воскресенье, 17 ноября 2013 г.

Марцін Тэадор Аскерка

Marcin Teodor Oskierka
Марцін Аскерка - адзіны за ўсю гісторыю кашталян ашмянскі.

Пасада ашмянскага кашталяна была намінавана на Гарадзенскім сейме 1793 г. дзеля павелічэння колькасці сенатараў ад ВКЛ.  Марцін Аскерка, як павятовы марашалак ашмянскі, атрымаў прывілей на гэту пасаду 26 кастрычніка 1793 г., але ужо ў канцы таго ж году ў выніку новай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы Рэчы Паспалітай ашмянская кашталянія была скасавана. Ашмянскі кашталян захаваў свой тытул, але ўжо не меў сенатарскіх паўнамоцтваў.

Нарадзіўся каля 1720 г. у сям'і навагародскага кашталяна Аскеркі Антоні (1670?-1734) і яго другой жонкі Ганны з роду Грабоўскіх (1692?-?). Герб Аскеркаў - Мурдэліо. Таксама Марцін Тэадор меў двух зводных братоў: Гервазі Людвік і Рафал Алаізі.

Дэбютаваў у палітычным жыцці як пасол мазырскі на сейм 1738 г. Пасля смерці свайго цесця пісара літоўскага Юзэфа Бжастоўскага атрымаў у пасаг у 1746(7) г. мядзельскае староства ў ашмянскім павете. Але па іншым звесткам гэта староства утварылася толькі у 1766 г. Яму таксама належылі Кабыльнік (сёння Нарач) і шмат іншых вёсак каля яго.

Працяглы час з'яўляўся маршалкам ашмянскім (прыкладна 1765-86, 1793 гг.). Кавалер ордэна Св. Станіслава. 

Быў двойчы жанаты. Ад першай жонкі (імя невядома) меў дачку (таксама імя невядома), якая пазней выйшла замуж за апошняга ашмянскага старосту Тадэвуша Коцела. Пазней ажаніўся з Тэрэзай Бжастоўскай (1730?-?), стрыечны брат якой Міхал Бжастоўскі быў перадапошнім старостам ашмянскім. Ад Тэрэзы меў 9 дзяцей: Юзеф (п. 1777), Антоні, Ігнацы, Маріанна (жонка Каетана Козелла), Хелена (жонка Тадэвуша Пузыны) Фларэнцыя, Мехтыльда, Мацільда, Леанарда, Фрэміота Францішка.

Памёр у 1796 г.