среда, 7 сентября 2016 г.

Першы хрысціянскі храм Ашмянаў

Усе мы яшчэ з самых ранніх школьных часоў ведаем, што хрышчэнне Русі адбылося ў 988 годзе, пасля чаго на тэрыторыі сучаснай Беларусі пачало распаўсюджвацца праваслаўе.
Ці быў у Ашмянах праваслаўны храм да 1840 г. (год заснавання першай дакладна вядомай праваслаўнай царквы) не вядома.
Хаця ў "Вялікім гістарычным атласе Беларусі" на карце Праваслаўе (станам на XVI ст.) Ашмяны адзначаны як месца, дзе ёсць праваслаўны храм, вядомы на пісьмовых крыніцах. Але, што гэта за крыніцы не адзначана.

Ашмяны, як вядома, знаходзяцца на тэрыторыі гістарычнай Літвы, таму нас больш цікавіць год хрышчэння Літвы - 1387 г. Пасля чаго пачала распаўсюджвацца рыма-каталіцкая вера. Але гэта дата, чамусьці ў адрозненні ад хрышчэння Русі, у Ашмянах ніяк не адзначаецца.

Дакладна вядома, што Ашмяны былі адным з першых месцаў на тэрыторыі Літвы і сучаснай Беларусі, дзе быў заснаваны каталіцкі касцёл. Толькі калі дакладна?
Хрост Літвы (Уладзімір Тэтмаер)
Кніга "Памяць. Ашмянскі павет." у раздзеле "З гісторыі населеных пунктаў" пра Ашмяны ўзгадвае наступнае:
"З 1391 г. у Ашмянах працуе парафіяльны касцёл (зараз касцёл Святога Міхаіла)".
Гэта найбольш раннія згадкі пра касцёл у Ашмянах, але, з вялікай верагоднасцю можна казаць, што гэтыя звесткі памылковыя. Адкуль узялася гэтая дата можна знайсці ў "Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej" (1932), дзе ў 1391 г. паведамляецца пра касцёлы у Медніках і Быстрыцы, а месца напісання (або захоўвання) дакумента - Ашмяны.
Але ў кніге "Powiat Oszmiański" Часлава Янкоўскага адзначаецца, што касцёл у Ашмянах з'явіўся пры Ягайле або Вітаўце, І калі гэта ўся ж такі быў Ягайла (быў вялікім князем літоўскім да 1392 г.), то магчыма касцёл ў Ашмянах сапраўды ўжо існаваў у 1391.
Тое, што менавіта Ягайла мог заснаваць касцёл у Ашмянах (у адзін год з Віленскай катэдрай) напісана і ў апісанні ашмянскага касцёла Св. Міхала (за 1789 г.):


Дарэчы, у гэтым самым інвентары адзначаецца, што ў касцёле вісеў партрэт Ягайлы.

Аўтары "The Conversion of Lithuania From Pagan Barbarians to Late Medieval Christians" Дарыус Баронас і С. Роўэлл лічаць, што касцёл у Ашмянах з'явіўся ў 1392, а францысканскі кляштар прыкладна ў 1397 г.

Артыкул пра Ашмяны з энцыклапедыі "Вялікае княства літоўскае" паведамляе:
"У 1398 віленскі біскуп Андрэй зрабіў фундушавы запіс ашмянскаму парафіяльнаму касцёлу Св. Духа. У 1407 віленскі стараста Манівід (войцех) запісаў 2 падданых ужо існуючаму касцёлу і кляштару францысканцаў".
А ў артыкуле пра першага віленскага біскупа Андрэя (памёр у 1398) узгадваецца:
"...Заснаваў францысканскія кляштары ў Лідзе (1397) і Ашмянах, кафедральную школу ў Вільні".
Пра першакрыніцу гэтых звестак, на жаль, не паведамляецца. І адсюль узнікае яшчэ адно пытанне: калі паверыць адначасова артыкулам пра Ашмяны і біскупа Андрэя, то атрымліваецца, што ўжо ў 1398 г. у Ашмянах адначасова існавалі і парафіяльны касцёл Св. Духа, і кляштар францысканцаў, што вельмі дзіўна. Хаця, магчыма, кляштар францысканцаў мог існаваць пры касцёле Св. Духа.

Тамара Габрусь у сваёй кнізе "Саборы помняць усё" (2007) таксама адзначае, што касцёл у Ашмянах з'явіўся ў 1398 г.:
"На тэрыторыі сучаснай Беларусі ў канцы XIV ст. па фундацыі караля Уладзіслава II Яагайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта былі заснаваны 6 касцёлаў: у Крэве (1387), Абольцах (1387), Гайне (1387), Быстрыцы (1390), Навагрудку (1393), Ашмянах (1398).

Пра францішканскі кляштар у кнізе Слюньковай І.М. "Храмы и монастыри Беларуси XIX века в составе Российской империи" (2010) узгадваецца наступная цікавая гісторыя:
"По преданию, основан вместе с францисканским монастырем в Ковне лит. кн. Витовтом, в честь спасения в битве с татарами на р. Ворскле (1399)".
Але першакрыніца таксама не адзначана. І калі верыць Слюньковай, то атрымліваецца, што аўтар артыкула пра біскупа Андрэя (энцыклапедыя "ВКЛ") памыляецца і гэты біскуп не мог заснаваць кляштар у Ашмянах, бо памёр яшчэ да бітвы на Ворскле. Хаця, можна дапусціць, што біскуп Андрэй пачаў фундаваць кляштар у Ашмянах, а пасля бітвы на Ворскле Вітаўт дадаткова яго фундаваў.
Фара Вітаўта ў Каўнасе

Комментариев нет: