суббота, 6 апреля 2024 г.

Акрэйц

На ашмянскіх каталіцкіх могілках захаваўся помнік Даніэля Акрэйца. Памёр ён ва ўзросце 73 гады 31 мая 1877 г. у Ашмянах ад рака страўніка. Быў ён адстаўным капітанам корпуса ляснічых (корпус быў сфарміраваны ў 1839 г.).

Магіла Акрэйца
Яго жонкай была Мальвіна з Качаноўскіх, якая значна перажыла свайго мужа, яна яшчэ ўзгадваецца ў спісе парафіян ашмянскага касцёла 1909 г., на той момант ёй было каля 80 гадоў. Шлюб яны узялі ў ашмянскім касцёле 15 кветня 1851. Даніэлю было 45 гадоў, а Мальвіне усяго 18. Бацькамі Даніэля былі Юзаф і Барбара з Яроцкіх, а Мальвіны - Діонізій і Ганна з Печараў.
Запіс аб смерці Акрэйца
Пасля сябе Даніэль заставіў трох сыноў: Валерыяна, Аляксандра і Казіміра і трох дачок: Станіславу, Стэфанію і Ядвігу. Малодшыя з іх - Казімір (нар. 1859), Стэфанія (р.1860) і Ядвіга (р.1862) былі ахрышчаны ў ашмянскіх касцёле. Валерыян і Ядвіга (удава па Шаблоўскаму) ёсць ў спісе парафіян ашмянскага касцёла 1909 г. У розных крыніцах узгадваецца Аляксандр Акрэйц, які меў жонку Аляксандру Гарасімовіч. Напэўна, гэта быў сын Даніэля. У Аляксандра быў сын Мячыслаў, які стаў ксяндзом (спасылка).

З Ашмянамі таксама быў звязаны лёс сястры Даніэля Юзэфы, якая выйшла замуж за Вінцэнта Бернацкага. А іх сын Юзаф, адзначыўся тым, што быў агентам трэцяга аддзялення і актыўна даносіў на ашмянцаў у 1860-ых гг. Яшчэ адна сястра Даніэля Антаніна мела мужа Францішка Навасельскага, ім належыў маёнтак Сільвестрава каля Ашмянаў.

Комментариев нет: