понедельник, 11 июня 2018 г.

Спонці

Сям'я Спонці была адной з самых багатых у Ашмянах у к. XIX - пач. XX стст. (спасылка).

У Ашмяны Спонці пераехалі ў 1874 г., калі Ігнат-Андрэй Андрэевіч Спонці быў назначаны ўездным спраўнікам ашмянскага паліцэйскага ўпраўлення (з 24 верасня). Апошні раз Ігнат Андрэевіч узгадваецца ў Памятных кніжках у 1881 г., напэўна ў гэтым гаду ён і памёр. 

Таксама вядома, што да Ашмян, Спонці з 9 чэрвеня 1866 г. быў старэйшым абавязковым засядацелям Вілейскага ўезднага паліцэйскага ўпраўлення. З 30 верасня (або кастрычніка) 1868 г. ён выконваў абавязкі станавага прыстава ў тым жа паліцэйскім упраўленні (стан №3, станавая кватэра знаходзілася ў Дунілавічах, а пасля ў Мядзеле). 22 чэрвеня 1871 г. Спонці быў назначаны на пасаду памочніка ўезднага спраўніка ў Свянцянскім паліцэйскім ўпраўленні.

За сваю службу ён атрымаў наступныя ўзнагароды: ордэн Св. Станіслава 2 ст., ордэн Св. Ганны 3 ст., мядаль у памяць вайны 1853-56 гг., мядаль за ўціхаміранне польскага мецяжу 1863-64 гг. і знак Чырвонага Крыжа.

Пасля яго смерці засталася вялікая сям'я: жонка Соф'я Аляксандраўна, сыны Яўген і Аляксандр, дочкі Марыя, Надзежда, Канстанцыя (па мужу Занкевіч) і Людміла (па мужу Скабінская).

Са справаздач ашмянскай гарадской управы можна даведацца, што рашэннем гарадской думы 16 снежня 1885 г. для пажарнага абозу і служак было нанята памяшканне пры ашмянскім уездным паліцэйскім упраўленні за 50 руб. у домаўласніцы Соф'і Спонці.

Можна выказаць здагадку, што будынак паліцэскага ўпраўлення, дзе жыла сям'я Спонці знаходзіўся на вул. Барунскай, бо дзякуючы плану цэнтра Ашмянаў 1866г. вядома, што гэта быў дом паліцэйскага спраўніка.

Фотаздымак з суполкі "ОШМЯНЫ news" у VK

Але найбольшую цікавасць уяўляе старэйшы сын Ігната і Соф'і - Яўген Спонці.


Нарадзіўся ён 13 снежня 1866 г. у мястэчку Дунілавічы (Віленская губ.).
У 1887 гаду скончыў Міхайлаўскае вайсковае вучылішча (Санкт-Пецярбург), пасля чаго служыў у Троіцкім палку ў Вільне, а ў 1889 г. завяршыў ваенную службу.
У 1892-93 гг. арганізаваў сацыял-дэмакратычную группу, якая пазней далучылася да Сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы і Рабочага саюза Літвы.
У 1894-95 гг. адзін з дзеячаў Маскоўскага рабочага саюза.
Аўтар першых агітацыйных лістовак у Маскве.
У 1895 г. разам з Ленінам ездзіў у Швейцарыю для наладжвання сувязяў з групай Пляханава "Освобождение труда".
Вось што ўзгадваецца пра Спонці пад час паездкі ў Швейцарыю ў кнізе з серыі ЖЗЛ "Пляханаў":

"... До этого в Петербурге (в феврале 1895 года) состоялось совещание представителей социал-демократических групп России — было принято решение направить делегатов в Швейцарию для установления связей с группой «Освобождение труда» и организации издания литературы за границей. Сначала в Женеву прибыл московский социал-демократ Е. И. Спонти.
Спонти произвел на Аксельрода и Плеханова двоякое впечатление. С одной стороны, это был искренний, преданный делу пролетариата товарищ, с другой — он слабо разбирался в теоретических работах и все требовал, чтобы члены группы «Освобождение труда», находясь в Швейцарии, вели агитацию в России. В. И. Ульянов объяснил потом Плеханову, что Спонти — выразитель интересов сторонников экономической агитации, то есть борьбы за непосредственные экономические интересы рабочих. Поскольку Спонти в разговоре любил поучать «заграничников», то Плеханов прозвал его шутливо «учитель жизни». Все же Спонти передал Аксельроду для издательской деятельности группы солидную сумму денег..."

У снежні 1895 г. арыштаваны і ў 1897 г. высланы ў Архангельскую губерню.
У снежні 1905 г. удзельнічаў у забастоўцы на чыгунцы, быў арыштаваны і пасаджаны ў турму.
Адышоў з-за хваробы ад рэвалюцыйнай дзейнасці.
З 1915 г. быў памочнікам каморніка ў Ніжагародскай губерні.
У 1918-23 гг. працаваў па сацыялістычным землеўпарадкванні ў Ніжагародскай губерні,  у 1923-25 гг. - у Мінскай губерні.
З 1925 жыў у Мінску (на плошчы Троцкага), дзе і памёр 17 сакавіка 1931 г.