среда, 11 октября 2017 г.

Аўгуст Рэнард

Аўгуст-Вільгельм Іванавіч Рэнард на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў быў гарадавым урачом Ашмянаў.

Нарадзіўся каля 1808 г., лютэранін па веравызнанні, напэўна немец па паходжанні.

З "Памятных кніжак" вядома, што гарадавым урачом Ашмянаў Рэнард стаў не пазней 1845 г., і знаходзіўся на гэтай пасадзе да канца свайго жыцця (1878 г.). Але з невялікім перарывам, у 1863-66 гг. гарадавым урачом быў Адольф Вікенцьевіч Шарскі.

Даслужыўся да калежскага саветніка (чын VI класа). Тут трэба дадаць, што з усіх чыноўнікаў якія служылі ў Ашмянах, на год смерці Рэнарда, вышэйшага чына ніхто не меў. Толькі ашмянскі ўездны спраўнік Андрэй-Ігнацій Андрэевіч Спонці таксама быў калежскіх саветнікам. Яшчэ Рэнард быў узнагароджаны медалью ў памяць аб вайне 1853-56 гг.

Дзякуючы плану цэнтра Ашмянаў 1866г., таксама вядома дзе месціўся дом Рэнардаў. Яму належыў вялікі пляц і ўчастак паміж вуліцамі Барунскай і Жупранскай.


Жонка Аўгуста - Іоанна (дзявоцкае прозвішча таксама Рэнард). Меў двух сыноў: Уладзіслава і Альгерда.

Пра Альгерда Рэнарда можна дадаць, што нарадзіўся ён 17 сакавіка 1849 г. у Ашмянах. Ахрышчаны быў праз 10 дзён пасля нараджэння, хроснымі бацькамі былі Франц Закржэўскі (сакратар ашмянскай дваранскай апекі) і Анастасія Мендоза (жонка ашмянскага гараднічага графа Аляксандра Мендозы дэ Батэлла). У 1870 г. скончыў 1-ю Віленскую гімназію, пасля навучаўся ў Ваенна-медыцынскай акадэміі.

Запіс аб хросту Альгерда Рэнарда
Памёр Аўгуст Рэнард 16 лістапада 1878 г. у Ашмянах ад пнеўманіі.
Запіс аб смерці Аўгуста Рэнарда
Пахаваны на ашмянскіх прыхадскіх могілках каля цэнтральнага прахода паблізу капліцы (на помніку год смерці чамусьці 1879).

четверг, 5 октября 2017 г.

Забойства Абрама Стругача

Урывак з артыкула Antoni Czenko "Załada Żydów i Cyganów oszmiańskich"

...Шэрагі беларускай паліцыі папоўніў радавіты расіянін Васька Фаменка. Гэты атлетычны малады чалавек хутка стаў вядомы на ўвесь горад, як бязлітасны кат і выканаўца экзэкуцый, галоўным чынам над яўрэямі. Ад яго рукі загінулі на яўрэйскіх могілках: Абрам Стругач (паважаны ўласнік вінакурні і значных надзелаў зямлі), Залман і яго сын Хаім Саладухі (кавалі, у якіх месціўся мой брат Міхал), Карпава з дачкой і дзесяткі іншых. Васька спакойна фарсіў у футры Стругача, вызываючы абурэнне сярод жыхароў горада. Пасля перадачы пад адміністрацыю Літвы часткі віленшчыны, Васька, як старанны выканаўца прыказаў гітлераўскіх жандармаў, быў пераведзены ў Stutzpunkt пад Лебедзева. Калі распачалі сваю дзейнасць савецкія партызаны, ён гранатамі знішчыў нямецкае звяно, а сам з выжыўшым да гэтага часу ашмянскім яўрэям Гедалем Каганам, які быў у немцаў конюхам, адправіўся да савецкіх партызан у Налібокскую пушчу. І гэта была яго вялікая памылка. У аддзеле Васька быў выкрыты і застрэлены маладой яўрэйкай...