ашмянская РАС ДТСААФ).
Гісторыя яго, пачыная з 1939 г., добра вядома з кнігі "Памяць. Ашмянскі раён". У кастрычніку 1939 - ліпені 1940 гг. - месца дыслакацыі штаба 84-га Ашмянскага пагранічнага атрада; у гады фашысцкай акупацыі на тэрыторыі сучаснай аўташколы быў лагер савецкіх ваеннапалонных (філіял лагера ваеннапалонных №352 у г. Мінску); у лістападзе 1944 - кастрычніку 1955 гг. - месца дыслакацыі штабоў 6-й дывізіі ўнутранных войскаў НКУС і яе 146-га старлковага палка; з 1966 г. аўтамотаклуб, з 1985 г. аўташкола. А пра перыяд да 1939 г., толькі ўзгадваецца, што належыў ён уладальнікам дражджавога завода братам Абраму і Давіду Стругачам.
Інфармацыю пра міжваенны перыяд гэтага будынка можна знайсці у тэлефонных даведніках і адрасных кніжках. Яго адрас быў ul. Holszańska 9. У тэлефонных даведніках адзначана, што належыў ён Абраму Стругачу і знаходзілася тут Hurtownia Prywatna Wyrobów P.M.S. (P.M.S. - Państwowy Monopol Spirytusowy), тэлефонны нумар 26. У адрасных кніжках узгадваецца гарэлачная фабрыка братоў Стругачоў на вул. Гальшанскай. З гэтага ўсяго можна зрабіць выснову, што гэта была гарэлачная фабрыка, з аптовым продажам гэтай прадукцыі.

суббота, 4 ноября 2017 г.

Клявіца

У 2-й палове XVIII ст. маёнтак быў уласнасцю Вінцэнта Грабскага, у якога яго ў 1796 г. купіў Якуб Умястоўскі (1764-1809), жанаты з Ганнай Пузынянкай, і там некалькі гадоў жыў. Да маёнтка Клявіца належалі ў той час вёскі Лепе, Каханы, Зарачаны, Борці і іншыя. У 1805 г. Умястоўскі купіў яшчэ Жамыслаўль са старым палацам і перасяліўся ў новую сядзібу. Наступным гаспадаром Клявіцы стала яго ўдава Ганна Умястоўская (1764-1851), якая раздзяліла маёнткі паміж трыма сынамі, а Клявіцу пакінула сабе, каб там дажываць век. 
Пасля яе смерці маёнтак атрымаў у спадчыну унук Ганны Умястоўскай Альберт (1840-1876), сын Казіміра. Альберт памёр маладым і нежанатым. Сядзіба перайшла да брата Уладзіслава, які пастаянна жыў у Жамыслаўлі. Апошняй наследніцай Клявіцы была ўдава Уладзіслава Яніна з Астрарогаў-Садоўскіх, якая пасля 1-й сусветнай вайны сваю маёмасць раздзяліла, аднак сабе пакінула цэнтральную сядзібу, у якой адзін з будынкаў ператварыла ў дом адпачнку “Братняя дапамога для віленскіх студэнтаў”. 
У Клявіцы знаходзіўся прыгожы драўляны дом класічнага стылю, пабудаваны прыблізна на мяжы XVIII i XIX ст. Якубам Умястоўскім. Аднапавярховы будынак стаяў на фундаменце ў выглядзе падоўжанага прамавугльніка. З боку ўезда каля галоўнага ўвахода быў ганак з чатырма шырокапастаўленымі слупамі. Дом быў неатынкаваны, непафарбаваны – толькі калоны, аконныя рамы і дзверы былі пакрыты белай фарбай. Дом накрываў гладкі, чатырохсхільны дах з гонтаў з чатырма сіметрычна размешчанымі белымі трубамі. Унутры самымі адметнымі былі прыгожыя печкі. 
Да смерці Альберта Умястоўскага, які цікавіўся нумізматыкай, быў апантаным бібіліяфілам і калекцыянерам, у маёнтку Клявіца захоўвалася шмат каштоўных прадметаў. У сваёй сельскай сядзібе ён стварыў багатую бібілятэку, у якой былі рэдкія старадаўнія кнігі, пераплеценыя пад яго асабістым наглядам у скуры і пергамент. Там жа ў яго знаходзіліся некалькі каштоўных карцін франццузскай і галандскай школы, а таксама калекція гравюр. Яшчэ пры жыцці ён аддаў карціны свайму брату ў Жамыслаўль, дзе аказалася і клявіцкая бібліятэка, але ўжо пасля смерці яе збіральніка. 
Па абодвух баках прасторнага двара стаялі вялікія флігелі, цэнтры знаходзіліася ўязная брама. Двор і флігелі акружаў прасторны парк. Праз яго пралягалі ліпавыя і кляновыя алеі. Доўгая алея вяла да ўязных варот. Усё разам стварала ўражанне багатай шляхецкай сядзібы.

Крыніца: "Памяць. Ашмянскі раён" (пераклад з "Aftanazy. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Tom 3")