четверг, 22 ноября 2018 г.

Апошні ашмянскі павятовы маршалак

Аляксандр Антонавіч Дабжынскі (Aleksander Dobrzyński).
Нарадзіўся прыкладна ў 1875 годзе, магчыма ў Адэсе, у сям'і знакамітага пракурора Антона Францавіча Дабжынскага (1844-1897). Вядома, што Аляксандр меў брата Віктара і сястру Вольгу.
Аляксандр Дабжынскі (фотаздымак з сайта bohdanowka.neostrada.pl)
Прыкладна ў 1890-ых гг. Дабжынскія набылі ў Ашмянскім павеце маёнтак Лоша з фальваркам Устрань (каля Астраўца), а таксама маёнтак Багданаўка з фальваркам Пярлова Гара (каля Крэва).

З "Памятных кніжак" можна даведацца, што Аляксандр Дабжынскі працяглы час выконваў абавязкі земскага начальніка 3-га ўчастка Ашмянскага павета (узгадваецца ў кніжках за 1905-13 гг.).

А 9 верасня 1913 г. Дабжынскі быў прызначаны ашмянскім павятовым прадвадзіцелям дваранства (маршалкам). 
З газеты "Виленскія губернскія вѣдомости" 21.09.1913 №75
Трэба адзначыць, што Дабжынскі быў католікам, а пасля паўстання 1863-64 гг. на гэтай пасадзе былі толькі праваслаўныя (акрамя Мацвея Ахматовіча, які быў магаметанінам).

Адначасова Дабжынскі выконваў абавязкі старшыні павятовага з'езда, павятовай землеўпарадкавальнай камісіі і гарадскога дабрачыннага таварыства.

Але быў маршалкам ён нядоўга, бо хутка пачалася 1-ая сусветная і Дабжынскі адправіўся на вайну. А сям'я яго з'ехала ў Адэсу да родных жонкі.

І толькі ў 1922 г. яны вярнуліся ў свой маёнтак Багданаўка. 

Пасля вяртання Аляксандр быў абраны прэзідэнтам Саюзу Зямян (Związku Ziemian) і  выконваў гэту функцыю да сваёй смерці.

Жонкай Аляксандра была Марыя з Балінскіх, якая пражыла каля ста гадоў (памерла ў 1986 г.). Мелі яны 5 дзяцей: Софія (1910-1997), Усевалад (1912-1983), Вацлаў (1919-?), Алена? і Ірына (1926-2010). Больш інфармацыі пра іх сям'ю можна знайсці на сайце bohdanowka.neostrada.pl

13 чэрвеня 1929 г. Аляксандр Дабжынскі здзейсніў самагубства ў сваім маёнтку Багданаўка. Прычына - нервовы зрыў.
З газеты "Kurjer Wileński" 26.06.1929 №143

Комментариев нет: