вторник, 31 июля 2018 г.

Маёнтак Лэйлубка

Недалёка ад горада Ашмяны (менш чым кіламетр) знаходзіцца былы маёнтак Лэйлубка (іншая назва Стэцкоўшчына). Захаваўся нават сядзібны дом.
Сядзіба (фотаздымак з сайта sindom.by)
Размешчана Лэйлубка на аднайменнай рэчцы, якая з'яўляецца прытокам ракі Ашмянкі. Вёска Лэйлубка знаходзіцца на правым беразе рэчкі, а маёнтак - на левым. 

Тапонім "Лэйлубка" балцкага паходжання і цікава, што ў перакладзе з літоўскай мовы "Liel upe" - гэта "Вялікая рака".

Паводле Літоўскай мэтрыкі за 1690 г. і вопісу ашмянскага дэканата за 1784 г. Лэйлубка знаходзілася ў валоданні ашмянскіх ксяндзоў дамініканаў. У 1798 г. маёнтак належыў Трацэўскаму.

У кнізе "Список волостей и сельских обществ по мировым участкам Виленской губернии 1874 года" адзначана, што Лэйлубка належыла Крычынскаму. Крычынскія - татарскі шляхецкі род, на тэрыторыі Ашмянскага павета Крычынскія валодалі такімі маёнткамі, як Абадзішча, Каськовічы, Ластаі, Папялевічы, Равы і інш.

Інфармацыя аб уладальніках Лэйлубкі, якой падзяліўся Уладзімір Прыхач:
Адным з уладальнікаў Лэйлубкі быў Аляксандр Осіпавіч (сын Османа) Крычынскі. Нарадзіўся ён у 1823 г., быў афіцэрам уланаў расійскага войска, сябрам шляхецкай апекі, земскім суддзёй Ашмянскага павета, выбіраўся у ашмянскае гарадское самакіраванне. Тройчы быў жанаты, ад апошняй жонкі Гэлены з Базарэвічаў меў сына Аляксандра і дачку Гэлену. Па спадчыне маёнтак перайшоў спачатку яго сыну Аляксандру, а пасля яго смерці ў 1905 г. Лэйлубкай стала валодаць дачка Гэлена, якая выйшла замуж за намесніка пракурора Віленскага акруговага суда ў 1923-29 гг. Канстанціна Сулькевіча (1888-1940?). Канстанцін і Гэлена Гозман-Сулькевічы мелі дачку Ніну.

З кнігі Гашкевіча "Віленская губернія..." вядома, что станам на 1903 г., да маёнтка Лэйлубка (Крычынскага) належыла 150 дзесяцін зямлі і 21 жыхар (13 м., 8 ж.), да млына Лэйлубка (Крычынскага) - 20 дзесяцін і 8 жыхароў (4 м., 4 ж.).


Станам на 1931 г., у в. Лэйлубка (Łejłubka) было 12 хат і 63 жыхара, а ў маёнтку 4 хаты і 32 жыхара.

Комментариев нет: