вторник, 30 апреля 2013 г.

Даваенная архітэктура Ашмянаў (Частка I)

Пачатак вул. Жупранскай (Пілсудскага)


Былая вул. Жупранская (цяпер частка вул. Савецкай, а у польскі час вул. Пілсудскага) пачыналася ад Рыначнай плошчы (Плац Тадэвуша Касцюшкі) і ішла далей у напрамак Жупран. Сёння, як і некалькі стагоддзяў таму (праз яе праходзіў шлях з Вільні ў Мінск), гэта вуліца з'яўляецца адной з галоўных у горадзе.

На аснове старых здымкаў і відэа, я паспрабаваў зрабіць рэканструкцыю фасадаў 4 першых будынкаў вуліцы:
4 першых будынка вул. Жупранскай (Пілсудскага) на сучасным цотным баку
Гэтыя 4 будынкі знаходзіліся насупраць царквы.
Спадарожнікавы здымак (жоўтым колерам выдзелены месцы, дзе прыкладна знаходзіліся будынкі):
Пасля на іх месцы быў пабудаваны Ўнівермаг (сёння гэта крама "Кулінарыя"+ кафэ "Лаванда"):
Пры рэканструкцыі выкарыстоўваліся ніжей прыведзенные фотаздымкі і відэа:


Каля гандлёвай плошчы галоўным чынам жылі рамеснікі і гандляры (большасць якіх былі яўрэі).
У будынку №2, як сведчыць шыльда з відэа (3), ў час Польскай Рэспублікі знаходзілася аптэка і касметычная крама, якая належыла Н. Данішэўскаму (магчыма сваяк Беркі Данішэўскага, які валодаў заводам мінеральных вод у канц. ХІХ - пач. ХХ стст.). На шкле дзвярэй таксама добра бачны надпіс Rinso (магчым гэта сусветна вядомы брэнд мыла, якім тут гандлявалі).
Будынак №1
Будынак №2
Шыльда будынка №2
У будынку №3 знаходзілася цырульня і рамонт абутку (на шыбе ёсць надпіс на польскай мове FRYZJER, а над брамай шыльда OBUWIA).
Будынак №3
Будынак №4
На відэа і фотаздымках цяжка распазнаць чым займаліся у будынках №1 і №4, але улічваючы, што над дзвярыма ў іх ёсць шыльды, хутчэй за ўсё тут таксама знаходзіліся якія-небудзь крамы або майстэрні.

воскресенье, 28 апреля 2013 г.

Стары касцёл Св. Міхала Арханёла ў Ашмянах

(таксама вядомы як прыходскі, парафіяльны, фарны, мураваны)

Мала хто, нават з жыхароў Ашмян, ведае, што на месцы сучаснага вялікага прыгожага касцёла Св. Міхала Арханёла раней знаходзіўся іншы каталіцкі храм. Нягледзячы на тое, што захавалася некалькі добрых здымкаў і малюнкаў касцёла, звестак пра яго няшмат і то гэта інфармацыя супярэчная.
Малюнак з фотаздымка 1891 г. з кнігі Янкоўскага "Powiat Oszmiański" ч.1, 1896, с.23
Фотаздымак з кнігі Янкоўскага "Powiat Oszmiański", ч.2, 1896, с.271
План касцёла 1833 г. з Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіва (фота Т.Лаўрыновіч)

Вось як апісваецца храм на сайце каталіцкай газеты “Слова Жыцця”: “У XIX ст. касцёл уяўляў сабой каменны прамавугольны ў плане храм з дзвюма чацверыковымі вежамі, убудаванымі ў галоўны фасад, пад высокім двухсхільным дахам з маленькай сігнатуркай над алтаром. Прэзбітэрый фланкавалі дзве вялікія дзвюхпавярховыя сакрыстыі. Да ўваходу была прыбудавана грувасткая непрапарцыянальная крухта. Касцёльны ўчастак быў абнесены бутавай агароджай на такіх жа слупках.

На аснове вышей узгаданных здымкаў і малюнкаў я паспрабаваў зрабіць схему храма:



Вось яшчэ 3D мадэль храма:

У кнізе “Памяць: Ашмянскі раён” (2003) у разделе культавае дойлідства узгадваецца наступнае: “Пабудаваны пры Ягайле, адбудаваны і асвячоны біскупам Красінскім пры вялікім князю літоўскім Жыгімонце Кейстутавічу ў 1432 г. у памяць аб перамозе над Свідрыгайлам. У 1837 г. згарэў, адбудаваны на добраахвотныя ахвяраванні. Называўся фарны, або прыходскі. На яго месцы ўзведзены будынак, які захаваўся зараз.” 
А ў артыкуле пра горад Ашмяны адзначана, што парафіяльны касцёл працуе з 1391 г.

У Янкоўскага (Powiat Oszmiański, 1896) таксама адзначаецца, што храм пабудаваны пры Ягайле, або Вітаўце.

Але на сённяшні дзень вядома, што касцёл на месцы сучаснага цэнтра горада (Новая Ашмяна) паўстаў значна пазней. Вядома, што першы храм быў пабудаваны ў Старой Ашмяне (на месцы франішканскага кляштара). Больш падрабязна пра касцёл ў старой частцы можна даведацца ў артыкуле "Готыка ў Ашмянах", 2010 (Аляксандр Кушнярэвіч і Антон Францішак Брыль), або на Вікіпедыі.

На сайце каталіцкай газеты "Слова Жыцця" прыводзяць больш праўдападобны час пабудовы – XVII ст. ("Хутчэй за ўсё, спачатку касцёлы ў Ашмянах будаваліся з дрэва, а калі паўстала першая каменная святыня, пакуль што дакладна не вядома – магчыма, у XVII ст., мяркуючы па малюнках і гравюрах ХIХ ст."). Меркаванне наконт XVII ст. больш праўдападобны і таму што Ашмянскі касцёл падобны на некаторыя храмы таго часу (напрыклад касцёл у Камаях).

Вось што яшчэ ўзгадвае Антон Францішак Брыль. Дакладна вядома, што каменны касцёл на сучасным месцы існаваў у пач. 1650-х гг. З далейшых згадак падобна, што ён быў моцна пашкоджаны ў вайну ў сярэдзіне таго ж дзесяцігоддзя, адбудаваны і пераасвечаны. Паводле некаторых звестак, пробашчам Ашмян перад самай вайной быў пэўны час Даўгяла-Завіша (будучы біскуп віленскі), які пазней адпісаў у тэстаменце частку асабістых сродкаў на рэмонт ашмянскага храма.

Цікавым з'яўляецца і тое, што менавіта ў XVII ст. (перыяд контррэфармацыі) быў знішчаны ашмянскі кальвінскі збор, які быў пабудаваны ў 2-й палове XVI ст. ашмянскім старастам Мікалаем Радзівілам (Рудым). Магчыма касцёл Св. Міхаіла Архангела і быў пабудаваны на месцы кальвінскага збора, так як месца знаходжання апошняга невядома. Дарэчы ашмянскі касцёл меў некаторыя архітэктурныя рысы пратэстанцкіх збораў (аскетызм формаў і адсутнасць алтарнай апсіды), таму можна выказаць здагадку, што кальвінскі збор быў проста перафармаваны ў каталіцкі касцёл. Але таксама магчыма, што ў саміх Ашмянах кальвінскага сбора не было, а ўсе ўспаміны пра яго ў літаратуры адносяцца да пратэстанскага храма ў Мураванай Ашмянцы.

Па звесткам інвентара 1740 г. ашмянскага стараства парафіяльнаму касцёлу належыла плябанія і шпіталь. У інвентары 1668 г. пры апісанні рыначнай плошчы таксама ўзгадваўся шпіталь пры фарным касцёле.

Ва ўспамінах Навасельскага пра паўстанне ў Ашмянах у 1831 г. (“Памяць. Ашмянскі касцёл”, 2003) узгадваецца наступнае: у мураваным касцёле гарматнымі стрэламі прабілі дзверы, падпалілі архіў, абрабавалі і забілі 3 чалавек, якія там хаваліся.

Звесткі 1789 г. аб забудове на рынку ўзгадваюць пры мураваным касцёле: "Званіца ад Рынку з дрэва цясанага а двух паверхах ... на першым паверсе ізба жылая арганіста ... з печчу пекарнянай".

У 1832 г. у ашмянскі касцёл перайшоў з Гудагая цудоўны абраз Дзевы Марыі, які прабыў тут да 1907 г.

Праіснаваў касцёл да канца XIX ст. Храм не адпавядаў патрэбам парафіі па прычыне малых памераў і на яго месцы быў узведзены новы вялікі касцёл які існуе і ў наш час. Пра гісторыю будаўніцтва новага храма ўзгадваецца ў аповесці “Хлапец” Вінцука Адважнага (Ашмяны там называюцца Мураванкай), але гэта мастацкі твор, таму дакладна невядома ці з'яўляецца праўдзівай гэта гісторыя.

У канцы XVIII ст. пробашчам ашмянскім быў Ігнацы Аскерка (віленскі канонік катэдральны, кавалер ордэна Св. Станіслава), які на 1782 г. меў 45 гадоў і 20 гадоў як з'яўляўся пробашчам. Дарэчы, Ігнацы пляменнік ашмянскага маршалка Марціна Тэадора Аскеркі.

Апошнімі плебанамі касцёла Св. Міхала Арханёла былі: Андрэй-Амброзі Парманоўскі (1841-46), Баніфацы Лукашэвіч (1846-55), Станіслаў Даўнаровіч (1855-63), Адам Козьмян (1864-1869).

Апошнім настаяцелям касцёла прыкладна з 1870 г. быў кс. Казімір Сайкоўскі (1837-1901). Пры ім было распачата будаўніцтва сучаснага касцёла. Пахаваны ён на ашмянскіх каталіцкіх могілках.
Магіла К.Сайкоўскага
Сучасны касцёл Св. Міхала Арханёла
Але з усяго гэтага, так і застаецца не зразумела, калі быў дакладна пабудаваны касцёл.