суббота, 31 января 2015 г.

Паходжанне назвы Ашмяны

У гэтым артыкуле я хацеў бы падзяліцца некаторымі сваімі думкамі наконт паходжання назвы горада Ашмяны:

Разглядаючы паходжанне айконіма Ашмяны ўзнікае некалькі пытанняў:

1) ЯК РАНЕЙ НАЗЫВАЛІСЯ АШМЯНЫ?

У найбольш старажытных крыніцах горад часцей згадваецца як Ашмена (Ошмена). Напрыклад на польскай і літоўскай мовах назва горада і сёння заканчваецца менавіта на -а (OszmianaAšmena). Некаторыя жыхары горада і да гэтага часу называюць горад – Ашмяна. Змяніўся канчатак, магчыма таму, што -яны (-аны) больш традыцыйныя для Ашмяншчыны: Гальшаны, Жупраны, Баруны і г.д. Да таго ж пачала распаўсюджвацца руская мова, а таму і новыя асаблівасці вымаўлення. Таму разглядаючы паходжанне назвы трэба абапірацца менавіта на Ашмена.

2) ШТО З’ЯВІЛАСЯ РАНЕЙ – АЙКОНІМ АШМЕНА (Г. АШМЯНЫ), АБО ГІДРОНІМ АШМЕНА (Р. АШМЯНКА)?

У некаторых даследаваннях паходжання назвы горада Ашмяны чамусці забываюць, што горад знаходзіцца на аднайменнай раке (р. Ашмянка раней называлася Ашмяна). На літоўскай мове р. Ашмянка і г. Ашмяны таксама называюцца аднолькава – Ašmena.  А назва ракі, часцей за ўсё, больш старажытная чым айконім (адно з правіл тапанімікі). Прыкладаў тут шмат (праўда гэта толькі адна з версій): Менск (р. Менка), Полацк (р. Палата), Вільня (р. Вільня), Віцебск (р. Віцьба) і г.д. Таму значна лагічнее, што горад атрымаў сваю назву ад ракі, а не наадварот. І паходжанне тапоніма трэба разглядаць па асаблівасцям ракі, а не горада.

3) ІНШЫЯ АБ’ЕКТЫ З НАЗВАЙ АШМЯНА

Паблізасці з Ашмянамі ў розныя часы існавала 5 населенных пунктаў з назвай Ашмяна. І тое, што ўсе яны знаходзіліся на р. Ашмянка (пачынаючы ад вусця да самага горада), таксама пацвярджае версію, што назва ракі больш ранняя.

Ашмяна (Ашмянка) Алехновічаў / Іжыкоўская / Мураваная
(Oszmiana (Oszmianka) Olechnowiczów / Irzykowska / Murowana)
Раней часам называліся проста Ашмяна. Назвы ад рода Алехновічаў (ад Алехны Рымавідавіча) і адгалінавання гэтага рода Іжыковічаў (ад Іжыка Алехновіча – унук Алехны). Ашмяну Іжыкоўскую ў 1574 г. набыў Мікалай Дарагастайскі (Дарагастайскія – адно з адгалінаванняў Алехновічаў) у падскарбія вялікага літоўскага Мікалая Нарушэвіча. Сучасная назва Ашмянка Мураваная. У Мураваную перайменавана хутчэй за ўсё тады, калі тут былі пабудаваны мураваны кальвінскі збор і друкарня. Раней акрамя самаго мястэчка на працілеглым берагу існаваў гаспадарскі двор (зараз ад яго засталіся толькі сцены мураванага будынка).

Ашмяна Нарушэвічоўская (Oszmiana Naruszewiczowska)
Магчыма раней належылі Нарушэвічам (якія мелі ўладанні паблізасці, напрыклад Ашмяну Ірыкоўскую). Пераназваны ў Даўкшышкі (Daukszyszki). Існавалі Вял. Даўкшышкі (зараз проста Даўкшышкі) і Мал. Даўкшышкі (тут знаходзіўся гаспадарскі двор, сёння называюцца Александроўкай).

