пятница, 2 сентября 2016 г.

"Наша ніва" аб Ашмянах

Наша ніва, 25 жніўня 1911, №34


У рубрыке "З Беларусі і Літвы" пра Ашмяны паведамляецца наступнае:


Ошмяны, Віленск. губ. Інспэктар тутэйшаго гарадзкога вучылішча, С-віч, чэлавек жанаты і з двумя дзяцьмі, улюбіўся, як кажуць, у адну тутэйшую паненку і хацеў разыйсьціся з жонкай, каб с тэй паненкай ажаніцца. Калі-ж прыйшла вестка, што яму разлукі з жонкай не дадуць, ён з рэвольвера выстрэліў сабе у губу, але не забіўся на сьмерць, а куля прабіла шчаку. Калі прыбеглі людзі і пачалі памагаць яму, ён хацеў выстрэліць сабе ў грудзі, але ж тые не дапусьцілі.
Язэп І.

Дзякуючы "Памятным кніжкам Віленскай губерніі" можна вызначыць, што гэтым настаўнікам-інспектарам у ашмянскім 4-х класным гарадскім вучылішчы быў Міхаіл Паўлавіч Стэльмаховіч, які быў назначаны на гэты пасаду 11.01.1908 і выкладаў геаграфію і гісторыю, а ўвогуле на службе знаходзіўся з 1.08.1897. Таксама вядома, што ён скончыў Маскоўскі настаўніцкі інстытут і меў чын калежскага асэсара (VIII). Верагодна, яго жонкай была Еўдакія Васільеўна Стэльмаховіч, якая таксама была настаўніцай у ашмянскім вучылішчы (1910-12 гг.). Магчыма, падзеі, якія прыведзены ў Нашай ніве, сталі прычынай таго, што Міхаіл Паўлавіч быў пераведзены ў іншы горад, а 1.10.1911 на гэту пасаду быў назначаны Аляксандр Зіноўевіч Мулярчык. А сам Стэльмаховіч у гэты самы дзень быў назначаны настаўнікам-інспектарам у Лоеўскае 4-х класнае гарадское вучылішча (Рэчыцкі ўезд) і выкладаў там арыфметыку, геаметрыю, маляванне і чарчэнне, а пасля яшчэ і гісторыю. У Лоеве на гэтай пасадзе ён знаходзіўся як мінімум да пачатка 1-й сусветнай вайны.

Спасылка на лічбавыя копіі газеты "Наша ніва" на сайце бібліятэкі Акадэміі навук Літвы.

Комментариев нет: