пятница, 14 апреля 2023 г.

Ксёндз Казімір Сайкоўскі. Паходжанне

У гэтым артыкуле разгледжана некалькі фактаў з біяграфіі ксяндза Казіміра Сайкоўскага, які быў пробашчам ашмянскага касцёла больш за 30 гадоў (1870-1901).

Подпіс кс. Сайкоўскага
На ашмянскіх каталіцкіх могілках ёсць магіла Сайкоўскага. Помнік захаваўся ў добрым стане, але, на жаль, страчаны медальён з выявай ксяндза.
Інфармацыя з помніка: кс. Казімір Сайкоўскі (ашмянскі дэкан) памёр 21 лістапада 1901, меў 64 гады. Значыць нарадзіўся ён каля 1837 г.
Побач з ім пахавана Марыя Сайкоўскага, якая памерла 21 верасня 1897 г., мела 86 гадоў (нарадзілася каля 1811 года). Гэта, як зразумела з яе ўзросту, напэўна, маці Казіміра.
Як звалі бацьку Казіміра, можна даведацца з "Памятнай кніжкі Віленскай губерніі за 1899 год". Ва ўсіх астатніх кніжках імя па бацьку ў ксяндзоў звычайна не пазнчалася, і толькі ў гэтай адмечана, што Казімір быў Георгіевіч. Значыць бацьку яго звалі Георгій (Юрый/Ежы).
Урывак з Памятнай кніжкі за 1899
На сайце geneteka.genealodzy.pl індэксаваны запіс аб нараджэнні нейкага Казіміра Сайкоўскага, які якраз нарадзіўся ў 1837 г. і меў бацькоў Ежы і Марыю (Марыяну). Усё як у вышейзгаданых звестках, таму з вялікай верагоднасцю гэты запіс можна аднесці да ашмянскага дэкана. Нарадзіўся ён 1 мая 1837 г. у Вільні, меў двайное імя - Казімір-Каетан. Бацькі - дваране Сайкоўскія Ежы і Марыяна (Шостак). Ахрышчаны ў касцёле Св. Яна 9 чэрвеня 1837 г.. Хросныя бацькі: Мікалай Маліноўскі (пракуратар мапы? Радзівілаўскай) і Марыя Гуттава (з Рэферув); асістэнты: Эмануэль Глюксберг (сакратар пракуратарскі) і Ганна Маліноўская (з Гуттаў).
Хросны бацька Казіміра Сайкоўскага - Мікалай Маліноўскі (1799-1865). Гэта вядомы гісторык і археограф. Яго жонка Ганна (асыстэнка на хросце) была дачкой знакамітага віленскага фармацэўта Ежы Гутта (1769-1836). Хросная маці - Марыяна-Марыя-Габрыеля Рэфероўска (1810-1846) была жонкай Аляксандра Гутта (брата Ганны Маліноўскай). Асыстэнт Генрык Эмануэль Глюксберг (1802-1870) - вядомы кнігагандлёвец.
Мікалай Маліноўскі
Таксама індэксаваны запіс шлюбу бацькоў Казіміра Сайкоўскага. 29 чэрвеня 1836 г. у віленскім касцёле Св. Яна ўступілі ў шлюб дваране Ежы Сайкоўскі (41 год, сын Ежы С. і Ганны Скараход) і Марыяна Шымакувна (23 гады, дачка Казіміра Ш. і Кацярыны Дабравольскай). Сведкі: Аўгустын Клуцэвіч, Тамаш Шчуроўскі, Юстын Нарвойш, Адам Зенкевіч.
Атрымліваецца, Марыяна нарадзілася каля 1813, што блізка да гадоў з надмагільнага помніка (каля 1811).

среда, 5 апреля 2023 г.

Фотагісторыя (7)

У суполцы Facebook "Oszmiana" даўно быў апублікаваны фотаздымак, часоў ІІ-ой сусветнай вайны, з подпісам "Oszmiana, Verlassener Russen-panzer" ("Ашмяны, пакінуты рускі танк"). На фотаздымку тры нямецкія жаўнеры аглядаюць савецкі танк БТ-7. Танк стаіць на нейкай вуліцы на якой бачны некалькі непрыкметных драўляных будынкаў. Першапачаткова было складана вызначыць, што гэта за месца.

Oszmiana, Verlassener Russen-panzer

У 2021 г. выйшла кніга Ўладзіміра Ліхадзедава "Ашмяны і ваколіцы. Падарожжа ў часе", у якой быў змешчаны цікавы здымак часоў І-ай сусветнай вайны. На гэтым фотаздымку нямецкія салдаты маршыруюць з аркестрам, з чаго можна зрабіць выснову, што  гэта адна з галоўных вуліц горада: Віленская (Жалігоўскага), Жупранская (Пілсудскага), або Гальшанская.

У кнізе здымак падпісаны як "Ашмяны. Кайзераўскія салдаты 1916-1917 гады"
Параўноваючы два гэтых здымка, асабліва фрагмент, які прыведзены ніжэй, можна з вялікай верагоднасцю вызначыць, што яны зроблены на адной вуліцы.
Падобны будынак на двух фотаздымках
На другім фотаздымку звяртае на сябе ўвагу будынак на далёкім плане. Гэта дастаткова распаўсюджаны тып будынка ў Ашмянах, напрыклад, вельмі падобны дом захаваўся на рагу вуліц Гальшанскай і Камсамольскай. Але ўлічваючы іншыя здымкі гэтага месца, было дакладна вызначана, што гэта будынак на вуліцы Чырвонаармейскай, 8 (былая Віленская, пасля Жалігоўскага). 
Будынак з іншага ракурсу
Для апазнавання гэтага месца карысным аказалась відэазапіс Арана Бароўскага 1930-ых гг. Там ёсць некалькі кадраў, якія былі зроблены, напэўна, на вуліца Жалігоўскага.
Склейка некалькіх кадраў з відэазапісу
Нескладана апазнаць, што хатка злева - гэта крайні справа будынак з першага фотаздымка. 
І ўсе пытынні аб тым, дзе быў зроблены гэты здымак зніклі, калі быў апублікаваны яшчэ адзін фотаздымак гэтага танка толькі з іншага ракурса.
Фотаздымак, які быў апублікаваны ў суполцы Facebook "Ашмянская генеалогія/Genealogia oszmiańska" Святланай Чарняк
На заднім плане бачна два будынкі, якія знаходзіліся на перакрыжаванні вуліц Чырвонаармейская і Міцкевіча. Убачыць іх яшчэ можна на дзвюх здымках часоў І-ай сусветнай вайны.
Ніжэй на аэраздымку 1944 г. пазначаны месца адкуль былі зроблены фотаздымкі, а таксама дзе знаходзіліся будынкі. Большасць хатак, як бачна з аэраздымка, было знішчана падчас ІІ-ой сусветнай вайны. Фрагмент аэраздымка ўзяты з артыкула "5 танковая дивизия, 25 июня 1941 г.,  ч.1" (блог polarfuchs-1.livejournal.com)
Блакітным колерам пазначаны будынкі, якія былі знішчаны, чырвоным - захаваўшыяся