вторник, 16 августа 2016 г.

Першае ўпамінанне пра Ашмяны

Сёння агульнапрызнаным і афіцыяльным годам першага ўпамінання пра Ашмяны з’яўляецца 1341 год. Разгледзім адкуль узялася гэта дата.

У энцыклапедыі “Вялікае князтва літоўскае” пра Ашмяны паведамляецца наступнае:
Упершыню ўпамінаецца ў “Хроніцы літоўскай і жамойцкай” у сувязі з перадачай вял. кн. Гедзімінам (памёр у 1341) яшчэ пры сваім жыцці Віленскага ўдзела з Ашмянскім, Вількамірскім і Браслаўскім паветамі свайму сыну Яўнуту.

У самой “Хроніцы літоўскай і жамойцкай” напісана:
… Евнутови, меншому сыну, в котором ся Гедимин найлЂпше от всЂх сынов кохал, по смерти своей всю зверхность Великого князства Литовского, Руского, Жомойтского над братиею злЂцил и записал, и Вилню мЂсто, столицу Великого князства Литовского, з замками отдал, также Ошмянские, Волкомирские и Браславские отдал ему повЂты.

Заўвагі:

1. Шмат хто блытае год першага ўпамінання з годам утварэння горада. У “Хроніцы” упамінаецца не горад, а павет. Гэта значыць, што ўжо на момант першага ўзгадвання, Ашмяны з’яўляліся цэнтрам павета. З гэтага вынікае, што ўжо на той час Ашмяны былі значным горадам і ўзніклі значна раней 1341 года.

2. Упамінанне не датаванае. Год 1341 узяты як крайняя дата (год смерці Гедзіміна). Гедзімін завяшчаў Віленскі ўдзел Яўнуту яшчэ пры жыцці (тут трэба адзначыць, што смерць вялікага князя была раптоўнай), таму дакладней казаць, што Ашмяны ўзгадваюцца не пазней 1341 г.

3. У некаторых крыніцах (напрыклад у кнізе “Памяць. Ашмянскі раён”) адзначаюць, што ў 1341 г. Ашмяны ўзгадваюцца як замак вялікіх князёў літоўскіх. Але калі ўважліва прачытаць “Хроніку”, то слова замак не адносіцца да Ашмянскага павета.

4. Гэта не першае ўпамінанне пра Ашмяны. Напрыклад, у крыніцах 2-й паловы XIX – пачатку XX ст. у тэкстах пра Ашмяны часта сустракаецца год 1040 (год паходу Яраслава Мудрага на Літву), а ў “Хроніцы Быхаўца” ёсць не датаванная гісторыя пра заснаванне горада Грумпам (глядзі “Легендарны заснавальнік Ашмянаў”). Але ўсе гэтыя ўзгадванні не маюць гістарычнага пацвярджэння.

Комментариев нет: