среда, 6 мая 2015 г.

Фотагісторыя (4)

Фотаздымак 1930-ых гг. ашмянскай гарадской электрастанцыі:
Інфармацыя пра электрастанцыю паводле кнігі "Памяць. Ашмянскі раён":
Будаўніцтва электрастанцыі ў Ашмянах адносіцца да 1918 г.. калі немцы перавезлі яе з ракі Лоша (20 тыс. вольт, устаноўлена на месцы млына, знішчанага ў час баявых дзеянняў). У 1919 г., калі немцы пакінулі Ашмяны, электрастанцыя была ў рабочым стане, але не працавала з-за адсутнасці змазачных матэрыялаў (студзень - красавік). У 1936 г. уваходзіла ў лік 5 электрастанцый, якія існавалі ў Ашмянскім павеце. Акрамя яе электрастанцыі працавалі пры дражджавым заводе (160 кВт), у Гальшанах (8 кВт, уладальнік Малкіс), у Смаргоні (44 кВт, дзяржаўная), у Солах (8 кВт, пры млыне Левіна).
Будынак гарадской гідраэлектрастанцыі, які захаваўся да нашых дзён (каля Барунскага моста, на левым беразе Ашмянкі), быў пабудаваны ў 1927 г. 31.3.1931 г. устаноўлена новая турбіна; 1.4.1931 г. - 627 абанентаў, працяг лініі 9 км 171 м. У 1940 г. электрастанцыя выпрацавала 182 тыс. кВт*гадз электраэнергіі (у 1936 г. - 95 тыс. кВт*гадз).
У  гады Вялікай Айчыннай вайны гарадская электрастанцыя была пашкоджана нязначна, і 22.7.1944 г. уведзена ў строй. Працавала да красавіка 1959 г. Пасля яе закрыцця горад і раён пачаў забяспечваць электраэнергіяй Ашмянскі ўчастак электрасетак. Апошні дырэктар электрастанцыі - В.С. Гусь.
Фотаздымкі пасляваенных гадоў з ашмянскай суполкі ў ok.ru

суббота, 2 мая 2015 г.

Людзі з даваеннага відэа (частка I)

На відэа, якое знята ў 30-ыя гг. Ааранам Бароўскім можна знайсці кадры па якіх можна прыкладна ідэнтыфікафаць некаторых людзей:

Данішэўскі
Свірскія
Паташнік

На першым здымку аптэчная і касметычная крама Нотэля Данішэўскага (вул. Пілсудскага, 3).  Яго фірма існавала з 1928 г. Пра будынак ў якім яна знаходзілася  ўжо ўзгадвалася раней ў Даваенная архітэктура Ашмянаў (Частка I).

На другім здымку крама абутку Р.Свірскага. А будынак гэты захаваўся да нашых дзён на вуліцы Першамайскай.

На апошнім здымку Берка Паташнік, які займаўся продажам жалеза і фарб. Месцілася яго крама на Рынку ў гандлёвых радах. Крама яго існавала з 1900 г. Дарэчы ў спісе ахвяр сусветнай вайны г. Ашмяны ёсць Паташнік Барыс Ошэравіч (н. у 1890) і верагодна яго сын Паташнік Лейба Барысавіч (н. у 1930, навучэнец), магчыма менавіта яны і патрапілі ў аб'ектыў відэакамеры Бароўскага.