У спісах домаўласнікаў, якія мелі права ўдзельнічаць у выбарах у ашмянскае гарадское самакіраванне, звяртае на сябе ўвагу жанчына з незвычайным прозвішчам - Месмахер Юльяна Аляксандраўна. Яна была адной з найбольш багатых (без уліку яўрэяў) у Ашмянах, ацэнка яе маёмасці паводле спісаў за 1908 і 1913 гг. была 1200-1500 руб., больш было толькі ў некалькіх гаспадароў.
Ёсць Юльяна Месмахер і ў кнізе парафіян ашмянскага касцёла за 1909 г. Яе дзявочае прозвішча - Вярцінская, на момант запісу ёй было каля 38 гадоў, яе муж быў лютэранін (там ёсць не вельмі разборлівая паметка "м. лют.") і ў іх была сямігадовая дачка Дарота. Жылі яны на вуліцы Царкоўная (былая Папярэчная, сучасная Камсамольская), дзе акрамя Юльяны Месмахер было толькі дзве сям'і каталікоў.
Нарадзілася Юльяна 25 верасня 1870 г. у Ашмянах у шляхецкай сям'і Вярцінскіх Аляксандра і Канстанцыі з Суражаў. Аляксандр і Канстанцыя ўзялі шлюб у 1867 г., калі Аляксандру было ўжо 49 гадоў, а Канстанцыі 33.
![](https://blogger.googleusercontent.com/img/b/R29vZ2xl/AVvXsEgjbTjqThVG8GFTZwJ87NYsvaRixUoe9xJbyOyMcFAxaUEGHocNE_rp8wiHMtRkpM-YAvphWumPay1-IJdf5IMyMpA03h2mRG3CzfIDV-rVxS0XhyGCKQYAWA6U1qU7A4324mXcpOGmXqg/w640-h80/35.jpg) |
Запіс аб хрышчэнні Юльяны Вярцінскай у ашмянскім касцёле
|
Муж Юльяны - Месмахер Фёдар Ягоравіч (у іншых крыніцах Георгіевіч, а таксама Фердзінандавіч) быў лекарам. Нарадзіўся ў 1837 г., медыцынскую адукацыю атрымаў у 1861 г. З медыцынскіх зборнікаў вядома, што доўгі час ён быў лекарам пры розных ваенных частках (да 1890 г. месца працы ў сборніках не пазначалася, была толькі пазнака Ваеннага Міністэрства), з 1890 па 1893 г. ён быў старэйшым урачом 116-га пяхотнага палка (Рыга), з 1894 па 1895 г. - урачом 3-яй кавалерыйскай дывізіі (Коўна). З 1896 г. вольнапрактыкуючы ўрач, адразу ў Коўна, а з 1903 г. ў Ашмянах (у зборніках узгадваецца да 1910 г.). Даслужыўся да чына стацкі саветнік (V клас).
Фёдар быў старэйшым сынам у сям'і абруселага немца, рамесніка-карэтніка з Санкт-Пецярбурга. Яго брат Георг быў юрыстам, а яго малодшы брат
Максіміліан стаў знакамітым архітэктарам. Іх маці звалі Дар'я Карлаўна.
Пра дачку Фёдара і Юльяны Месхамер Дароту вядома толькі, что нейкі час яна была кіраўніком школы ў Новай Вілейцы (
спасылка).
Юльяна была не першай жонкай Фёдара Месмахера. Да яе ў яго была жонка Пелагея Сураж, якая таксама нарадзілася ў Ашмянах. Цікава, што Пелагея Сураж і Юльяна Вярцінская былі кузінамі. Пелагея нарадзілася 11 кастрычніка 1844 у сям'і Суражаў Аляксандра і Антнаніны з Градкоўскіх. Памерла 12 сакавіка 1899 у Вільні ад раку страўніка, пахавана на могілках Расу.
![](https://blogger.googleusercontent.com/img/b/R29vZ2xl/AVvXsEh8rPRnIFPVH69M_vyWKCnRJMb2HGIg_V3xftcBsy0paSh3DS1Claf6qrXM5tTIVzN_mcZH9t04hYaSgPw9BYydKf6FAdYIuwglmrRyxEK20tZVLfZr8vodxcjbdv6Jfl6vWE06lHxkV1JCRIRs2z6LyhYw0cOm3YYvZx7aJzBRe7KaXHiODvhXXudFog/w400-h111/327021565_3670510846515648_3637829727280637744_n.jpg) |
Запіс аб смерці Пелагеі. Спасылка (старонка 103) |
![](https://blogger.googleusercontent.com/img/b/R29vZ2xl/AVvXsEjACyExu0a3BWWkRJubxuYb6F0c4y7KQWAKkxWtU7l7XjLTy6Zy003545xuCaBIeSyhTlAKF1i3BoyD5nVoRchqfCmZ6HSmOo9hblbrkfpMBcZS5GZNxUSfJpUh075BwvVv9Wfn8dK4_BXiJ5H2APyLkC6FtyQQQpWcGT5DBLUKT5YNsya3HWtF5Wv6Ig/w300-h400/201309301328_cmentarz_na_rossie_3i2013-08-07_09-47-53.jpg) |
Помнік на магіле Пелагеі Месамахер (спасылка) |
Комментариев нет:
Отправить комментарий