воскресенье, 28 мая 2017 г.

Рынкі ў міжваеных Ашмянах

Паводле Antoni Czenko "Oszmiana – ludzie i zwyczaje"

У горадзе было ажно чатыры рынка, а на кірмашы, якія праходзілі кожны чацвер, зцягваліся сяляне нават з далёкіх аколіц. Прыязджалі таксама гандляры з Вільні і іншых паветаў. У гэты дзень горад пераўтвараўся ў кіпячы лагер. Вуліцы: Гальшанская, Кавалеўскага, Жалігоўскага, Садовая, Пілсудскага, Касцельная, Водная і Барунская былі перапоўнены сялянскімі фурманкамі. Плошча Касцюшкі запаўнялася дадатковымі шапікамі і лаўкамі з тэсктылем, смаргонскімі абаранкамі і галантэрэяй. Пры вуліцы Касцельнай, на левам беразе ракі, быў вялікі рынак, званы конскім, на якім можна было пачуць чалавечы гоман, конскае ржанне, рохканне свінней, роў кароў і бляянне авечак.


Плошча Касцюшкі падчас кірмаша ("Oshmana Memorial Book")

Ад світання і ажно да змроку тут здзяйсняўся гандль, пры гэтым галоўным таварам былі коні, якімі Ашмянскі павет славіўся на ўсю Польшчу і нават Еўропу. Кожны год на вялікім гарадскім выгане адбывалася закупка коней для патрэб Войска Польскага. Незалежна ад гэтага, прыязджалі таксама вайсковыя камісіі румынскай, грэчаскай, нямецкай, французскай, балгарскай і латышскай арміі, якія гэтаксама займаліся закупліваннем адборных, прыгожых і пародзістых коней.

Ашмянскія коні. Фота W. Zawistowski 
("Pamiętnik Zjazdu Gospodarczego w Oszmianie w dniu 11 października 1931 roku")

За царквой, паміж вуліцамі Пілсудскага і Барунскай знаходзіўся невялікі базар, званы бабскім рынкам. Гэта дзіўная назва з’явілася таму, што ў большасці гандлявалі тут жанчыны. Рынак працаваў кожны дзень з раніцы да позняга вечара, і нават у нядзелю. Растаўленыя ў два рады драўляныя лаўкі прагіналіся пад цяжкасцю сельскай прадукцыі і ўсіх багаццяў зямлі, вод і лясоў Ашмяншчыны. Сялянкі прапаноўвалі свежая масла, тварог, сыр, смятану і яйкі, вэнджаную бараніну, бекон, вяндліну, сухія вясковыя каўбасы, паляндвіцу, грыбы, чарніцы, суніцы, маліну, брусніцы, а позняй восеню і зімой журавіны. 

Від на Конскі рынак ("Oshmana Memorial Book")
Бабскі рынак (кадр з відэа)

Вялікі быў выбар  яблык, грушак, дзічак, слівак і вішні. Хапала таксама слоікаў і бутэляк з мёдам, які можна было набыць па цане не значна большай чым за цукар. Таму не было заклапочанасці за яго якасць, так як падцукроўванне было проста не выгадна. 

Дробныя мясцовыя гандляры, прапаноўвалі галантэрэю, старое адзенне і абутак. 

Здараліся таксама і амаль трагікамедзійныя сцэны. У самы разгар пасля паўдня перад крамамі на плошчы Касцюшкі панаваў такі рух як на персідскім рынку.

воскресенье, 21 мая 2017 г.

Паходжанне тапоніма Кракоўка

Урывак з кнігі Чэслава Янкоўскага "Powiat Oszmiański" cz.1 p.90

Ад'ехаўшы каля пяці вёрст ад Ашмян, па правую руку ўбачым кавалак добрага сасновага лесу, які захаваўся сярод паўсюднай вырубкі, дзякуючы абачлівасці уласніка Хадзыньскага, па левую руку - першая вялікая карчма на тракце. Гэта Кракувка. Паводле мясцовай традыцыі, назва гэта ўзнікла ад таго, што на гэтым месцы пяць "кракусаў" (krakusi - лёгкая польская кавалерыя народнага характару), якія праходзілі тут у 1831 г. пад турэмным канвоем, збеглі і кінуліся ў мясцовыя лясы. Дзвюм з іх атрымалася бегчы, астатніх трох нагнала куля і іх пахавалі на месцы на правым боку дарогі каля паўвярсты ад карчмы, дзе яшчэ 5-6 год назад стаяў высокі драўляны крыж. І сапраўды, назва "Кракувка" ў дакументах і на картах да 1830-ых гг. не сустракаецца. Сёння, Кракувкай называюцца ўзгаданая карчма, вёска пры ёй і невялкі фальварак насупраць, нядаўна паўсталы.

Арыгінальны тэкст:


Але гэта толькі легенда, бо тапонім Кракоўка дакладна існаваў і да паўстання 1831 г. Так, напрыклад, у метрычнай кнізе ашмянскага дэканата за 1820 г. ёсць два запісы аб хросту дзяцей з гэтай вёскі:


Кракоўка на картах
Другая палова ХІХ ст.
Міжваены час

Кракоўка значна павялічылася ў бок Ашмянаў і зараз гэта адна з самых вялікіх вёсак раёна. Чырвоным колерам адзначана "старая" Кракоўка: