Вёска Аляны вядома з XVI ст. як уласнасць Ашмянскага староства.
Ужо ў 1782 г. тут, ва ўладанні ашмянскай суддзёўны Важынскай, была “ўзнесена” капліца, але праз паўстагоддзя яна ўжо не дзейнічала.
Калі пасля падаўлення паўстання 1831 г. Парфірый Важынскі (старшыня Ашмянскага трыбунала, удзельнік вайны 1812-14 гг.) быў сасланы ў Сібір, ён даў зарок пабудаваць, а дакладней – адрадзіць, у сваім маёнтку капліцу, калі вернецца на радзіму. Адбылося гэта толькі праз 25 гадоў, але абяцанне сваё пан Важынскі выканаў. Так на мясцовых могілках з’явілася каменная капліца ў стылі класіцызм. У алянскім палацы Важынскіх здаўна знаходзілася копія абраза Маці Божай Барунскай, па легендзе, калі царскія ўлады вырашылі зачыніць барунскі кляштар, Важынскія замянілі арыгінал на копію. У 1926 г. абраз быў вернуты ў касцёл, у 1927 г. рэстаўрыраваны віленскай мастачкай Г. Шрамоўнай. Капліца спачатку была прыпісана да ашмянскай парафіі, але пасля паўстання 1863 г. яна была зачынена і пакінута. “За польскім часам” капліца адрадзілася і належала да барунскай парафіі. Сёння яна знаходзіцца ў зруйнаваным стане. Капліца ўзведзена з бутавага каменю з атынкаванымі ўстаўкамі з цэглы. Уяўляе сабою атынкаваны знутры зальны аб’ём са слаба выяўленым трансептам, яго тарцы – як галоўны, так і алтарны фасады – завяршаліся трохвугольнымі франтонамі. Кампазіцыю капліцы ўвенчвала, магчыма, толькі сігнатурка. Пад капліцай зроблены склеп-пахавальня.
Тэкст узяты з газеты "Слова Жыцця".