Ашмяна Дзягірдоўская (Oszmiana Dziagirdowska)
Паходжанне прыстаўкі Дзягірдоўская невядомая, магчыма ад Дзягірда (з роду Мантыгірдавічаў, дарэчы з гэтага ж роду паходзілі і Нарушэвічы). У XVII ст. атрымала назву Харанжышкі (Chorążyszki) ад займаемай пасады ўласніка маёнтка Малевіча, які быў харужым парнаўскім. Харанжышкі – г.зн. “прыналежныя харужаму”. Сама вёска знаходзіцца на левым берагу ракі, а гаспадарскі двор  знаходзіўся на правым. Каля вёскі знаходзіцца старажытнае гарадзішча.

Ашмяна Сільвестроўская (Ozmiana Sylwestrowska)
Пазней проста Сільвестоўшчынай (Sylwerstowszczyzna), а пасля Сільвестрова (Sylwestrowo). Назву атрымала (каля 1591 г.) ад уласніка Барталамея Сільвестровіча. Зараз адносіцца да Загорнікаў.

Старая Ашмяна (Oszmiana Stara)
Першапачатковыя Ашмяны знаходзіліся прыкладна ў раёне, дзе знаходзіцца францішканскі касцёл, пазней у кіламетры ад іх, на месцы перасячэння гандлёвых шляхоў узнікла новае паселішча (сучасны цэнтр горада), якое атрымала назву Новая Ашмяна, а першапачатковыя Ашмяны пачалі называцца Старымі. Пазней Новыя Ашмяны, сталі проста Ашмянамі, а адносна нядаўна да іх былі далучаны і Старыя Ашмяны (Францішканы).


Таксама цікава, што назву Ашмена меў населены пункт непадалёк ад Мінска, зараз гэта вёска Ашмянцы (Мінскі раён).

4) МОВА ПАХОДЖАННЯ ТАПОНІМА

Тут мне здаецца ўсё відавочна – назва паходзіць з літоўскай мовы. Па-першае, Ашмяны знаходзяцца на тэрыторыі гістарычнай Літвы. Па-другое, большасць населенных пунктаў паблізасці маюць дакладна літоўскае паходжанне і літоўскія традыцыйныя канчаткі. У трэціх, нават у сучаснай літоўскай мове існуюць словы сугучныя слову “ашмена”. Напрыклад “aszmenies” (“ашменес”), што ў перакладзе азначае вастрыё, і “akmenas” (“акменас”) – у перакладзе камень. Пры гэты “вастрыё”, як мне здаецца, больш праўдападобнае, таму што не зусім зразумела якім чынам “акменас” пераўтварылася ў Ашмены, да таго ж у сучаснай Літве ёсць горад Акмяны, а побач з Ашмянамі ёсць вёска Акмянеі. Але версію з камнем патлумачыць прасцей (напрыклад вядомая легенда аб Ашмянах), а чаму раку, або горад маглі назваць вастрыём больш складана, тут ужо прастора для фантазій. Напрыклад звязаць гэта можна з тым, што рака на некаторых участках мела вострыя выгіны, або дно ракі ўсеяна вострымі камянямі, а магчыма рака знаходзілася на перадавой (на вастрые) па стаўленню да ворага ці на мяжы з іншым народам.

Яшчэ пра адно цікавую гісторыю пра назву Ашмянаў ужо пісалася ў блоге раней – Ašmenys.

ВЫВАДЫ:

Найбольш лагічным мне падаецца наступнае:

Горад Ашмяны (раней Ашмена) атрымаў сваю назву ад ракі Ашмянкі (раней Ашмена) на якой ён знаходзіцца. А рака атрымала сваю назву ад літоўскага “ашменес”, што азначае вастрыё, што магчыма звязаны з нейкімі асаблівасцямі рэчышча ракі або яе месцазнаходжання.

Комментариев нет: